Вы тут

Бег за шчасцем


Дрыла

Пра што вы думаеце, калі спускаецеся на эскалатары ў метро, вяртаецеся дадому па ажыўленай вуліцы, чакаеце ў краме сваёй чаргі? Я, як правіла, назіраю за людзьмі. І практычна штораз лаўлю сябе на думцы: як шмат у нас нешчаслівых жанчын. Не проста жанчын — а маці, жонак, нявестак, бабуль... На першы погляд — паспяховыя, на абцасіках, магчыма, нават з усмешкай на вуснах, але дастаткова зазірнуць у вочы — і патанаеш у суме, мітусні, хваляванні, незадаволенасці...

Ёсць такія і сярод маіх знаёмых. Большасць з іх вінаваціць у сваіх няшчасцях мужа-алкаголіка, сына-лайдака, суседа-нахабніка... Карацей кажучы, усіх, акрамя сябе. Гэтым ставячы СВАЁ шчасце ў залежнасць ад некага-нечага. Замест таго, каб набрацца смеласці і зазірнуць у сябе, паглыбіцца і зразумець, нарэшце, сапраўдную прычыну дысгармоніі. І памяняць нешта ў сабе. Бо, як казаў любімы многімі Юрый Нікулін, калі кожны з нас зробіць шчаслівым хоць аднаго чалавека, будзе шчаслівым увесь свет. І гэты чалавек — ты сам. А нешчаслівы чалавек наўрад ці здольны зрабіць шчаслівым некага іншага...

Са Светай я пазнаёмілася гадоў 10 таму. Ужо тады яна лічыла сябе самай няшчаснай на свеце. І мроіла замужжам. Думала (не, была пераканана!), што з'явіцца Ён і ў адно імгненне, як па ўзмаху чароўнай палачкі, зробіць яе шчаслівай. І што вы думаеце: замуж яна выйшла раней за нас усіх, але шчасця ў яе вачах як не было, так няма і дагэтуль. «Як можна быць шчаслівай без дзяцей? — працягвала апраўдваць сваю незадаволенасць Света, зноў ставячы сваю ўнутраную гармонію ў залежнасць на гэты раз ужо не ад мужа, а ад дзяцей. — Вось нараджу — і ўсё зменіцца!..»

Калі кажаш ёй, што не ў замужжы хаваецца «тое, што яна шукае» і не ў пэўных рэчах або патрэбах, пагаджаецца. Але пры гэтым, дзіўная рэч, працягвае глядзець, як у іншых, зайздросціць чужому «шчасцю», губляючы пры гэтым самае каштоўнае — час для зносін з сабой. Замест таго, каб задаць сабе надзвычай важнае пытанне «а што асабіста для мяне шчасце?», зноў гоніцца за чарговым стэрэатыпным «прывідам» — машынай, кватэрай, новай сукенкай... А пры сустрэчы ў яе вачах «чытаюцца» такія звыклыя разгубленасць і незадаволенасць: маўляў, быццам бы ўсё ёсць для шчасця, але па-ранейшаму чагосьці не хапае... Чагосьці галоўнага!

Я сама, што хаваць, час ад часу лаўлю сябе на думцы, што захапілася самым папулярным і самым бессэнсоўным відам спорту — бегам за нейкім уяўным шчасцем. Замест таго, каб атрымліваць асалоду ад кожнага моманту, цаніць сапраўднае, забягаю наперад (у заўтрашні дзень, у наступны год) і псую жыццё непакоем пра будучыню. Заняўшыся толькі на першы погляд тэрміновымі і важнымі справамі, забылася патэлефанаваць бацькам, зноў адклала на неакрэсленае заўтра кнігу Івана Чыгрынава, а апошні запіс у асабістым дзённіку быў зроблены ажно два месяцы таму. У гэтым бессвядомым жыцці-гонцы пануюць хваляванне і страх нешта не паспець... Мімалётам у люстэрку бачу патухлыя вочы і толькі тады кажу сабе: «Стоп, спыніся — так быць не павінна!» Разумею, што, захапіўшыся пагоняй за «прывідам», можна не заўважыць, як страціш сябе... І хуценька апускаю «ногі ў ваду». Менавіта так называецца закон клоўна Вячаслава Палуніна. «Кожныя тры-пяць гадоў садзіцца на беразе ракі, апусціць ногі ў ваду і думаць. Што ты зрабіў за гэты час? Навошта? Ці трэба гэта было рабіць? Куды ты ідзеш? І ці туды ты рухаешся? Ладзіць сабе так званую рэвізію: шчаслівы ты ці не? І калі адчуваеш на целе каросту няшчасця — яе неабходна ліквідаваць. Гэта значыць, трэба зразумець, што менавіта і ў якім месцы няправільна. І знайсці ў сабе сілы з гэтага месца сысці. А гэта заўсёды вельмі балюча. Вельмі няпроста. І абсалютна неабходна». Я згодна з кожным словам, акрамя аднаго. Пераканана, што лепей наогул ногі з вады не вымаць...

Надзея ДРЫЛА

Іншыя матэрыялы рубрыкі

Вучымся… падаць

Цаніце тое, што заслужылі

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.