Вы тут

Вера, Надзея, Любоў, іх брат і бацькі


Да выпускнога балю рыхтуюцца сёстры-трайняты з Кобрына.

Першы раз я трапіла ў гэтую сям'ю сямнаццаць гадоў таму, калі ў Селехаў нарадзіліся немаўляткі. Гэта цяпер некалькі разоў на год сродкі інфармацыі дружна паведамляюць пра нараджэнне ў розных рэгіёнах краіны трайні. Яшчэ нейкія два дзесяцігоддзі таму паяўленне на свет адразу траіх дзяцей было з'явай даволі рэдкай. Таму ў Кобрын мы накіраваліся, як толькі шматдзетная мама выпісалася з бальніцы і вярнулася дадому.

11-3

Падарунак лёсу

Іван і Марыя Селехі яшчэ, падалося, не паспелі канчаткова ўсвядоміць сябе бацькамі чацвярых дзяцей. Тады Марыя прызналася, што нейкі час была разгубленая. У маладой сям'і рос сынок, яны не супраць былі займець і дачушку. А тут на УГД яе агарошылі: «Віншуем, матулька, чакаюцца двайняты!» Пакуль ачомалася, звыклася з думкай аб двойні, стала прыглядацца да двухмесных калясак на рынку, падышла пара нараджаць. Накіравалі ў Брэст і ад абласных медыкаў пачула новае віншаванне: «Трымайцеся, матулька, у вас трайня на падыходзе!» Тут не кожная самая загартаваная нервовая сістэма вытрымае. Але як казала адна мудрая жанчына, «даў Бог дзяцей, дасць і сілы іх выгадаваць». Так і сталася. Дапамагалі патроху ўсе родныя. Вядома, найперш муж, тады ён служыў у райаддзеле МНС. Яго мама, Надзея Фамінічна, паводле слоў Марыі, стала самай хуткай дапамогай, шчасце яшчэ, што свёкар са свякроўкай жывуць з імі на адной вуліцы. Бацькі Марыі рэгулярна перадавалі прадукты, пакуль трымалі ў вёсцы сваю гаспадарку.

Зразумела, цяжка расціць трайнят, калі яшчэ і старэйшы малы. Сённяшнія маладыя мамы пры падтрымцы бабуль-дзядуляў з абодвух бакоў нярэдка стогнуць, што ночы не дасыпаюць. А што тут гаварыць, калі іх адразу трое, нарадзіліся маленькімі, крыху раней за тэрмін — з усімі наступствамі? Ды справілася ж, пераадолела многія і многія цяжкасці, пераадольвае іх і цяпер. І не проста падняла дзяцей на ногі, выхавала іх працалюбівымі, душэўнымі, сапраўднымі людзьмі. Але пра гэта крыху пазней...

Адно цэлае

Дзяўчынак назвалі Вера, Надзя, Люба. Яны падраслі і пайшлі ў школу, вядома, у адзін клас. 27 жніўня 2004 года ў нашай газеце быў змешчаны матэрыял са здымкам гэтых мілых першакласніц у прыгажэнных сукенках, якія пашыла да першага званка мама. Вялікая ўдача для сям'і, што гаспадыня цудоўна шые. Калі дочкі былі маленькія, новыя ўборы мама шыла ім да кожнага дня нараджэння. Тады малыя лічылі, што яны абавязкова павінны выглядаць аднолькава. Адзежак, якія моцна адрозніваліся б, не хацелі насіць наогул. Аднойчы ім на свята падарылі тры кофтачкі, прыгожыя, не танныя, але... розныя. «Так і праваляліся, — з усмешкай успамінае мама, — не ўгаварыла іх апрануць».

[caption id="attachment_87225" align="alignnone" width="600"]Уся сям'я ў зборы. Уся сям'я ў зборы.[/caption]

Яны раслі як адно цэлае, гэтак жа трымаюцца і зараз. Дзяўчаты заўсёды разам, да нядаўняга часу ў іх нумар тэлефона быў адзін на траіх. І толькі нядаўна набылі яшчэ дзве сім-карты. Калі купляецца нейкая абноўка, і не ў трох экзэмплярах, а крыху розныя варыянты, то ўмовай пакупкі для адной становіцца адабрэнне дзвюх другіх сясцёр. У іншым выпадку рэч не набываецца. А калі мама шые, то можна і падабраць колер з фасонам, і падагнаць па фігуры.

Ды і не толькі ў вопратцы справа. Даўным-даўно педагог-псіхолаг у садку паказала Марыі Селех асаблівасці псіхалогіі блізнят на простым прыкладзе. Дзяўчынкам паасобку далі аднолькавыя фігуркі і папрасілі раскласці ў радок — так, як ім падабаецца. Усе як адна расклалі ў аднолькавым колеравым парадку, напрыклад: чырвоны, потым жоўты, сіні, зялёны. І да гэтага маці не асабліва настойвала, калі сястрычкі нечага не хацелі апранаць альбо купляць, а пасля таго эксперыменту і пагатоў.

У школе фактар іх еднасці, здаецца, улічваюць. Грамату за нейкія поспехі ім нярэдка выпісваюць адну на трох. Такую мы заўважылі ў альбоме: «Селех Вера, Надзея, Любоў узнагароджаны за ІІ месца па выніках рэспубліканскага конкурсу «Мая сям'я ў асобах і падзеях». У іх такіх грамат і падзячных лістоў вялікае мноства. Класны кіраўнік Ірына Рыгораўна Марчук сказала, што трайняты — яе апора ў класе: актыўныя, ініцыятыўныя, да таго ж вельмі добрыя дзяўчынкі. У конкурсах і розных школьных мерапрыемствах не толькі ўдзельнічалі, але і нярэдка атрымлівалі заахвочванні. І тады ўзнагароды займалі сваё пачэснае месца ў сямейным летапісе, які ў доме Селехаў спраўна вядзецца ўжо многія гады.

Летапіс сям'і

У тоўстым альбоме, заўважыла, захоўваюцца нават ксеракопіі маіх газетных публікацый: і 1997, і 2004 года. Тут і самыя розныя адзнакі кожнага з членаў гэтага дружнага сямейства. Шматлікія дыпломы старэйшага сына Колі за спартыўныя дасягненні, працоўныя і армейскія адзнакі Івана Сцяпанавіча, як ужо гаварылася, самыя розныя знакі прызнання поспехаў Веры, Надзі, Любы. Менш за ўсё яе, Марыі, адзнак. Але ж зразумела, што за поспехам кожнага члена сям'і стаіць яе праца. «Адну работу робіш, — смяецца маці сямейства, — яшчэ тры вылазіць. Але ж мусіш усё рабіць. Сабе прыстойную сукенку пашыць проста часу не хапае».

І як яна ўсё паспявае?! Ну, хоць бы той жа альбом — гэта ж таксама яе рук тварэнне. Трэба было сабраць, абагуліць, прывесці да адзінай формы партрэты, біяграфіі, ілюстрацыі найперш дзядуляў і бабуль. Тут можна прачытаць, хто з іх дзе нарадзіўся, у якой сям'і, колькі дзяцей выгадаваў, дзе працаваў, якія працоўныя заслугі меў. Ёсць звесткі пра кожнага з дзядзькаў і цётак малодшага пакалення сям'і Селехаў. Ну, большасць старонак складае гісторыя іх сям'і ў храналагічным парадку, крок за крокам. Альбом працягваецца, наперадзе — не толькі новыя старонкі, але, відаць, і новыя тамы.

[caption id="attachment_87226" align="alignnone" width="600"]Прыгажуні мама і дочкі за бабуліным ткацкім станком. Прыгажуні мама і дочкі за бабуліным ткацкім станком.[/caption]

Дом

У гэтай сям'і любяць адно аднаго, любяць свой дом, ствараюць і падтрымліваюць традыцыі. Іх дом па вуліцы Якуба Коласа выдзяляецца акуратнасцю, дагледжанасцю. Гэты дом Іван і Марыя будавалі шмат гадоў. Узводзіць жыллё сталі неўзабаве пасля таго, як пажаніліся. На момант нараджэння дачок шмат чаго патрабавалася яшчэ зрабіць. Тады нават мясцовая газета паспяшалася паведаміць, што маладой шматдзетнай сям'і выдзелілі субсідыю на будаўніцтва. Тым больш, што Іван службу праходзіў у Афганістане, яны крыху і спадзяваліся на сякую-такую падтрымку. Пайшла тады Марыя Селех у выканкам, пахадзіла з кабінета ў кабінет. Адны абнадзейвалі, другія раілі, каб не асабліва разлічвала, а адна чыноўніца заявіла: «Вас ніхто не прасіў нараджаць». З той пары Селехі нічога ні ў каго не прасілі. Залазілі ў даўгі, асвойвалі розныя будаўнічыя спецыяльнасці, калі рабілася зусім цяжка, прасілі бацькоў дапамагчы, але дом свой давялі да толку, абсталявалі, як самім падабаецца. А яшчэ зрабілі яго гасцінным, утульным... і цікавым.

Музей

На другім паверсе, які ўтварае паддашак, Марыя з дапамогай сямейнікаў абсталявала сапраўдны музей вясковага побыту. Шчыра скажу, не ўсе этнаграфічныя куткі, куды звычайна водзяць дэлегацыі, могуць параўнацца з іх уласным сямейным музеем. Большасць яго экспанатаў склала маёмасць дзеда-гаспадара гэтага дома і прадзеда нашых гераінь. Калі паўстала пытанне разбіраць дзедаву хату, Марыя вывезла з гарышча ўсё. Нешта забрала з куфраў сваіх бабуль і бацькоў. І цяпер увесь цыкл сялянскага побыту ў рэчах размясціўся ў адным вялікім пакоі. І галоўнае, усё гэта сваё — яно памятае цяпло рук прабабуль і прадзедаў. Маё замілаванне выклікала, напрыклад, палатняная торбачка, з якою дзед Івана хадзіў у школу.

Тады ўсе насілі сшыткі ў падобных торбах, толькі захаваць названую рэч прыходзіла ў галаву далёка не кожнаму. Усе гэтыя збаны, ступы, вялікія плеценыя кашы, жалезныя прасы даводзілася сустракаць у многіх этнаграфічных кутках. А вось драўляны самаробны ложак, якому больш за сто гадоў, выглядае сапраўдным рарытэтам. На ім усё, як у пазамінулым стагоддзі: сяннік запаўняецца свежым сенам кожны год напярэдадні Калядаў. Засланы ложак саматканай бялізнай, упрыгожаны самаробнымі карункамі. Не так даўно ў Селехаў была госця з Францыі, дык папрасілася пераначаваць на гэтым ложку. І здзіўлялася, дзе толькі Марыя пазнаходзіла столькі бабуліных ручнікоў, абрусаў, вышытых сарочак! Яны размешчаны ўздоўж сцяны. Побач вісіць плеценая калыска. Ткацкі станок, дарэчы, у рабочым стане. А сама Марыя, аказваецца, умее ткаць, яе навучыла гэтаму маці. У куце прымасціліся драўляныя лапаты, якімі садзілі хлеб у печ. З цікавасцю даведваемся, што на Кобрыншчыне іх выкарыстоўвалі як абярэгі ў моцныя грымоты.

Кожная музейная рэч мае сваю гісторыю. На наша пытанне, што за драўляная бочачка крыху непрывычнай формы, чуем адказ, што менавіта вось гэтая пасудзіна гарэлкі пайшла некалі на вяселле дзеда. На вялікім стале знайшлося месца значкам і пасведчанням да іх аб тым, што бацька быў ударнікам працы. А чырвоная стужка з надпісам «Член клуба пяцітысячніц» сведчыць, што маці Марыі была перадавой даяркай. Пра любы экспанат можа расказаць не толькі стваральніца сямейнага музея, але і кожная з дачок і сын. Для іх і стараюцца Марыя Сцяпанаўна і Іван Сцяпанавіч: каб помнілі, шанавалі, ганарыліся.

Усе разам

Старэйшы сын Мікалай нядаўна прыехаў дадому пасля сесіі, хлопец скончыў трэці курс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. А ў дзяўчынак гэтае лета вельмі складанае і адказнае: спачатку экзамены ў школе, потым — тэсціраванне і паступленне. Схільнасці ва ўсіх розныя. Надзя, напрыклад, моцная ў гуманітарных дысцыплінах, займала прызавыя месцы ў алімпіядах па гісторыі і грамадазнаўстве, Вера больш любіць інфарматыку, але да тэстаў усе рыхтуюцца сур'ёзна і адказна.

Падрыхтаваліся дзяўчынкі і да першага ў сваім жыцці балю. Мама пашыла ім выпускныя сукенкі. Калі адна з сясцёр па нашай просьбе памерала ўбор, фотакарэспандэнт не стрымаўся і ўсклікнуў: «Нібы з французскага салона!». І да гэтага больш нічога нельга дадаць. А калі ўявіць іх з прычоскай і макіяжам, то перад вамі паўстануць сапраўдныя прыгажуні. Яны і ў рэтрасукенках, якія мама пашыла да апошняга званка, таксама выглядаюць стыльна. Як мы змаглі даведацца пазней, не толькі прыгажуні гэтыя выпускніцы, яны яшчэ і добрыя гаспадынькі. Мама з ранку была на працы, а ім сказала прыгатаваць дэсерт. Калі ж нас запрасілі за стол, адмовіцца было немагчыма! Каштавалі і сведчым: торт, піражкі, блінцы з тварагом дзяўчаты гатаваць умеюць. А яшчэ яны ўмеюць рабіць усё па доме і агародзе. Вясковы дзядуля зараз застаўся адзін, гады і здароўе патрабуюць, каб да яго наведваліся два разы на тыдзень. Вера, Надзя, Люба разам з мамай і татам часта едуць да дзеда і там таксама ўсё робяць.

Яшчэ калі былі на другім паверсе ў маленькім пакойчыку побач з музеем, дзе захоўваюцца шматлікія вышыванкі мамы і дачок (і гэта яны ўмеюць), мімаходзь пацікавілася, ці былі яны хоць раз усе разам на моры, на нейкіх курортах. «Неяк не выпадала, — адказала Марыя. — Можа, як-небудзь потым...»

Ведаю, аб чым сціпла прамаўчала суразмоўніца: сёння яны не могуць дазволіць такі адпачынак. Але гэта не галоўнае. Галоўнае — згода і разуменне, здароўе Надзі, якое патрабуе пастаяннай увагі, спадзяванні і планы на будучыню. На светлай прасторнай кухні, дзе пахла печывам і дамашняй утульнасцю, думалася, што вось гэтыя простыя людзі рабочых прафесій здолелі пабудаваць шчаслівую сям'ю, стварыць у доме атмасферу асаблівай інтэлігентнасці. У падмурку гэтага будынка, несумненна, талент Марыі як гаспадыні і маці, грунтоўнасць і аўтарытэт Івана як бацькі, падтрымка родных і блізкіх.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Кобрынскі раён.

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.