Вы тут

Мова кветак, ці Ноч у магнатаў


9-11

— Кветкі! Кветкі для гаспадыні гэтага дома Ганны!

— Што я бачу? Маёй жонцы перадаюцца кветкі, прычым у мяне на вачах. Хто асмеліўся? Граф Антоній Тызенгаўз? Я патрабую сатысфакцыі! Тут і цяпер. Шпагі ці пісталеты?

— Я аддаю перавагу шпагам.

Такой інсцэніроўкай распачалася музейная ноч «Таямніцы старых камяніц» у палацы другой паловы XVІІІ стагоддзя, які належаў Ганне і Каралю Храптовічам — прадстаўнікам аднаго з самых уплывовых магнацкіх радоў. А наступным гаспадаром палаца стаў гарадзенскі стараста, славуты рэфарматар Антоній Тызенгаўз. Цяпер у гэтым будынку размяшчаецца Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, дзе быццам і сустрэліся былыя ўладальнікі палаца, прычым у даволі канфліктнай сітуацыі. І з-за чаго?

Аказваецца, Караль Храптовіч няправільна зразумеў... мову кветак, кожная з якіх мае нейкую сімволіку, значэнне. З гэтага пункту гледжання ў кветкавым кошыку ад графа Тызенгаўза гаспадыні палаца нічога зняважлівага для мужчынскага гонару Храптовіча не мелася. Што і патлумачыла каханаму Ганна, спыніўшы скрыжаванне шпаг.

Затым з мовай кветак знаёміліся цяперашнія дамы і кавалеры — госці музея. З дапамогай прафесійных фларыстаў мужчыны складалі букеты для жанчын, пасля чаго тлумачыўся «сэнс» кожнай кветкі. Напрыклад, валошкі сімвалізуюць далікатнасць і прыгажосць, ружы без шыпоў — каханне з першага погляду, блакітныя фіялкі — лаяльнасць і вернасць. А вось жоўтыя хрызантэмы «намякаюць» на адвергнутае каханне. Усе пары ў падарунак атрымалі, зразумела, кветкі, а складальніка найлепшага букета вызначылі па гучнасці апладысментаў гледачоў.

Далей музейшчыкі пазнаёмілі сваіх гасцей з выставай калег з Віцебскага абласнога краязнаўчага музея «Масонская калекцыя знакаў і сімвалаў XVІІІ-XІX стагоддзяў» Вацлава Федаровіча, бо гэтая тэма датычыцца і былых уладальнікаў палаца: масонамі былі Антоній Тызенгаўз і Ігнат Ляхніцкі. А артысты Гродзенскага абласнога тэатра лялек паказалі пасяджэнне «масонскай ложы», дзе майстар і два яго вартавыя (старшы і малодшы) прымалі вучня ў сваё брацтва. Рытуальная цырымонія завяршылася масонскай песняй.

Вельмі захапляльнай была і тэатралізаваная экскурсія па музеі. З гісторыяй хрысціянства і славутымі асобамі нашай мінуўшчыны знаёмілі маладыя людзі ў гістарычных касцюмах, якія быццам пераўвасобіліся ў святую велікамучаніцу Варвару, Давыда Гарадзенскага, Францішка Скарыну, святога Казіміра, Еўфрасінню Полацкую... І зноў жа — мова кветак. Напрыклад, белая лілея ў руках Еўфрасінні Полацкай — гэта як сімвал яе жыццёвага шляху, вечнай нявіннасці, чысціні і велічнасці.

Потым дзейства «музейнай ночы» перамясцілася з палаца да іншых гістарычных аб'ектаў па суседстве. У будынку вялікай харальнай сінагогі, адноўленым дзякуючы мецэнацтву групы кампаній «ЗОВ» і іншых гродзенскіх прадпрыемстваў, адбыўся канцэрт класічнай музыкі. А каля пажарнай каланчы можна было палюбавацца на сярэднявечныя танцы, вогненнае шоу і святлогукавую імпрэзу «Гісторыя старой вежы» з праекцыяй на будынак каланчы. Свята завяршылася музычнай кампазіцыяй у выкананні трубачоў — супрацоўнікаў абласнога ўпраўлення МНС.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.