Вы тут

Як размяркоўваць дарожную пошліну?


Крытэрый падзелу збору паміж абласцямі трэба вызначыць да прыняцця бюджэту на 2016 год.

Пра гэта заявіў намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах пры разглядзе праекта закона «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2014 год». Пакуль не ясна, які дакладна крытэрый трэба абраць, каб падзяліць сродкі: ці то па працягласці існуючай сеткі дарог, ці то па колькасці плацельшчыкаў збору. «Магчыма, павінен быць абраны іншы крытэрый, які б улічваў нейкія дадатковыя фактары», — адзначыў першы намеснік міністра.

Мясцовым грошы не патрэбны?

Транспартны падатак — з'ява новая для Беларусі. І тое, што зроблена за 2014 год, — гэта першы вопыт выкарыстання дадатковай крыніцы фінансавання. «Наогул, дарожную гаспадарку зводзіць толькі да аднаго гэтага збору нельга, — адзначыў першы намеснік міністра. — Гэта толькі частка ўсіх выдаткаў, прычым не асноўная». Па звестках Максіма Ермаловіча, летась 950 млрд рублёў дзяржпошліны было выдаткавана на рэспубліканскую дарожную гаспадарку, столькі ж — на мясцовыя дарогі шляхам перадачы гэтых сродкаў у бюджэты абласцей і горада Мінска.

Аднак прадстаўнік міністэрства падкрэсліў: «Важна, каб рэсурсы размяркоўваліся паміж абласцямі адначасова з зацвярджэннем закона аб бюджэце. Чым раней мы паставім кропку ў прынцыпах размеркавання любых маркіраваных даходаў, у тым ліку і дзяржпошліны, тым хутчэй нам потым ўдасца прыняць закон аб бюджэце на 2016 год. Гэта дамашняе заданне для нас усіх».

Сярод прысутных на пасяджэнні адразу пачалася спрэчка наконт таго, як правільна размеркаваць сродкі. Нехта выказаўся: «Калі мы бяром у людзей грошы на дарогі, то яны павінны бачыць эфект. А дарогі як былі дрэннымі, так такімі і застаюцца».

Пры гэтым намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Раіса Саўрыцкая заявіла: «Па нашых звестках, 46,6 млрд рублёў ад гэтага збору з мясцовых бюджэтаў было вернута назад у «рэспубліку». Узнікае пытанне — там што, усе дарогі добрыя, не было куды гэтыя грошы патраціць?

40% — на «сацыялку»

Максім Ермаловіч нагадаў, што бюджэт на 2014 год быў сфарміраваны на аснове кансерватыўнай ацэнкі параметраў макраэканамічнага развіцця, аднак сітуацыя з выкананнем бюджэту развівалася па песімістычным сцэнарыі. «Увогуле, па выніках года мы атрымалі тэмпы росту ВУП, ніжэйшыя за запланаваныя пры фарміраванні бюджэту, ніжэйшымі аказаліся і цэны на калійныя ўгнаенні, аб'ёмы і кошты імпарту тавараў у краіны Мытнага саюза, — канстатаваў першы намеснік міністра. — Акрамя таго, у выніку значнага ўмацавання беларускага рубля адносна расійскага пры стабільным узроўні затрат істотна знізілася даходнасць беларускага экспарту ў Расійскую Федэрацыю, што прывяло да зніжэння паступленняў падаткаў на даходы і прыбытак у бюджэт».

Такая макраэканамічная сітуацыя ў большай ступені адбілася на фарміраванні даходнай часткі бюджэту. Так, у прыватнасці, страты даходаў бюджэту па ўвазных мытных пошлінах склалі больш як 4 трлн рублёў, па пошлінах на экспарт калійных угнаенняў — 5 трлн.

З улікам змены знешняй сітуацыі ўрад вымушаны быў ужо ў пачатку года рабіць крокі, каб утрымліваць сітуацыю ў кантралюемым стане. Гэтыя меры ўдакладняліся і мяняліся на працягу года. У прыватнасці, была ўнесена прапанова па павелічэнні стаўкі адлічэнняў газазабяспечваючымі арганізацыямі, павялічаны памер базавай велічыні да 150 тысяч рублёў і іншае. Пэўны ўплыў на выкананне даходнай часткі аказала таксама ўвядзенне падатку на біржавыя аперацыі з замежнай валютай.

«Усе гэтыя фактары дазволілі нам устойліва скончыць год, удакладніць выдаткі і даходы бюджэту, — адзначыў Максім Ермаловіч. — Па выніках 2014-га бюджэт выкананы з прафіцытам у суме 5,4 трлн рублёў, або 0,7% ВУП». Гэтыя грошы, паводле яго слоў, былі неабходны для таго, каб прафінансаваць абавязацельствы, якія не з'яўляюцца выдаткамі бюджэту. Так, 3,3 трлн прафіцыту былі накіраваны на выкананне гарантый, што фінансуюцца пад рысай транзакцыйных аперацый бюджэту, астатняе — на пагашэнне абавязацельстваў па знешнім дзяржаўным доўгу.

На што яшчэ пайшлі грошы з бюджэту? «Больш за 40% выдаткаў склалі расходы сацыяльнага характару, крыху больш за 30% — міжбюджэтныя трансферты, 15% — выдаткі на нацыянальную эканоміку, каля 6% — выдаткі па абслугоўванні дзяржаўнага доўгу», — удакладніў Максім Ермаловіч.

Пазыкі трэба выкарыстоўваць эфектыўна

«На 1 студзеня 2015 года ні адзін з паказчыкаў дзяржаўнага доўгу не перавысіў парогавых значэнняў, устаноўленых параметрамі эканамічнай бяспекі на 2011-2015 гады, — адзначыў Максім Ермаловіч. — Знешні дзяржаўны доўг склаў 16,6% да ВУП пры парогавым значэнні 25%, унутраны — 5,7% (пры парогавым — 20%), плацяжы па абслугоўванні дзяржаўнага доўгу да даходаў склалі 5,5% (пры парогавым — 10%), плацяжы па пагашэнні і абслугоўванні знешняга дзярждоўгу да валютнай выручкі — 7,1% (пры парогавым — 10%)».

Валютныя абавязацельствы рэспублікі ў 2014 годзе склалі 5,5 млрд долараў, у тым ліку 4,8 млрд — пагашэнне, 0,8 млрд — абслугоўванне. Знешні дзярждоўг склаў 5,1 млрд. Усе абавязацельствы па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага доўгу (як унутранага, так і знешняга, намінаванага як у валюце, так і ў беларускіх рублях) урадам выкананы ў поўным аб'ёме.

Пасля дакладу намесніка міністра фінансаў у члена камісіі па бюджэце і фінансах Валерыя Барадзені ўзнікла пытанне: «А ці трэба ўвогуле краіне пазычаць грошы, якія потым павінны будуць аддаваць грамадзяне?»

«Беларусь — краіна з досыць развітай эканамічнай сістэмай. Краіна, насельніцтва якой па сваім узроўні жыцця заслугоўвае і развітай сацыяльнай інфраструктуры, што закліканы забяспечваць бюджэт. Дык вось, каб гэтае развіццё не спынялася ў крызісныя перыяды, дзяржава павінна пазычаць сродкі, а ў цыклы ўстойлівага росту і развіцця іх спакойна вяртаць. Пры гэтым развіццё эканамічнай і сацыяльнай інфраструктуры не спынялася б і не было пад уплывам нейкіх эканамічных цыклаў, — адзначыў Максім Ермаловіч і дадаў: — Гэта цалкам нармальна, таму для таго, каб сацыяльная інфраструктура развівалася, у тым ліку і для павышэння якасці жыцця будучых пакаленняў, дзяржава павінна пазычаць».

Пры гэтым намеснік міністра са шкадаваннем канстатаваў, што ў нашай краіне, як і наогул у краінах нашага рэгіёна, выкарыстанне бюджэтных сродкаў, якасць укладанняў не найлепшая. Таму Мінфін падзяляе пазіцыю Камітэта дзяржаўнага кантролю аб тым, што трэба ўзмацняць кантроль не столькі за мэтавым, колькі за эфектыўным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў. «Таму што бюджэтныя сродкі можна вылучыць на тую мэту, якая ўстаноўлена законам, але пры гэтым не дасягнуць якой-небудзь сацыяльнай ці эканамічнай эфектыўнасці ад іх выкарыстання», — растлумачыў свой пункт гледжання Максім Ермаловіч.

«Зняволеныя» прадпрыемствы
выйдуць
на экспарт?

Падчас пашыранага пасяджэння былі таксама разгледжаны праекты законаў «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь за 2014 год», «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь за 2014 год», а таксама «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду грамадзянскай авіяцыі за 2014 год».

Варта асобна адзначыць справаздачу Дэпартамента выканання пакаранняў, які мае шэраг падначаленых вытворчых прадпрыемстваў, дзе працуюць асуджаныя. Летась большая частка прыбытку была накіравана на абаротныя сродкі для стварэння новых рабочых месцаў. «Нашы прадпрыемствы працуюць кожны дзень, 24 гадзіны ў суткі. Колькі ў нас ёсць людзей, столькі павінна працаваць. Мы не можам ні скараціць, ні адправіць у адпачынак. А для большай аддачы дзяржаве мы спрабуем выйсці на экспарт у Расію».

26 чэрвеня ўсе згаданыя законапраекты будуць разгледжаны дэпутатамі ў Авальнай зале на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.