Вы тут

Парады тым, хто хоча паспяхова прайсці ЦТ


10-25

10-25

Ці добра ведаюць абітурыенты гісторыю Вялікай Айчыннай вайны? Летась на цэнтралізаваным тэсціраванні ва ўдзельнікаў экзамену не выклікалі цяжкасцяў заданні, звязаныя з пачаткам Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, з карэнным пераломам у ваенных дзеяннях. І 84% экзаменаваных правільна ўказалі амерыканскую ваенную базу, пасля нападзення на якую ЗША ўступілі ў Другую сусветную вайну. Затое толькі трэцяя частка абітурыентаў ведала пра подзвіг Аляксандра Матросава. Прозвішча легендарнага камандзіра падводнай лодкі Марынеска ўзгадалі 9 працэнтаў удзельнікаў ЦТ, а лётчыка Аляксея Марэсьева — 15 працэнтаў. Толькі 19% з тых, хто здаваў профільны экзамен па гісторыі найноўшага часу, ведалі, што Цэнтральны штаб партызанскага руху ўзначальваў Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка. Затое, як і ў папярэднія гады, абітурыенты ўказвалі ў бланках адказаў прозвішчы асоб, якія не мелі дачынення да падзей Вялікай Айчыннай вайны — Гагарына, Кавалёнка і нават... Чапаева...

Не спадзявайцеся на шанцаванне

За апошнія гады вакол цэнтралізаванага тэсціравання ў нашай краіне склалася своеасаблівая індустрыя: установы адукацыі адкрываюць інтэнсіўныя курсы па падрыхтоўцы да ЦТ, рэпетытары прапануюць свае паслугі, выпускаюцца шматлікія зборнікі і дапаможнікі, на вокладцы якіх абавязкова згадваецца цэнтралізаванае тэсціраванне. Але з года ў год абітурыенты працягваюць расчароўваць сваімі ведамі ўсіх, хто сочыць за прыёмнай кампаніяй. Летась нулявыя вынікі на ЦТ былі атрыманы ў 213 выпадках. Як і ў папярэднія гады, большасць з іх прыпала на матэматыку (132) і фізіку (43). Не пераадолелі ніжні парог тэставага бала, неабходны для паступлення ў ВНУ ў асноўную хвалю, 40,7 тысячы чалавек, або 38% ад агульнай колькасці ўдзельнікаў тэсціравання. Не сакрэт, што многія разлічваюць на элементарнае шанцаванне: гэта добра відаць па тым, колькі ўдзельнікаў пакідаюць экзаменацыйныя аўдыторыі ўжо праз паўгадзіны пасля пачатку экзамену.

 

А на ЦТ па фізіцы і матэматыцы напрыканцы трэцяй гадзіны ў аўдыторыях застаюцца лічаныя людзі. Поспех на іспытах залежыць ад многіх фактараў, папярэджваюць арганізатары цэнтралізаванага тэсціравання, у тым ліку і ад псіхалагічнага настрою самога абітурыента, яго нацэленасці на высокі вынік. Тэарэтычная падрыхтоўка па прадмеце вельмі важная, але эфектыўная толькі пры сістэматызацыі ведаў. Каб павысіць шанцы на ЦТ, яны далі абітурыентам некалькі карысных парад.

Не дайце збіць сябе з толку!

Матэматыка па праве лічыцца адным з найбольш складаных школьных прадметаў. І алгебра, і геаметрыя — навукі, дзе навучанне пабудавана па дакладным алгарытме «ад простага да складанага», пры гэтым кожная наступная тэма з'яўляецца прамым ці ўскосным працягам папярэдняй. Таму прабелы ў ведах становяцца асноўнай прычынай успрымання тэстаў цэнтралізаванага тэсціравання як «занадта складаных», рашэнне самых простых ураўненняў здаецца непераадольнай праблемай, а страх перад кожным наступным заданнем расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Некаторыя ўвогуле нават не спрабуюць разважаць, а проста імкнуцца ўгадаць правільныя адказы.

Збіць з толку абітурыентаў могуць і графічныя выявы заданняў, напрыклад, выкарыстанне кругавой дыяграмы замест звыклага тэксту ў цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы, дзе неабходна вызначыць плошчу (у га), адведзеную пад пшаніцу, калі вядома, што сума пасяўных плошчаў пад збожжавыя культуры роўная 2000 га.

Абітурыент, які выбраў матэматыку ў якасці ўступнага іспыту, павінен валодаць рацыянальнымі вылічальнымі прыёмамі, ведаць шмат формул (ці пры неабходнасці магчы вывесці патрэбную формулу) і ўмець прымяняць іх у ходзе рашэння ўраўненняў, прыкладаў, задач — як часткі «А», дзе трэба выбраць правільны адказ з прапанаваных варыянтаў, так і часткі «В», дзе адказ трэба знайсці самастойна. Алгарытм рашэння задачы павінен узнікаць ужо ў працэсе чытання ўмовы. Першыя заданні ўвогуле можна рашаць вусна, але для гэтага трэба, як той казаў, набіць руку.

Адна з самых распаўсюджаных памылак — гэта ўспрыманне памераў задачы: абітурыентам здаецца, што чым большая па аб'ёме задача, тым больш складана яна рашаецца. На практыцы ў большасці выпадкаў гэта не так. Чым больш аб'ёмная ўмова задачы, тым больш яна змяшчае зыходных даных, падставіўшы якія ў патрэбныя формулы, абітурыент атрымлівае адказ, у той час як у задачах з невялікай колькасцю даных усю неабходную інфармацыю для пошуку правільнага варыянта абітурыентам даводзіцца шукаць самастойна.

Не прапусціце ключавую інфармацыю

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў заўважылі, што цяжкасці ва ўдзельнікаў ЦТ выклікаюць заданні з тэкставым зместам, хоць у тэстах, у адрозненне ад іншых формаў іспытаў, тэкставы змест мінімізаваны. На тэсціраванні па фізіцы і матэматыцы заданні сфармуляваны максімальна лаканічна, тым не менш, як толькі тэкст выходзіць за рамкі аднаго-двух сказаў, абітурыентам цяжка ўлавіць яго сутнасць, зразумець, што ад іх патрабуецца. Магчыма, гэта звязана са зніжэннем агульнай моўнай культуры моладзі.

Часта няправільнае тлумачэнне ці няўважлівасць абітурыента пры прачытанні ўмовы задачы можа прывесці да далейшых памылковых дзеянняў. Від задачы можа здацца знаёмым, але трэба ўпэўніцца ў тым, што гэта менавіта тая задача, якую вы рашалі раней. Умова яе можа адрознівацца ўсяго адным-двума словамі, але калі гэта не заўважыць, то і вынік атрымаецца не той, што чакалі.

У час падрыхтоўкі да іспытаў належыць працаваць з тэставым матэрыялам, розным па форме падачы, каб на тэсціраванні не прапусціць ключавой інфармацыі. Прыйшоўшы на цэнтралізаванае тэсціраванне, абітурыент спадзяецца ўбачыць ужо знаёмыя і адпрацаваныя тыпы заданняў, якія ён неаднойчы рашаў з настаўнікамі ці самастойна. Але часам нават нязначнае змяненне фармулёўкі збівае яго з толку і прымушае ўсумніцца ва ўласных ведах. Часта абітурыенты несур'ёзна падыходзяць да задачы: не ўнікаючы ў сутнасць умовы, адразу бяруцца за яе рашэнне.

Не шукайце памылак у тэстах

На ЦТ не бывае непісьменна складзеных заданняў, а тым больш памылак у заданнях і адказах. Таму, калі ваш адказ у заданні часткі «А» не супадае ні з адным з прапанаваных, шукайце памылку ў сваім рашэнні і вылічэннях.

Нярэдка менавіта матэматычная падрыхтоўка становіцца прычынай дапушчаных на тэсціраванні па фізіцы і хіміі пралікаў: гэта значыць, што, правільна рашыўшы задачу «фізічна», абітурыенты дапускаюць памылкі ў рашэнні сістэмы ўраўненняў, у матэматычных пераўтварэннях формулаў, пры выкананні дзеянняў з вектарамі, трыганаметрычнымі функцыямі і гэтак далей. Некаторыя абітурыенты памыляюцца пры аналізе графікаў, не могуць прымяніць правілы прыблізных вылічэнняў, правільна акругліць канчатковы адказ, не ўлічваюць вектарны характар фізічных велічынь. Для таго, каб справіцца з тэстам па фізіцы, неабходна выдатна валодаць усімі матэматычнымі аперацыямі. Зразумела, што ў выйгрышы будуць абітурыенты, у якіх развіты навык вуснага лічэння.

Вучыце арфаграфію

Нярэдка памылкі на ЦТ па фізіцы звязаны з няўменнем прымяняць законы фізікі ў канкрэтных сітуацыях, многія абітурыенты няправільна рашаюць задачы з прычыны фармальнага ведання фармулёвак асноўных фізічных законаў, іх матэматычных выражэнняў, няўважлівага прачытвання ўмоў задач і малюнкаў, што іх суправаджаюць. Замест уважлівага аналізу ўмоў задачы ўдзельнікі тэсціравання спрабуюць проста «падабраць» формулу, якая, на іх погляд, падыходзіць, і «падставіць» значэнні зададзеных велічынь (адна з найбольш распаўсюджаных памылак).

Калі ваш адказ супадае з адным з варыянтаў адказаў, то гэта яшчэ не значыць, што ён правільны, таму што складальнікі тэстаў улічваюць тыповыя памылкі пры рашэнні гэтага задання і на падставе гэтага фарміруюць варыянты адказаў. На жаль, некаторыя абітурыенты не ведаюць адзінак фізічных велічынь і суадносіны паміж імі, няправільна пераводзяць іх у сістэму СІ.

Многія ўдзельнікі тэсціравання пры выкананні заданняў часткі «В» сутыкаюцца з яшчэ адной сур'ёзнай праблемай: нават ведаючы правільны адказ, яны не могуць запісаць яго без памылак. Мастацкій, мастацскі, научны, навуковый, наўчны, публіцыстычный, публітыстычны, публітэстычны, публістытычны — вось далёка не поўны пералік варыянтаў запісу абітурыентамі ў бланку адказаў назвы стылю тэксту на ЦТ па беларускай мове. Памятайце: адказ на заданне часткі «В» не залічваецца як правільны, калі пры напісанні слоў будуць дапушчаны арфаграфічныя памылкі.

Правярайце і пераправярайце

Важнай умовай поспеху з'яўляецца ўменне рацыянальна разлічваць і размяркоўваць свой час на экзамене і здольнасць спраўляцца са стрэсам. Педагагічныя тэсты — не школьная кантрольная работа, і дэфіцыт часу — адна з умоў выканання тэста, які дазваляе дыферэнцаваць абітурыентаў па ўзроўні іх падрыхтоўкі. Трэба вучыцца пераразмяркоўваць час: выкананне заданняў 1-2 узроўняў складанасці трэба даводзіць да аўтаматызму, каб больш часу засталося для вырашэння разліковых задач і ланцужкоў пераўтварэнняў. Правільная самаарганізацыя — залог поспеху на ЦТ. Стрэс і дадатковае напружанне адчуваюць усе без выключэння ўдзельнікі тэсціравання.

Апошнія 10—15 хвілін прысвяціце праверцы правільнасці запаўнення бланка адказаў, бо кожная памылка ў адказе, у тым ліку апіска, дапушчаная ў момант запаўнення бланка, прыводзіць да таго, што задача лічыцца нярэшанай, таму не спяшайцеся запаўняць бланк адказаў. Памятайце, што выправіць можна толькі 6 памылковых адказаў у частцы «А». Рэкамендуецца ўсе атрыманыя адказы пазначаць спачатку не ў бланку, а ў чарнавіку, і толькі пад канец экзамену, калі ўсё адно наўрад ці вы зможаце рашыць яшчэ хоць адно заданне, запаўняць бланк адказаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

 Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.