Вы тут

Рэцэсія ёсць, а выхад?


У складанай эканамічнай сітуацыі яго можна знайсці толькі аб'яднаўшы намаганні.

Аналітыкі Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва лічаць, што сённяшні настрой беларускай эканомікі з'яўляецца рэцэсіўным. У пачатку бягучага года дзелавая супольнасць вяла перамовы з урадам аб мінімізацыі наступстваў тых фінансавых складанасцей, якія ўзніклі. Працягваюць рабіць гэта і зараз. Знайсці магчымы выхад неабходна ўсім слаям насельніцтва, бо зніжэнне тэмпаў эканамічнага росту адчувае кожны.

Натуральны адбор

Як адзначае старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін, беларускі ўрад прыслухоўваецца да дзелавой супольнасці, але абодвум бакам неабходна супрацоўнічаць больш актыўна.

«Не так даўно мы накіравалі ўраду Нацыянальную платформу бізнесу-2015. Атрымалі пісьмовы водгук у выглядзе даручэння міністру эканомікі ўлічваць як прапановы пры распрацоўцы ўсіх дзяржпраграм. І мы не можам сказаць, што дыялог паміж бізнесам і ўладай адсутнічае», — падкрэсліў Уладзімір Карагін.

Аднак, нягледзячы на ўсе дзеянні, бізнесмены лічаць, што перамены на заканадаўчым узроўні павінны павялічваць тэмпы. У адваротным выпадку сутыкненне з крызісамі будзе яшчэ больш сістэматычным.

Згодна з інфармацыяй аналітыкаў, перыяд 2000-2008 гадоў можна назваць залатым часам беларускай эканомікі. А гэта добрыя тэмпы эканамічнага росту — 8% у год, прамысловасці — 9%. Апошнюю пяцігодку можна назіраць іншыя лічбы. Сёлета канстатуюцца адмоўныя тэмпы эканамічнага росту. Прычым ад аптымістычнага падзення ВУП на 0,3%, да песімістычнага прагнозу — на 3%. Але, на думку бізнес-супольнасці, не варта баяцца цыклічнасці крызісаў. Ёсць сусветная тэндэнцыя да іх узнікнення кожныя 10-12 гадоў, а ў дадзены момант адзначаецца падзенне сусветных коштаў на 26-28%. У перыяд крызісу выяўляюцца лішнія аб'ёмы вытворчасці і прамысловыя структуры, якія паспелі састарэць. Прадаваць прадукцыю, як некалькі гадоў таму, будзе прыкметна больш цяжка. Попытам будуць карыстацца толькі найбольш запатрабаваныя і канкурэнтныя тавары.

Што перашкаджае пераменам?

Па словах намесніка дырэктара па навуцы «Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі», Георгія Грыца, для рэзкіх перамен у эканоміцы ёсць два непераадольныя фактары. Першы — сацыяльныя наступствы структурных рэформаў. І другі — сумная сітуацыя з дзяржаўнымі фінансамі.

«Да канца года золатавалютны рэзерв Беларусі чакаецца ў памеры 2,5 млрд долараў. Калі супаставіць гэтую лічбу з 12 млрд укладаў фізічных асоб і сукупным доўгам у памеры каля 40 млрд долараў, то гэта паказвае, наколькі складаная сёння сітуацыя. Зараз мы чуем, што вінаваты знешнія фактары. Але нельга спісваць з рахункаў і нашы праблемы, кшталту планавай дырэктыўнай эканомікі, нізкага кадравага патэнцыялу, нізкага аналітычнага забеспячэння, слабага менеджменту», — растлумачыў Георгій Грыц.

На думку намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіслава Шчэпава, прычыны крызісу сапраўды шматгранныя.

«Справа яшчэ і ў недастатковай адпаведнасці эканамічнай палітыкі тым знешнім умовам, якія цяпер склаліся. Буйныя прадпрыемствы прамысловага комплексу, што першапачаткова праз свае выдаткі кіравання не маглі хутка адаптавацца, былі завязаны на гандаль з Расіяй. Канцэнтрацыя экспарту туды занадта вялікая. Можна таксама вылучыць нездавальняючы менеджмент у адносінах да тых патрабаванняў, якія выстаўляюць заходнія эксперты. Не хапае супрацоўнікаў з веданнем замежных моў на прадпрыемствах», — растлумачыў Уладзіслаў Шчэпаў.

Прамысловая талака

Таксама ён бярэ пад увагу неабходнасць задумацца і пра тое, што існуе паняцце адзінай прамысловай палітыкі.

«Мы сумесна павінны накіроўваць свае намаганні на павелічэнне экспарту ў трэція краіны, а не змагацца адзін з адным на аднолькавым канкурэнтным узроўні», — адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы.

Прадстаўнікі дзелавой супольнасці, выказваючы сваё меркаванне, неаднаразова падкрэслівалі, што ў гэтым крызісным становішчы вінаваты слабы менеджмент беларускіх прадпрыемстваў. З прычыны гэтага прагучала таксама прапанова аб стварэнні спецыяльных цэнтраў для перанавучання наяўных спецыялістаў. Уносілі прапановы і наконт таго, каб некаторыя буйныя беларускія прадпрыемствы разам з замежнымі партнёрамі праводзілі бясплатную аналітыку. І толькі пры атрыманні прыбытку выплачвалі б яго частку замежным спецыялістам.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.