Вы тут

Лепш смерць, чым паўната?


Пунктуальнасць, педантызм, упартасць у дасягненні мэт, стараннасць, акуратнасць, хваравітае самалюбства, коснасць, цвёрдасць, бескампраміснасць, а яшчэ схільнасць да звышкаштоўных ідэй і істэрычных праяў — тыя рысы характару, якія найчасцей сустракаюцца ў хворых на нервовую анарэксію. Як у любым псіхічным захворванні, тут шмат да канца не вывучанага, аднак паспрабуем разабрацца хаця б з тым, што ўжо вядома. У падлеткавым узросце адно абразлівае слова ў бок «таўстухі» ці «таўстуна» можа стаць той апошняй кропляй, якая запусціць паступовае развіццё паталогіі, звязанай са свядомым, упартым абмежаваннем або поўнай адмовай ад ежы дзеля пахудзення.

9-22

— Наогул ва ўзнікненні ўдзельнічаюць і пэўныя біялагічныя, і псіхалагічныя моманты, — тлумачыць урач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Інга СВЯТОШЧЫК. — Нярэдка кроўныя сваякі такіх хворых маюць іншыя псіхічныя захворванні, напрыклад алкагалізм, або розныя анамаліі характару. Дзяўчаты хварэюць часцей за юнакоў, а юнакі значна горш паддаюцца лячэнню. Часцей нервовая анарэксія сустракаецца ва ўзросце 14-18 гадоў, хоць бывае і ў тых, каму 20-28.

Два тыпы харчовых паводзін пры нервовай анарэксіі могуць назірацца ў аднаго і таго ж чалавека ў розныя адрэзкі часу. Першы тып — абмежавальны, калі валявым намаганнем вытрымліваецца найстражэйшая дыета, пост, галаданне. Другі тып — ачышчальны, калі да гэтых абмежаванняў «далучаецца» некантраляванае пераяданне з абавязковым ачышчэннем (выкліканне ванітаў, прыём слабіцельных сродкаў).

Адмова ад ежы для такога хворага — звышкаштоўная ідэя пазбавіцца «пачварнага дэфекту» або не дапусціць яго. Пры гэтым свае думкі аб лішняй вазе, імкненне пахудзець усяляк утойваюцца. З самага пачатку блізкія могуць нават не заўважыць эпізадычныя абмежаванні ежы. Падлетак можа выдаляць толькі тыя прадукты, якія здаюцца самымі каларыйнымі, спажыўнымі. Далейшая карэкцыя становіцца ўсё больш упартай. Апетыт яшчэ не страчаны, а таму ўстрыманне ад ежы — гэта пакутлівая барацьба з голадам. Дарослыя ўжо заўважаюць «не тое» і спрабуюць прымушаць дзіця есці, аднак на дапамогу анарэксіку прыходзіць хітрасць — ежа хаваецца, выкідаецца або пасля ежы правакуюцца ваніты, прымаюцца паслабіцельныя сродкі. Імкненне галадаць узрастае па меры змяншэння вагі. Чым больш страчваецца вага, тым больш скажаецца ўспрыманне свайго цела. Змяняецца і самаацэнка, якая вельмі цесна звязваецца са здольнасцю адмаўляцца ад ежы і дасягаць страты вагі. Менавіта страта вагі разглядаецца як прыкмета паспяховасці, самадысцыпліны, а павелічэнне яе — як няўдача і страта самакантролю.

Хворыя імкнуцца таксама да няспыннай фізічнай актыўнасці. Займаюцца гімнастыкай, бегаюць, ахвотна выконваюць любую хатнюю працу, якая патрабуе фізічнай нагрузкі, менш ляжаць і нават урокі робяць, перасоўваючыся па пакоі. Дзяўчаты пачынаюць насіць толькі тое адзенне, што не «таўсціць», сцягваюць талію. Нягледзячы на вялікую нелюбоў да паўнаватых людзей, тым не менш многія любяць гатаваць, карміць малодшых братоў і сясцёр.

Урэшце захворванне прыводзіць да таго, што маса цела зніжаецца на 10-50 працэнтаў ад зыходнай. Скура становіцца бледнай, сухой, пачынае лупіцца. Рукі-ногі пастаянна халодныя, з'яўляюцца неўралагічныя парушэнні, гіпавітаміноз, брадыкардыя, гіпатэнзія, запоры, боль у жываце пасля яды, у дзяўчат — аменарэя, узмоцнены рост валасоў на целе, у юнакоў — гіпаплазія палавых органаў, фемінізацыя.

Фактычна кожны пяты выпадак нервовай анарэксіі заканчваецца смерцю з-за знясілення і парушэння абмену электралітаў. У палове выпадкаў захворванне прыводзіць да самагубства: эмацыянальнае расстройства спрыяе таму, што смерць становіцца лепшым выбарам у параўнанні з павелічэннем вагі.

— Анарэксію лечаць пераважна амбулаторна, аднак пры ўпартай адмове ад ежы хворых шпіталізуюць, — кажа Інга Святошчык. — Тэрапія будзе ўключаць лекі для карэкцыі дэфіцыту жалеза і цынку, антыдэпрэсанты. У стацыянары прызначаюць каларыйнае харчаванне, у цяжкіх выпадках — унутрывеннае. Ёсць выпадкі, калі выздараўленне аказваецца немагчымым, паколькі размова ідзе пра значныя зрухі ў псіхіцы, думках і паводзінах. У любым выпадку хвораму неабходна не толькі аднаўленне вагі і вяртанне да здаровага ладу харчавання, але і псіхатэрапія, змена стэрэатыпаў. Ідэальна, калі гэта будзе сямейная тэрапія.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.