Вы тут

Экскурсія з відовішчам


Гледачы патрабуюць гульні і эмоцый.

Чым ажывіць звычайны аповед гіда, ці ёсць сярод экскурсаводаў плагіят, колькі часу ствараюць тэатралізаваныя экскурсіі і якія для іх самыя цікавыя месцы ў Беларусі? Аб гэтым і не толькі карэспандэнту «Звязды» распавёў Яўген АПАНАСЕВІЧ, намеснік генеральнага дырэктара «Беларустурыста», экскурсавод і стваральнік анімацыйных праграм.

9-9

— Я пачаў праводзіць экскурсіі з 2003 года, — узгадвае наш суразмоўца, які гідам аб'ездзіў літаральна ўсю Беларусь. — Сам паходжу з-пад Будслава, а таму, зразумела, першых турыстаў пачаў вадзіць па славутым касцёле. Усё рабілася бясплатна. Я тады нават не марыў пра тое, што мая праца ў будучыні будзе звязана з турызмам. Гідаў і турыстаў тады было няшмат. Спачатку я проста адчыняў дзверы ў храм, заводзіў групу, яны глядзелі інтэр'ер, а я з імі гутарыў. Ужо пасля пачаў сур'ёзна рыхтавацца, і многія непасрэдна тэлефанавалі ў касцёл і прасілі, каб я правёў для іх экскурсію.

[caption id="attachment_86787" align="alignnone" width="600"]Яўген Апанасевіч (у цэнтры)  запэўнівае: анімацыя запатрабавана ў Беларусі. Яўген Апанасевіч (у цэнтры) запэўнівае: анімацыя запатрабавана ў Беларусі.[/caption]

 

— Вам сумна на экскурсіях не было?

— Упершыню сумна стала тады, калі паехаў дапамагаць у Будслаў яшчэ аднаму экскурсаводу. Па дарозе слухаў гіда, стала сумна, і я пачаў засынаць. Магчыма, на той момант не хапала спецыялізаванай літаратуры, і таму экскурсавод казаў літаральна усё, што ведаў: пра плошчу раёнаў, якія мы праязджаем, пра лясы, кветкі і дзікіх звяроў... Аднак цэласнай гісторыі я не пачуў. Я бачыў рэакцыю астатніх турыстаў: ім было цікава разглядаць краявіды, але інфармацыя ад гіда праходзіла бокам. Як можна праводзіць экскурсію, калі ты не бачыш вочы, не адчуваеш рэакцыю турыстаў?! Гэта тое самае, калі б настаўнік увесь урок сядзеў бы спінай да вучняў, глядзеў на дошку і нешта распавядаў. Прыкладна так для мяне выглядала тая экскурсія. І таму я вырашыў, што калі сам буду вазіць экскурсіі, усё будзе крыху інакш.

— У гэтым сэнсе анімацыю можна лічыць рэанімаваннем класічнай экскурсіі?

— Напэўна, але гэта і добры дадатак да яе. Між іншым, кожны анімацыі дае сваё азначэнне. Мне падабаецца яе называць тэатралізаванай экскурсіяй. У анімацыі задзейнічана мала прафесійных акцёраў, але ўсё роўна гэта тэатр, хоць і аматарскі. Галоўнае адрозненне ў тым, што ў звычайным тэатры людзі — гледачы, а ў нас яны яшчэ і ўдзельнікі. Хоць у анімацыі таксама прысутнічае гульня, эмоцыі, якія перадаюць гледачам. Самае галоўнае, каб анімацыя раскрывала тэму экскурсійнага маршруту. Напрыклад, у нас распрацавана экскурсія «Шляхецкі радавод», дзе героі ў прыгожых адноўленых касцюмах з першага пункта праз сцэнкі пачынаюць усё тлумачыць.

Цяпер мы ўжо маем магчымасць наведаць адрэстаўраваныя Мір і Нясвіж, Залессе, а раней маглі пабачыць толькі руіны ці зачыненыя дзверы, а людзям хацелася большага. Таму анімацыя нават пры зачыненых дзвярах давала самае галоўнае: чалавек бачыў, што тут адбывалася ў мінулым. Між іншым, добры вопыт пры стварэнні анімацыі дала гістарычная рэканструкцыя, якой займаюся ўжо 10 гадоў.

— Калі не памыляюся, самыя вядомыя беларускія пункты з анімацыяй — гэта тыя ж Нясвіж, Мір, Ліда, Наваградак, Мінск...

— З гэтага шэрагу вылучу Ліду, дзе Генадзь Конан разам з рыцарскім клубам у замку ствараюць удалыя тэатралізаваныя імпрэзы. Самая вядомая з іх — «Вяселле караля Ягайлы». Адзначу таксама Любчу і Наваградак. Шмат анімацыйных праграм звязана з Крэвам, Ракавам і Гальшанамі, Івянцом і Заслаўем.

— Ведаю, працэс абкаткі праграмы вельмі марудны.

— Так, бо сцэнар, які нараджаецца адразу, можа некалькі разоў перарабляцца. Можа прайсці некалькі рэпетыцый, аднак пакуль не паедуць турысты, усё канчаткова не вырашыцца. Людзі ж таксама розныя. У адной з анімацый ёсць сцэна арышту шляхціча. Нехта з турыстаў актыўна ўключаецца ў працэс і пачынае яго адбіваць, абараняць, а нехта проста стаіць збоку і маўчыць.

— У фінансавым пытанні звычайная экскурсія больш прывабная, чым анімацыя. Тым больш сёння, калі людзі грошы эканомяць.

— Але яны запатрабаваныя. Раней людзі ездзілі не столькі паглядзець на нейкі аб'ект, колькі дзеля таго, каб сустрэцца з сябрамі, пасядзець на палянцы, павячэраць і пагудзець...Цяпер падобнае многім надакучыла, маўляў, я такое і дома магу зрабіць. Цяпер ладзяцца даволі захапляльныя экскурсіі, і многія хочуць іх наведаць. А што тычыцца коштаў, нядаўна нашым суайчыннікам замнога было аплачваць у рэстаране чэк на 200-300 тысяч. Прыблізна такія ж грошы будзе каштаваць анімацыя. Многія прыкідваюць і вырашаюць замест таго, каб у выхадны схадзіць у карчму, з'ездзіць у цікавую вандроўку з анімацыяй, цікавымі гісторыямі, музыкамі і пачастункам.

— Анімацыю праводзяць пераважна для беларусаў?

— Не толькі. Да нас прыязджалі і літоўцы, палякі, расіяне. І вось для замежнікаў трэба рабіць нешта іншае, чым для сваіх. Зразумела, патрыятызм павінен прысутнічаць, але не ўсе госці могуць зразумець нашу гісторыю. Яе да іх трэба даносіць так, каб не крыўдзіліся, каб ім было цікава. Бо ёсць выпадкі, калі экскурсаводы рэжуць праўду-матку, а пасля скардзяцца, што іх не слухаюць. Ёсць экскурсія «Мінск: гісторыя ў асобах». Дык вось на ёй турыст з суседніх краін можа ўбачыць і адрозненні ад беларусаў, і падабенствы. Тлумачым рускім, што такое Магдэбургскае права, расказваем пра шляхту. У многіх з іх шляхта асацыюецца выключна з Польшчай. Прыходзіцца даводзіць, што яна была і на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і ў Славакіі. Пасля гэтага пачынаюць ужо нешта разумець. Цікавы выпадак быў з італьянцамі. Падчас адной сцэнкі, прысвечанай камуністычнай старонцы нашай гісторыі, хлопчык-аніматар узняў над галавой молат, а дзяўчынка — серп. І ім гэта спадабалася, бо ў Італіі таксама ведаюць, што такое сацыялізм.

— Праблем, напэўна, і ў анімацыі хапае?

— Яны ёсць. У тым ліку — недахоп кадраў. За час правядзення тэатралізаваных экскурсій у Беларусі ўжо змянілася некалькі складаў аніматараў. Шмат з іх — студэнты. Праўда, многія сталеюць, ствараюць сем'і. Людзі разумеюць, што анімацыяй зарабляць можна, аднак гэта пераважна сезонная праца. Як зімой, напрыклад. Пайшоў снег — будуць заяўкі, паліў дождж — нічога не будзе. Праблема застаецца і ў разуменні людзьмі таго, што кошт экскурсіі з анімацыяй адэкватны таму, што вы ўбачыце. Тым больш, калі ў ёй задзейнічана 5-6 аніматараў, кіроўца аўтобуса, музыкі, гід — стваральнік праграмы.

— Яўген, а ці можна ў Беларусі неяк запатэнтаваць праграму экскурсіі, каб ёй не скарыстаўся канкурэнт?

— На жаль, аўтарскае права на гэта ў нас не распаўсюджваецца. Я насамрэч магу зрабіць любую анімацыю, якую ствараюць мае сябры. Толькі навошта? Пэўныя элементы паўтараюцца, аднак экскурсія мусіць быць аўтарскай. Хоць сапраўды ў нас ёсць кампаніі, якія падглядаюць за намі, а пасля на іх сайтах мы бачым амаль цалкам скапіяваныя нашы праграмы. Плагіят прысутнічае, але што з ім зробіш?

Тарас ШЧЫРЫ

Мясціны, якія варта наведаць

— Я параю з'ездзіць на Палессе, на Піншчыну, у Кудрычы. Асабліва ў час, калі разліваюцца рэкі. Менавіта ў гэты момант можна зразумець, што такое мора Герадота. Калі наведаў тыя мясціны, яшчэ лепш зразумеў твор «Людзі на балоце» Івана Мележа.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.