Вы тут

Нізкі паклон, землякі!


Як адна маленькая вёска набыла сваё ўнікальнае свята.

«Гэта ж аднакласніца мая! Вітаю!» — сівавалосы мужчына падыходзіць да кампаніі жанчын, па чарзе цісне ім рукі і абдымае. На падворку каля бібліятэкі-музея народнай творчасці і побыту вёскі Леванова, што на Барысаўшчыне, расстаўлены лавы, для ганаровых гасцей стаіць стол з хлебам-соллю і кошыкам з печанымі хрушчамі. Наўкол няма мармуровых сцен і чырвоных дывановых дарожак, замест іх — высокія бярозы ды сакавітая трава пад нагамі, але такая па-сялянску простая гасціннасць прываблівае сваёй непадробнай шчырасцю і душэўнасцю. Пад музыку ансамбля «Песняры», што гучыць з калонак, людзі вітаюцца, заводзяць размовы. Сёння іх тут сабралася шмат. Такое, напэўна, бывае хіба што на Радаўніцу ды ў гэтыя чэрвеньскія дні, калі сюды прыязджаюць землякі-леваноўцы з усёй Беларусі, а здараецца — і замежжа.

[caption id="attachment_86864" align="alignnone" width="600"]Міністр інфармацыі Лілія Ананіч уручае падзяку Марыі Несцяровіч, якая была ініцыятарам свята. Міністр інфармацыі Лілія Ананіч уручае падзяку Марыі Несцяровіч, якая была ініцыятарам свята.[/caption]

Калісьці леваноўскія землі належалі царскай сям'і Раманавых. У 1885 годзе іх узяў у арэнду Вінцусь Паўлюс, які заснаваў хутар Левая Нова. На Беларусі нямала вёсачак з падобным лёсам, але Леванова — асаблівая. Менавіта адсюль выйшла ў свет мноства вядомых, таленавітых, мэтанакіраваных людзей. І вельмі ўсцешна, што яны не забываюць свой край.

Вяскоўцы ўспамінаюць часы, калі ў Леванове бруіла жыццё. Тут была вялікая школа, мясцовы клуб ніколі не пуставаў, хаты былі поўныя моладдзю і малечай. Цяпер жа ўсё тут ажывае хіба ўлетку, калі да старых вяскоўцаў на канікулы і ў адпачынкі прыязджаюць дзеці, унукі і праўнукі.

«Шаноўныя землякі, займайце месцы!» — тым часам запрашае ў мікрафон адна з удзельніц мясцовага песеннага клуба «Субацея». Гурт заводзіць песню «С чего начинается Родина», пад гукі якой леваноўцы рассаджваюцца.

«Сённяшняя сустрэча землякоў прысвечана 130-годдзю вёсак Леванова і Шобікі», — абвяшчае вядучая і па традыцыі пачынае свята з пераклічкі.

9-32

— Вуліца Лугавая, адгукніцеся! Вуліца Школьная! Зарэчная! Набярэжная! Паўднёвая! Шобікі! Паднеўка! — і на кожны, такі родны для кагосьці назоў, у адказ чуецца ўхвальны гул.

Сённяшняя сустрэча ўжо пятая — маленькі юбілей. А пачыналася ўсё 18 чэрвеня 2011 года, калі на першы сход пад назвай «Лёсам звязаныя з Радзімай» у вёску з'ехалася больш за 200 чалавек. У 2012 годзе ўжо 250 землякоў прыехалі на другую сустрэчу, якая называлася «Абдымаюць рукі Беларусь». У наступным годзе свята «Блакітная зорка сусвету — мая дарагая зямля» сабрала больш за 300 леваноўцаў. А летась у Леванове прайшоў своеасаблівы дзень памяці «Я мару вярнуцца з вайны». Вяскоўцы захоўваюць імёны тых, хто загінуў, абараняючы сваю зямлю ад ворагаў. У Леванове падчас вайны загінуў 41 чалавек, пайшлі на фронт і вярнуліся толькі 23 чалавекі. Удовамі сталі 10 жанчын, 36 дзяцей засталіся без бацькаў... І ў гэты год юбілею Перамогі памяць тых загінулых землякі ўшанавалі хвілінай маўчання.

На шчасце, цяпер на нашай зямлі не разрываюцца снарады. Але нават у мірны час нярэдка абставіны адрываюць, раскідваюць блізкіх людзей далёка адно ад аднога. «У якіх краях мы б ні былі, нас усё адно цягне ў родны куток, на малую радзіму», — справядліва адзначыў старшыня Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Пётр НАВІЦКІ.

Леванову пашчасціла выпусціць у свет выдатных дзеячаў, дзякуючы якім вёска назаўсёды застанецца ў гісторыі. Ды і цяпер яны робяць шмат для таго, каб памяць пра яе жыла — перадаюць любоў да родных падворкаў сваім нашчадкам, прывозяць іх сюды. Вельмі ўсцешна было бачыць каля бібліятэкі-музея гарэзлівых хлопчыкаў і дзяўчатак, якія бесклапотна насіліся адно за адным, і больш сур'ёзных школьнікаў, і зусім яшчэ немаўлятак на руках у бацькоў. Таму, вітаючы гасцей свята, ураджэнка Леванова, міністр інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ падкрэсліла:

— Дарагія землякі! Не першы год гэта свята збірае нас у роднай вёсцы. Не першы год мы з трапятаннем чакаем яго. У гэтыя дні працягваецца гісторыя тых, хто ствараў гэты край, яна сёння ў нашых дзецях, унуках і праўнуках. І вельмі прыемна, што сёння такое вялікае кола землякоў прыехала сустрэцца і адзначыць прыгожы юбілей прыгожай вёскі. Гэта значыць, што мы са сваімі каранямі ідзём па жыцці і моцна стаім на сваёй зямлі.

9-31

Затым міністр уручыла падзяку дырэктару Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева Галіне Слесарэнцы, а таксама ўзнагародзіла бібліятэкара сельскай бібліятэкі-музея народнай творчасці і побыту вёскі Леванова Марыю Несцяровіч. Менавіта дзякуючы ёй узнікла і жыве традыцыя сустрэч аднавяскоўцаў. Лілія Ананіч заклікала гасцей свята не забываць свой кут, нягледзячы на тое, што імклівы час разводзіць людзей у розныя бакі.

— Мой настрой — гэта настрой маіх землякоў, — падзялілася са «Звяздой» міністр інфармацыі. — Вы паглядзіце, як узрушаны кожны, хто ўдзельнічае ў гэтым свяце! Людзі імкнуцца абапірацца на моц роднай зямлі. Ва ўсіх свае клопаты і сваё жыццё, але кожны прыязджае сюды, каб дакрануцца да чыстых вытокаў. Таму што зямля, якая нарадзіла цябе як асобу, якая дала табе пуцёўку ў жыццё, не можа не быць тваёй духоўнай апорай.

130 гадоў — невялікі адрэзак у памежжах часу, ёсць і больш значныя ў гэтым сэнсе паселішчы. Але менавіта ў гэтым кутку, пераканана Лілія Ананіч, ёсць нейкая асаблівая атмасфера, таму што свята, якое адбываецца тут ужо пяць гадоў, нарадзілася як мясцовая ініцыятыва дзякуючы працы бібліятэкі-музея і самой Марыі Несцяровіч, якая ўсё жыццё пражыла тут.

— Людзі адчулі сэрцам, што гэта робіцца не толькі для таго, каб сустрэцца, а каб узбагачалася жыццё нашых нашчадкаў. Я сёння на гэтым свяце са сваімі ўнукамі (дзеці, на жаль, у ад'ездзе). Унукі яшчэ не зусім разумеюць, што тут адбываецца, але, я ўпэўнена, праз гады яны захочуць сюды прыехаць, — мяркуе Лілія Станіславаўна.

Дарэчы, цяпер прыехаць у Леванова з'явілася яшчэ адна нагода: выхад кнігі «Землякі», прысвечанай 130-годдзю вёскі. Фактычна, яна створана самімі леваноўцамі — сюды ўвайшлі іх успаміны, радаслоўныя, сямейныя фотаздымкі. Ну а прафесійныя гісторыкі Аляксандр Бялябін і Міхась Мацельскі пастараліся зрабіць твор цікавым для шырокага кола чытачоў.

— Калі рыхтавалася кніга, я пражыла вашы лёсы, вашы жыцці, — зазначыла Ліліяна АНЦУХ, дырэктар выдавецтва «Чатыры чвэрці», якое выдала кнігу.

Упершыню свята на сваёй малой радзіме наведаў і колішні міністр транспарту і камунікацый Іван ШЧЭРБА.

— У мяне не было больш хвалюючага выступлення, чым тут, перад землякамі. Шкадую, што не прыязджаў сюды раней, калі сустрэчы толькі пачыналіся. Я вельмі ганаруся ўсімі вамі і тым, што я нарадзіўся тут, — падкрэсліў Іван Шчэрба.

Перад сяльчанамі выступіла жыхарка вёскі Шобікі Іна Кавалёва. Яна прачытала вершы, распавяла гісторыю сваёй сям'і і ад яе імя ўручыла падарункі — керамічныя збаны, гаршкі і спарышы — сваім вядомым землякам, а таксама падкову на шчасце — сельсавету.

У гэты ўрачысты для кожнага леваноўца дзень іх радавалі спевамі мясцовы клуб «Субацея», Крысціна Цыбульская, Улад Качан, Наталля Сташкевіч, Ягор Галгус. Ды што там — песня гучала з вуснаў не толькі артыстаў, але ж і простых вяскоўцаў, якія актыўна віталі выступоўцаў, падпявалі ім, а пасля і ўвогуле пайшлі ў скокі. Напрыканцы вяскоўцы і прыезджыя проста, па-зямляцку сабраліся ўсе разам за святочным сталом, цёпла пагутарылі. Успамінаў і ўражанняў ад гэтай сяброўскай сустрэчы хопіць яшчэ надоўга, да наступнага чэрвеня, калі зноў можна будзе сабрацца ўсім разам такой вялікай і такой блізкай грамадой.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Барысаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.