Вы тут

Чый ты, «нічыйны» дом?


Даўно вядома і практыкай праверана: калі навядзеннем парадку на зямлі займацца толькі «зверху», шляхам указанняў і пакаранняў, вялікага эфекту не будзе. Эфект там, дзе пра парадак клапоцяцца не толькі мясцовыя ўлады, але і кожны жыхар. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі абласнога семінара старшынь раённых Саветаў дэпутатаў, якія сабраліся, каб пацікавіцца вопытам работы Клецкага раёна.

10-23

А ўразіла іх у першую чаргу тое, што пасля зносу пустуючых і старых дамоў тут нічога не застаецца: ні фундаментаў, ні пячэй, ні спарахнелых ад даўніны садовых дрэў. Толькі роўна зааранае поле.

Летась, напрыклад, удалося пазбавіцца ад 127 домаўладанняў, прывесці ў належны выгляд столькі ж участкаў і прыцягнуць у сельскагаспадарчы севазварот 25 гектараў зямлі. Сёлета за 4 месяцы знесена 99 жылых дамоў, а надзелы каля іх апрацаваны. У раёне створана камісія, у якую разам са спецыялістамі ўваходзяць старшыні сельскіх Саветаў. Члены камісіі рэгулярна выязджаюць у населеныя пункты, выяўляюць закінутыя жылыя забудовы. Далей складаюцца спісы, а спадчыннікам накіроўваюцца пісьмы з просьбай навесці ў сваіх радавых гнёздах парадак. У адваротным выпадку тыя могуць пазбавіцца маёмасці.

— У сельгасарганізацый і прадпрыемстваў раёна таксама ёсць непрыдатныя для далейшага выкарыстання пабудовы, — адзначае старшыня Клецкага раённага Савета дэпутатаў Святлана Чакун. — Летась «ліквідавалі» такіх 22, сёлета збіраемся знесці яшчэ 8. Аналагічнай работай займаюцца і аддзел культуры, і іншыя раённыя структуры: сацыяльныя аб'екты, што закрываюцца, рыхтуюцца да продажу з аўкцыёнаў. Але Клецкі раён знаходзіцца далёка ад Мінска і вялікіх гарадоў, прадаць будынкі тут праблематычна. Таму раённыя ўлады шукаюць і іншыя варыянты. У прыватнасці, на вызваленых месцах будуецца новае жыллё для работнікаў гаспадарак.

Па словах дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства «Кухчыцы» Міхаіла Кедыка, парадак на зямлі ў гаспадарцы наводзяць даўно. Пачалі з вытворчай тэрыторыі. У выніку за 6 гадоў прыцягнулі ў севазварот каля 40 гектараў нявыкарыстанай зямлі. Адначасова тут займаліся пустуючымі і старымі дамамі. Летась іх знесена 12, сёлета — 5, на чарзе яшчэ 3. Бывае, што ўчасткі паміж дамамі нельга апрацаваць тэхнікай. Тады яе аддаюць вяскоўцам для пасадкі бульбы ці якіх-небудзь іншых культур.

— У вёсцы павінен быць парадак, але не ўсе, хто тут нарадзіўся, гэта разумеюць, — канстатаваў старшыня Клецкага райвыканкама Генадзь Салавей. — Бацькоўскія дамы нярэдка стаяць закінутымі: агароджы пакасіліся, згнілі, вакол быльнёг. Каб прымусіць спадчыннікаў навесці парадак, адначасова павінны быць задзейнічаны экалагічная і санітарная службы. У нашым раёне налічваецца 277 старых дамоў і 1250 пустуючых, а ў 2011-м іх было адпаведна 343 і 1704. Сітуацыя мяняецца з кожным годам, летась 600 млн рублёў з бюджэту пайшло на кампенсацыю затрат арганізацый, што вядуць работы па навядзенні парадку на зямлі.

Разам з тым знаходзяцца спадчыннікі, якія пасля таго, як раённыя службы ўладкавалі зямельныя ўчасткі, пачынаюць займацца там агародніцтвам. І гэта таксама добра.

Падсумоўваючы вынікі семінара, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі заўважыў: «У раёне змаглі аб'яднаць намаганні ўсіх службаў і арганізацый і навесці на клецкай зямлі парадак».

Іван Ліпніцкі заклікаў калег больш энергічна браць у свае рукі і пытанні добраўпарадкавання, а працу гэту весці планава і сістэмна, каб наогул не заставалася закінутых участкаў.

Што тычыцца вопыту Клецкага раёна, то ён сапраўды варты пераймання: за параўнальна кароткі час тут дасягнулі значных вынікаў. Менавіта таму Іван Ліпніцкі ўручыў старшыні райвыканкама Генадзю Салаўю Ганаровую грамату Мінскага абласнога Савета дэпутатаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.