Вы тут

З Мулявіным у сэрцы


Уладальніца гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў Таццяна Валахановіч узгадавана на творчасці «Песняроў».

Безимени1

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, які штогадова праходзіць у Маладзечне (раней адбываўся раз на два гады), — гэта сапраўдная з'ява ў беларускай культуры. Бо ўвага тут скіравана найперш на нацыянальнае — створанае намі і пра нас.
І калі такія песні гучаць з вялікай прыгожай сцэны амфітэатра — сваёй культурай пачынаеш ганарыцца яшчэ больш...

«Беларусь незалежная ў песнях і вершах»

Напярэдадні адкрыцця міністр культуры Барыс Святлоў адзначыў:

— Фестываль у Маладзечне мае вялікае значэнне ў сістэме культурных мерапрыемстваў нашай краіны. Мы, безумоўна, імкнёмся да таго, каб кожны фестываль быў непаўторным, меў свой асаблівы характар. Аднак форум у Маладзечне скіраваны менавіта на нацыянальную культуру, што надзвычай важна.

Сёлета на фестывалі быў сапраўдны аншлаг. На канцэрт-адкрыццё «Беларусь незалежная ў песнях і вершах» квіткі былі распрададзены яшчэ за два тыдні да пачатку. І прыходзілі сюды не толькі маладзечанцы: пасля поўначы (як завяршыўся канцэрт і салют) шматлікія аўтобусы і машыны раз'язджаліся з горада ў розных напрамках... На іншых канцэртах таксама вольных месцаў амаль не было. Бачна, што беларуская песня сёння запатрабаваная і цікавая слухачу.

Перад арганізатарамі канцэрта стаяла няпростая задача — вызначыць найлепшыя песні за больш чым 20 гадоў беларускай незалежнасці. Распачалася імпрэза песняй «Прыязджайце да нас у Беларусь», якую выконвалі Анатоль Ярмоленка і кампазітар Алег Елісеенкаў (акампаніраваў на акардэоне). Гледачы надзвычай жыва падтрымалі гэты твор, падпявалі і прытанцоўвалі ў такт музыцы.

Яшчэ адзін эксперымент гэтага года — гэта запрошаныя артысты драматычных тэатраў, якія са сцэны чыталі вершы класікаў. Павел Харланчук-Южакоў, Валянціна Гарцуева, Алена Дуброўская, Андрэй Новікаў разам прачыталі «Дзе мой край» Уладзіміра Караткевіча, выконвалі яны і некаторыя іншыя творы. Можна па-рознаму ацэньваць такую спробу. З аднаго боку, прыемна было бачыць артыстаў найлепшых беларускіх тэатраў. З іншага, хацелася б, каб хтосьці з сучасных паэтаў займеў магчымасць выступіць перад амаль 3-тысячнай аўдыторыяй, на асветленай сафітамі шыкоўнай сцэне...

«Красуй, Беларусь»

Аднак паэтам на фестывалі таксама было адведзена значнае месца. Паэтычная гасцёўня пад назвай «Красуй, Беларусь» прайшла ў Палацы культуры горада. Мікола Шабовіч, Віктар Шніп, Анатоль Зэкаў, Дзмітрый Пятровіч, Таіса Трафімава, Таццяна Атрошанка і многія іншыя дзяліліся з прысутнымі сваімі паэтычнымі творамі і бачаннем свету.

Паэт Навум Гальпяровіч, які вёў імпрэзу разам з галоўным рэдактарам штотыднёвіка «ЛіМ» Таццянай Сівец, адзначыў, што выступленне кагосьці з паэтаў на вялікай сцэне насамрэч стала б яскравай з'явай. Аднак для гэтага трэба не толькі мець добрыя вершы, але і ўмець іх прыгожа падаць — прачытаць. Сярод магчымых «прэтэндэнтаў» на такі выступ ён вылучыў Алеся Бадака, які не толькі піша пранікнёныя тэксты, але і ўдала дэкламуе сваю творчасць.

«Ля вытокаў — класіка...»

Заснавальнікам фестывалю, які распачаўся ў 1993 годзе, з'яўляецца прафесар Міхаіл Фінберг. Ад самага пачатку фестывалю і да сённяшніх дзён ён з'яўляецца актыўным арганізатарам, штогадова прыязджае сюды са сваім аркестрам. Маэстра таксама звярнуў увагу на тое, што нацыянальныя паэзія і музыка вельмі ўзаемазвязаны:

— За гады фестывалю мы выхавалі новае пакаленне слухачоў і выканаўцаў на беларускай эстрадзе. Цудоўныя кампазітары — Ігар Палівода, Валерый Іваноў, Эдуард Зарыцкі і многія іншыя — пісалі свае творы; ствараліся новыя аранжыроўкі. І мы з гонарам можам сказаць, што маем сёння сапраўднае суквецце беларускай музыкі. А ўсё таму, што паэзія Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча, Адама Міцкевіча, Адама Русака і многіх іншых (усяго 38 класічных беларускіх паэтаў) проста не маглі нас не хваляваць, не прыцягваць, не натхняць на стварэнне новых праграм...

Талент з Энергетыка

Пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга ўжо традыцыйна праходзіць і конкурс маладых выканаўцаў. Гэта адзін з надзвычай важных этапаў фестывалю, бо на ім маладое пакаленне пераймае традыцыю спяваць беларускія песні, бо менавіта тут запальваюцца новыя беларускія зорачкі...

Сёлета ўладальніцай гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў і спецыяльнага прыза імя Уладзіміра Мулявіна (хрустальнай статуэткі ў выглядзе гітары) стала прадстаўніца Мінскай вобласці Таццяна Валахановіч. Першае месца заняў Мікіта Касцюкевіч з Мінска, які цяпер з'яўляецца салістам Маладзёжнага тэатра эстрады і абноўленага ансамбля «Верасы». Другое месца раздзялілі прадстаўнікі Брэсцкай вобласці Андрэй Цямчык і Лізавета Войтуль. На трэцяй прыступцы разам апынуліся прадстаўнік Гродзенскай вобласці Яўген Захарка і мінчанін Дзмітрый Нікіцін.

9-27

Уладальніца гран-пры Таццяна Валахановіч падзялілася з карэспандэнтам «Звязды» сваімі эмоцыямі:

— Для мяне гэтая перамога асабліва важная, бо я вельмі люблю «Песняроў». Уладзімір Мулявін — незвычайны чалавек у беларускай культуры, бо, з'яўляючыся ўраджэнцам Свярдлоўска, ён стаў першым, хто прасунуў беларускі фальклор і беларускую мову на эстраду. Гэта вельмі значная фігура. Таму трымаць у руках прыз, які носіць яго імя, для мяне надзвычай каштоўна.

Варта дадаць, што ў Мінскім каледжы мастацтваў (які дзяўчына скончыла з адзнакай) яе дыпломная праца таксама была прысвечана творчасці Уладзіміра Мулявіна. Цяпер маладая спявачка вучыцца на другім курсе Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Эстрадны вакал» (завочнае аддзяленне). А працуе яна па размеркаванні ў пасёлку Энэргетык Дзяржынскага раёна, дзе кіруе вакальнай студыяй, у якой вучыць спяваць дзетак з 5 гадоў.

Дарэчы, з Энергетыка хварэць за Таццяну прыехала вялікая група падтрымкі. Яны цярпліва чакалі сваю пераможцу, пакуль тая пагутарыць з журналістамі, і ўжо далёка пасля поўначы шчыра адорвалі абдымкамі, віншаваннямі і кветкамі...

«Пры любым раскладзе я не спынюся...»

Хтосьці можа падумаць, што заваяванне гран-пры — гэта часткова шанцаванне. Аднак, пагутарыўшы з выкладчыцай сёлетняй пераможцы — кампазітарам Аленай Атрашкевіч, стала зразумела, што за гэтай удачай стаіць вялізная праца.

Рыхтавацца да конкурсу ў Маладзечне яны пачалі за год. Спачатку прадумалі вобраз — чым будуць здзіўляць журы і гледачоў. Спецыяльна для Таццяны кампазітар напісала песню на словы Людмілы Войнавай і Таісы Трафімавай. Атрымаўся эстрадны раманс. І тое, як пранікнёна яго выканала спявачка, адразу выдзеліла яе сярод іншых удзельнікаў.

Другая песня таксама была напісана адмыслова для канкурсанткі. Гісторыя з'яўлення гэтага твора ў нечым асаблівая. 10 гадоў таму паэт Мікола Шабовіч падарыў Алене Атрашкевіч свой зборнік. Калі пачалі рыхтавацца да конкурсу і шукаць песню, кампазітар прынесла спявачцы гэтую кнігу і параіла самой пачытаць — раптам нешта закране душу... І яны знайшлі два прыблізна ў адзін час напісаныя вершы. Калі злучылі іх, атрымалася гісторыя, напісаная зразумелай мовай, але і з пэўнай загадкай... Каб гледачу можна было самому дадумаць: спявачка пакутуе ці яна ўсё-такі шчаслівая ў гэтых пакутах?..

Пасля стварэння кампазіцый яны яшчэ доўга «шліфавалі» іх выкананне. Ёсць і свае вакальныя «фішачкі», якія, праўда, раскрываць не сталі. Кампазітар Алена Атрашкевіч дадала:

— Новая беларуская эстрада патрабуе таго, каб на сцэну выходзілі адукаваныя музыкі. Мы змагаліся не за гран-пры, а за радасць паказаць сябе на сур'ёзнай маладзечанскай сцэне. Нам вельмі хацелася б, каб былі роўныя па сілах супернікі і каб іншыя канкурсанты, безумоўна таленавітыя, не здаваліся, а працягвалі ісці наперад. Сёння перамагла Таццяна Валахановіч, але заўтра кожны з іх можа аказацца на яе месцы... Атрымаць вікторыю Таццяне дапамаглі ўпартасць, жаданне дамагчыся выніку, нягледзячы на тое, здаровы ты ці хворы, спрыяе ўдача або не, як цябе бачыць журы... Мне здаецца перамагае той, хто аказваецца на некалькі галоў вышэйшым за свайго суперніка... Таццяна вельмі ўдумлівая: працуючы над песнямі, яна разважае над кожным словам. Яна не з тых дзяўчат, што, атрымаўшы гран-пры, будуць казаць: «Я ўжо зорка, я ўсяго дасягнула». Яна будзе і далей працаваць над сабой, гэта дакладна.

Кампазітар па сакрэце расказала карэспандэнту «Звязды», што, калі журы пайшло раіцца і падводзіць вынікі, Таццяна даслала ёй sмs-паведамленне з такім тэкстам: «Пры любым раскладзе я не спынюся. Я буду працаваць далей. Я шчаслівая, што была на гэтай сцэне».

Дарэчы, у мінулы раз гран-пры конкурсу ў Маладзечне атрымала іншая выхаванка Алены Атрашкевіч — Аліна Молаш. Відавочна, мы маем справу з новай выдатнай школай падрыхтоўкі беларускіх артыстаў, і стварэння прыгожых песень таксама, бо іх у скарбонцы Алены Атрашкевіч надзвычай шмат.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Маладзечанскі раён.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».