Вы тут

Джым Дынглі: «Хачу жыць на дзве краіны — Англію і Беларусь»


9-10

Здараецца, лёс зводзіць з пэўнай краінай сыноў зусім іншай зямлі. І яны, здалёк убачыўшы яе хараство, наблізіўшыся і сэрцам адчуўшы прыгажосць унутраную, застаюцца вернымі новай любові. Часам для самой краіны яны могуць адкрыць нешта новае, бо быццам кажуць: «Паглядзі на сябе, ты вельмі асаблівая, ты не падобная да іншых. Я такіх раней не сустракаў і іншых не хачу...»

Так адбылося і з Джымам Дынглі, які аднойчы выпадкова даведаўся пра terra іncognіta — краіну, што знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы, але так мала вядомая гэтай частцы свету. Бліжэй пазнаёміўшыся з яе ўраджэнцамі — беларусамі, што жылі ў эміграцыі ў Вялікабрытаніі, — ён адзначыў для сябе, што гэта вельмі добрыя людзі. Джым прачытаў шмат літаратуры пра Беларусь і знайшоў для сябе яшчэ адну загадку, якая вельмі прывабіла яго, — шматэтнічную і шматаблічную дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае, што калісьці папярэднічала сучаснай краіне. А аднойчы ў Полацку, на канферэнцыі, прысвечанай 500-годдзю з дня нараджэння Францішка Скарыны, ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай-беларускай... Так і сталася, што Дынглі стаў руплівым беларусістам, актыўным удзельнікам англа-беларускага таварыства ў Лондане (нават яго старшынёй у пэўны час). Карэспандэнтка «Звязды» сустрэлася з гэтым брытанцам, каб пагутарыць найперш пра Беларусь.

— Гісторыя вашага знаёмства з нашай краінай многім вядомая. Вы працавалі памочнікам даследчыка ў бібліятэцы ў Вялікабрытаніі і сустрэлі там айца Аляксандра Надсана. Ён і пазнаёміў вас з Беларуссю завочна. Што найбольш прывабіла ў нашай краіне?

— Мяне зацікавіла найперш тое, што дагэтуль я нічога не ведаў пра Беларусь, хоць і скончыў факультэт славістыкі ў Кембрыджскім універсітэце. Пачаў знаёміцца з іншымі беларусамі, чытаць кнігі, і так адкрыў для сябе гэту terra іncognіta. Я знайшоў тут нешта зусім іншае, чым у Расіі, напрыклад. У той час я доўга быў у Маскве, а затым сур'ёзна заняўся вывучэннем Беларусі — і ўбачыў вялікую розніцу, у гісторыі і традыцыях.

— Раскажыце, што гэта за розніца, бо часам самі беларусы яе не бачаць...

— Я ўбачыў тут сумесь культур: праваслаўнай, каталіцкай, іўдзейскай і нават мусульманскай — гэта надзвычай цікава. Мяне вельмі ўразіла ваша гісторыя, тое, як складвалася Вялікае Княства Літоўскае, як яно фарміравалася з розных нацыянальнасцяў, тэрыторый. Гэта ўнікальная з'ява ў гісторыі Еўропы. Калі браць тую ж Расію, дзе таксама шмат народаў, культур, то пачуццё зусім іншае. Там ёсць імперскі дух. Маецца ён і ў Вялікабрытаніі.

— Давайце пагутарым пра асабістае. Ваша жонка — беларуска. Што вы ўпадабалі ў ёй з таго, што можна назваць беларускай рысай?..

— (Смяецца). Яе непасрэднасць і прамалінейнасць — без розных «завіткоў», як у англічан, хаджэння вакол і каля... Увогуле ж я не люблю стэрэатыпы, і тое, што напрыклад, усе беларусы — талерантныя — гэта няпраўда.

— Цікава, у чым праяўлялася прамалінейнасць вашай жонкі? У тым, як яна будавала стасункі з вамі?

— Можа, і так! Мы доўга ліставаліся: яна жыла яшчэ ў Мінску, а я ў Лондане. Аднойчы я прыехаў сюды на маёй машыне, а вярталіся мы ўжо разам. Яна не мела візы ў Германію (тады, у 1991—1992 гг. быў суцэльны хаос), аднак мелася віза ў Англію — без яе было нельга прыехаць.

— Можна сказаць, што ваша жонка вас заваявала?

— У пэўным сэнсе так. Мы сустрэліся ў Полацку падчас канферэнцыі, прысвечанай Францішку Скарыну, у 1990 годзе. Яна (як і вы зараз) брала ў мяне інтэрв'ю. І раптам яна сказала: «Я зраблю вам гарбату, я маю лімон». У той час гэта было вялікай рэдкасцю, і яна так ганарылася тым, што мае лімон. Такім чынам, нашы стасункі пачаліся з гарбаты.

— Наколькі цяжка ёй было прызвычайвацца да англійскага ладу жыцця?

— Найперш трэба было вывучыць мову, яна адразу пайшла на курсы. Аднак англійскай авалодала вельмі хутка. Прычым настолькі добра, што цяпер выкладае англійскую мову як замежную.

— Прызнайцеся, ці не было калі-небудзь думкі пераехаць жыць у Беларусь?..

— Такая думка ёсць. У Мінску, у раёне Зялёнага Луга мы маем кватэру. Мая жонка Эля зрабіла там капітальны рамонт, і цяпер можна ў ёй жыць. Аднак ёсць адна вялікая праблема: яна не грамадзянка Беларусі. Бо ў 1990-х гадах яна прыняла англійскае падданства — да таго, як з'явіўся закон пра двайное грамадзянства. Таму нешта прыдумаць можна, але гэта не тое пачуццё, як калі б яна мела беларускі пашпарт. Акрамя таго, я не хацеў бы жыць у Мінску цэлы год. Адзіным магчымым варыянтам бачу жыццё на дзве краіны — Англію і Беларусь.

— Чаму з'явілася гэта жаданне пераезду?

— Бо я калі і не закахаўся ў Беларусь, то яна мне вельмі падабаецца. Яна мне даспадобы больш, чым мая радзіма. Англію я ўжо не адчуваю сваёй краінай, там шмат што змянілася. Я бачу сябе ў Беларусі. Я маю тут нашмат больш сяброў, чым там. Да таго ж тут вельмі шмат цікавага адбываецца. Напрыклад, мне вельмі падабаецца Купалаўскі тэатр, і канцэрты добрыя часам праходзяць... Я жыву не ў самім Лондане, а ў горадзе ля мора. Там вельмі прыгожа, але няма амаль ніякіх культурных устаноў. Дзеці выраслі, сталі незалежнымі, таму ў Англіі нас больш нічога не затрымлівае.

— Я чытала, што адна з вашых дачок размаўляе па-беларуску...

— Яна разумее. Але размаўляе лепш па-руску. У верасні гэтага года яна прыедзе сюды на тры месяцы — займацца рускай мовай на факультэце міжнародных адносін БДУ.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

У Лондане ёсць Беларуская бібліятэка імя Францыска Скарыны. Калісьці яе заснавалі святары Чэслаў Сіповіч і Аляксандр Надсан. Джым Дынглі з'яўляецца адным з членаў апякунскай рады бібліятэкі. Ён падзяліўся сваімі думкамі пра яе далейшы лёс:

— Бібліятэка мае статус дабрачыннай установы. Па англійскім законе гэта азначае, што сам будынак і тое, што ў ім, — уласнасць сяброў апякунскай рады, кожнага асабіста і ўсіх разам. Таму такога, каб нешта прадалі або яно знікла, быць папросту не можа. Пасля смерці айца Аляксандра Надсана ў бібліятэцы ніхто не жыве, але трэба дбаць, каб яна была адчыненая для чытачоў. Мы прынялі рашэнне, што сябры апякунскай рады будуць дзяжурыць у бібліятэцы на працягу 4-х гадзін па суботах. У іншы час ёй таксама можна скарыстацца, па папярэдняй дамоўленасці.

Сябры апякунскай рады распачалі працу і па алічбаванні калекцыі — каб зрабіць унікальныя матэрыялы даступнымі для шырокага кола чытачоў. Часопісы «Зніч» і «Божым шляхам» ужо ёсць у электронным выглядзе. Наступны крок — стварэнне электроннага каталога. Абмяркоўваецца таксама магчымасць выдачы кніг на дом: у Лондане досыць вялікая беларуская супольнасць, маецца нядзельная школа.

Дынглі адзначае, што наступная сустрэча апякунскай рады бібліятэкі ў Лондане прызначана на 12 верасня.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.