Сянаж — у сілас


Безгаспадарчасць на сельгаспрадпрыемствах можа каштаваць дзяржаве занадта дорага.

Учора на калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю разглядалі вынікі маніторынгу падрыхтоўкі і правядзення вясенніх палявых работ у сельскагаспадарчых арганізацыях, а таксама навядзення парадку на зямлі і сельгасаб'ектах. «Несвоечасовы рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, незабяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі, няхватка паліўна-змазачных матэрыялаў, невыкананне тэхналагічных рэгламентаў — гэта далёка не поўны пералік упушчэнняў і недахопаў, якія адмоўна паўплывалі на ход і якасць пасяўной, — заявіў старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў.

«Яшчэ рана казаць пра вынікі, але з такім пачаткам пастаўленыя дзяржавай перад аграпрамысловым комплексам задачы ў поўным аб'ёме выканаць будзе вельмі складана. На наш погляд, прычына не толькі ў нездавальняючым фінансавым стане сельгасарганізацый, але і элементарнай безгаспадарчасці і нежаданні працаваць якасна», — дадаў кіраўнік КДК.

Начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Сяргей Федчанка больш падрабязна расказаў аб парушэннях: «Сёлета горш падрыхтавана матэрыяльна-тэхнічная база для правядзення пасяўной. Былі зацягнуты тэрміны. Не ўносілі дастатковую колькасць угнаенняў. Некаторыя сеялі нават увогуле без угнаенняў. Выкарыстоўвалася насенне нізкай якасці, а ў краіне хапае элітнага насення айчынных гатункаў. Чамусьці часта завозіліся за мільёны долараў імпартныя пасяўныя матэрыялы. Для чаго мы тады выдаткоўваем грошы на селекцыю? Значыць, і недахоп фінансавання не мог быць прычынай», — канстатуе Сяргей Федчанка. Пакуль што ёсць яшчэ час на тое, каб сельская гаспадарка калі не выправіла усе недахопы, то мінімізавала страты ад нядбайнай працы. Пры гэтым тых, хто вінаваты ў такой нядбайнасці, будуць прыцягваць да адказнасці. У адной гаспадарцы сеялі ячмень з грубымі парушэннямі: выкарыстоўваўся пасяўны агрэгат з парванымі насеннепровадамі. Аналагічныя факты парушэння тэхналогіі пасеву былі выяўлены ў многіх гаспадарках. Для ўтойвання гэтых фактаў кіраўнікі займаліся прыпіскамі.

«Складваецца ўражанне, што сітуацыя на сяле набывае некіраваны характар», — заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення. Праблемы не толькі з пасяўной. Горшай была і корманарыхтоўка. «Аб'ектыўнай прычыны, каб не весці корманарыхтоўкі так, як гэтага патрабуе тэхналогія, няма. Дажджы невялікія. Надвор'е самае спрыяльнае. Акрамя арганізацыйных прычын, ніякіх іншых я не бачу». Сёлета мы можам недабраць 15% ад леташняга паказчыка нарыхтоўкі кармоў. Ёсць і зусім жахлівыя выпадкі. У адной гаспадарцы сянаж закладваецца ў сілас. Але ўсе спецыялісты ведаюць, што шматгадовыя травы не выкарыстоўваюцца для сіласу!

Аднак маюць рацыю тыя кіраўнікі, што скардзяцца на дрэнную айчынную тэхніку, з-за якой немагчыма нармальна працаваць. «Праведзены маніторынг сельгастэхнікі гаворыць аб тым, што часта скаргі на нізкую якасць айчыннай тэхнікі справядлівыя. Шматлікія выхады са строю як гарантыйнай, так і постгарантыйнай тэхнікі наўпрост уплываюць на тэрміны сельскагаспадарчых работ», — сказаў Сяргей Федчанка.

Складаная сітуацыя і з добраўпарадкаваннем тэрыторыі: «Трупы жывёл, гнаявая жыжка на палях, звалкі смецця... І гэта не адзінкавыя факты ў шэрагу сельгасарганізацый».

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.