Вы тут

«Карабель маёй краіны»


Кампазітар Алег Молчан напісаў новы айчынны хіт?..

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, што ладзіцца ў Маладзечне, большасць з нас наведвае па дзвюх прычынах. Першая — гэта каб пачуць любімыя песні айчыннай эстрады ў жывым выкананні; калі вельмі пашанцуе, то яшчэ і ў суправаджэнні аркестрам пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. А другая — гэта моцнае жаданне, а дакладней чаканне новых беларускіх хітоў. Каб яшчэ раз пераканацца, што песні на роднай мове — самыя мілагучныя, што нашы кампазітары ствараюць самыя пяшчотныя мелодыі, што беларуская эстрада — жывая і багатая на новыя адкрыцці.

Найбольш творчых сюрпрызаў сёлета абяцаў аўтарскі канцэрт кампазітара Алега Молчана, прымеркаваны да яго 50-гадовага юбілею, а таксама 30-годдзя творчай дзейнасці. Так і адбылося: чаканні слухачоў не засталіся падманутымі. На беларускай эстрадзе з'явілася адразу некалькі моцных твораў яго аўтарства.

Найбольш уразіла песня пад назвай «Карабель маёй краіны», напісаная на верш паэта Алеся Ліпая. Што да мелодыі, то яна па-молчанаўску прыгожая, моцная, запамінальная. А вось тэкст... надзвычай узрушыў таксама. Было ў ім нешта пранізлівае і шчымлівае, з лёгкім сумам. Думаецца, такі лірычны настрой знаёмы ўсім беларусам, і якую-небудзь струну ў душы абавязкова кране... Адметна, што песня была створана спецыяльна да фестывалю ў Маладзечне.

Я спрабавала знайсці яе ў інтэрнэце — пакуль безвынікова. Спадзяюся, аўтары ўсё-такі данясуць да шырокай аўдыторыі гэты твор, які можа прэтэндаваць на званне новага беларускага хіта. Выконвала песню спявачка Ірына Відава, якая, дарэчы, з'яўляецца і музай кампазітара, і яго спадарожніцай па жыцці.

[caption id="attachment_86999" align="alignnone" width="600"]Спявачка Ірына Відава і кампазітар Алег Молчан — надзвычай прыгожы творчы і сямейны дуэт. Спявачка Ірына Відава і кампазітар Алег Молчан — надзвычай прыгожы творчы і сямейны дуэт.[/caption]

 

Гэтым прэзентацыі новых песень не абмежаваліся. Алег Молчан напісаў мяккую, душэўную мелодыю на верш Янкі Купалы, якая называецца «Дзве таполі». Яе выканалі Ірына Відава і саліст вакальнай групы «Чысты голас» Акім Тышко. Для дзявочага гурта «ByCіty» аўтар стварыў вельмі бадзёрую, энергічную кампазіцыю пад назвай «Шуміць шумненька гаёк», таксама на словы Купалы.

Алег Молчан расказаў пра сваю любоў да творчасці нашага класіка:

— «Песня мая» — гэта не толькі назва канцэрта, але і назва аднаго з галоўных твораў песеннага цыкла на вершы Янкі Купалы, які называўся «Мая малітва». Я заўсёды адчуваў духоўную сувязь з гэтым аўтарам. Таму на працягу ўсяго творчага жыцця звяртаюся да яго вершаў. Так з'явіліся харавы цыкл «Я нясу вам дар», песня «Малітва», цыкл «Родныя песні». Я думаю, што менавіта любоў да паэзіі Купалы аб'яднала і злучыла мяне з выдатным майстрам, вялікім музыкам Уладзімірам Мулявіным і ансамблем «Песняры» на доўгія гады.

Алег Молчан шмат піша для розных выканаўцаў. Аднак за ім трывала замацавалася званне песняроўскага кампазітара. Пра гэта распавёў заслужаны артыст БССР Анатоль Кашапараў, які спецыяльна прыехаў на канцэрт:

— Праз ансамбль прайшло шмат музыкаў, але не ўсе рабіліся «песнярамі». А Молчан прыйшоўся настолькі дарэчы, што напрыканцы ён стаў сапраўдным «песняром». Алег застаўся верным Уладзіміру Мулявіну. І тое, што адбывалася на яго юбілейным канцэрце, мяне проста запаліла. Ад публікі ішла моцная энергетыка: толькі сапраўдны талент мог так разварушыць яе. Таму гэта выдатны музыка і чалавек. І я хачу, каб па сутнасці, па сваім духу ён заўсёды заставаўся «песняром». Бо гэты ансамбль быў вялікай з'явай свайго часу. Цяпер многія калектывы спрабуюць працягнуць іх яскравую традыцыю, але пасля сыходу з жыцця Уладзіміра Мулявіна зрабіць такое надзвычай складана. А Алегу Молчану рабіць гэта ўдаецца.

Завяршыўся канцэрт песняй «Малітва», якую для «Песняроў» напісаў менавіта гэты аўтар. Публіка слухала яе стоячы і спявала разам... Дарэчы, кампазітар адзначыў, што шукае аднаго выканаўцу, які пастаянна будзе спяваць легендарную песню. Напрыканцы года ён абвесціць імя новага шчаслівага выканаўцы «Малітвы».

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ,

Маладзечанскі раён

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.