Вы тут

Без чаго немагчымы прагрэс?


У Бярозаўскім раёне прайшло выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі. Сенатары спачатку пазнаёміліся з работай сацыяльных і вытворчых аб'ектаў, а потым на пленарным пасяджэнні абмеркавалі перспектывы развіцця тых складнікаў, без якіх немагчыма жыццядзеянне сучаснай тэрыторыі.

Бярозаўскі раён быў выбраны невыпадкова. Гэта стала зразумелым нават з кароткага экскурсу, які правёў старшыня райвыканкама Юрый НАРКЕВІЧ па дарозе на першы аб'ект.

10-10

— Усе мы ведаем, — сказаў ён, — што нармальнае функцыянаванне сацыяльнай сферы немагчыма без стабільнай работы прамысловага комплексу. Па аб'ёмах прамысловай вытворчасці Бярозаўскі раён займае лідзіруючую пазіцыю ў вобласці — пасля Брэста і Баранавіч. Кожны трэці кілаграм сыру і чацвёрты кілаграм мяса з маркай Брэстчыны выпускаецца ў нашым раёне. Бярозаўская прадукцыя пастаўляецца ў 28 краін свету. Летась на знешнія рынкі пайшло тавараў з раёна на 240 мільёнаў долараў. Наперадзе нас — толькі Брэст.

«Свая» дэпутацкая група

На славуты Бярозаўскі сыраробны камбінат удзельнікі пасяджэння ішлі з асаблівай цікавасцю. Відаць, у краіне знойдзецца не так шмат раённых прадпрыемстваў, якія могуць укладаць у мадэрнізацыю дзясяткі мільёнаў долараў. Камбінат вытрымаў самыя прыдзірлівыя праверкі еўрапейскіх камісій і атрымаў права пастаўляць прадукцыю ў краіны ЕС.

Апошнія гады прадпрыемства ўжо працуе як сапраўдны канцэрн. Некалькі гадоў таму камбінат узяў пад апеку стратныя малочныя заводы суседніх раёнаў і... ператварыў іх у сучасныя высокатэхналагічныя філіялы. Акрамя таго, да сыраробнага камбіната далучылі два слабыя калгасы, якія за некалькі гадоў сталі ўзорам гаспадарання, асабліва ў галіне жывёлагадоўлі. А ў працоўным калектыве прадпрыемства створана нават свая дэпутацкая група.

— Яе складаюць сем народных выбраннікаў, якія ўваходзяць у склад раённага і сельскіх Саветаў на сваіх тэрыторыях, — патлумачыў кіраўнік групы галоўны інжынер камбіната Леанід КАЧЫНА. — Мы абмяркоўваем усе звароты, якія паступаюць да кожнага з нас ад выбаршчыкаў. Бывае, што і пытанне не вельмі складанае, але некаму з дэпутатаў проста не хапае вопыту, каб вызначыць падыходы да яго вырашэння. А калі разам параімся, дык, як правіла, знаходзім аптымальны варыянт. Калі трэба, звяртаемся з хадайніцтвам да кіраўніцтва свайго прадпрыемства, — за апошні год гэта давялося рабіць двойчы. У іншым выпадку афармляем дэпутацкі запыт у органы выканаўчай улады. Члены нашай дэпутацкай групы з сельскай мясцовасці асаблівую ўвагу надаюць развіццю падсобнай гаспадаркі вяскоўцаў. Калі мы прымалі рашэнне аб стварэнні сваёй групы, мелі на ўвазе найперш рэалізацыю раённай праграмы па падтрымцы ўласнай сялянскай гаспадаркі.

Выгадаваць менеджара

Варта адзначыць, што Леаніду Іванавічу задавалі шмат пытанняў. Прыклад эфектыўнага дзеяння дэпутацкай групы на прадпрыемстве заслугоўвае ўвагі — пра гэта гаварыў на самым пачатку выязнога пасяджэння старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, калі згадваў, што ў краіне працуе 19,5 тысячы дэпутатаў мясцовых Саветаў. Гэта вялікі атрад прадстаўнікоў грамадства, якім давяраюць людзі і якія могуць паўплываць на стан эканомікі і сацыяльнага развіцця сваіх рэгіёнаў. Кіраўнік Савета Рэспублікі лічыць, што дэпутаты ўсіх узроўняў павінны «падсілкоўваць» органы ўлады — каб потым прымаліся такія рашэнні адпаведных Саветаў і заканадаўчыя акты, якія спрыялі б развіццю тэрыторыі і краіны ў цэлым. А эфектыўных менеджараў трэба гадаваць з перспектыўных спецыялістаў, у тым ліку з дэпутатаў.

Тэма была прадоўжана ў Здзітаўскім сельсавеце. Гасцей сустракала яго старшыня Людміла ЭСАНАВА:

— Сельскі Савет выступае сувязным звяном падчас узаемадзеяння ўстаноў культуры, адукацыі, дэпутатаў і саміх вяскоўцаў, стварэння дастойнай якасці жыцця. Мы нездарма запрасілі гасцей найперш у школу — сёння ўзровень адукацыі ў вёсцы не саступае гарадскому.

У гэтым скліканні сельскі Савет правёў пяць сесій. Перад кожнай з іх рабіў анкетаванне ў асобных вёсках: дзе пыталіся ў людзей, што ўпускае мясцовая ўлада ў сваёй рабоце, на чым варта засяродзіць увагу? І на падставе адказаў карэкціравалі сваю работу.

Жыццё прымусіць шукаць...

— Вельмі важна, што на працягу апошніх дзесяцігоддзяў вобласць не спынілася ў сваім развіцці, а пайшла па рыначным шляху, правяла мадэрнізацыю на самым сучасным узроўні. Сёння, здаецца, усе зразумелі, што перспектыва — за буйнымі прадпрыемствамі, якія працуюць па поўным тэхналагічным цыкле, даюць работу сотням людзей, своечасова плацяць падаткі і забяспечваюць работу сацыяльнай сферы, — падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл МЯСНІКОВІЧ.

Далейшы прагрэс такіх прадпрыемстваў трэба звязваць з актыўным прыцягваннем інвестыцый. Калі сваіх сродкаў не хапае, варта пашукаць іх за мяжой. А яшчэ важна ўсвядоміць, што мы не зусім добра ўмеем гандляваць. Тыя нашы перапрацоўшчыкі, якія маюць добрую нішу на расійскім рынку, павінны ўлічваць тэндэнцыі эканомікі суседняй краіны. За некалькі гадоў Расія нарасціла выпуск уласнай свініны на 40 працэнтаў, а мяса птушкі на ўсе — 80. Адносна недалёка ад нас, у Пскоўскай вобласці, узводзяцца два комплексы па гадоўлі двух мільёнаў галоў свіней. Значыць, літаральна праз пару гадоў суседзі перастануць купляць нашу свініну. Узнікнуць праблемы ў нашых вытворцаў і з экспартам птушкі, крыху пазней — з малаком. Таму ўжо сёння варта шукаць іншыя рынкі збыту. Маецца на ўвазе найперш Кітай, ёсць сэнс падумаць аб Індыі. І хоць перавозка ў такія краіны абыдзецца нятанна, жыццё прымусіць шукаць гандлёвых партнёраў у далёкім замежжы.

Падчас выязнога пасяджэння вялікая ўвага надавалася вырашэнню праблемы занятасці насельніцтва. Спікер верхняй палаты адзначыў, што на Брэстчыне адзін з самых высокіх узроўняў беспрацоўя. Удзельнікі нарады пагадзіліся, што названай праблемай павінны займацца як органы выканаўчай улады, так і дэпутаты ўсіх узроўняў. Адным з выйсцяў бачыцца развіццё малога і сярэдняга бізнесу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

 Бярозаўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.