Вы тут

Перавернутае жыццё


Натататки татки

Як чалавек, які вырас яшчэ з дзевяццю братамі і сёстрамі, і як дзядзька адзінаццаці пляменнікаў, да пэўнага часу я быў цвёрда перакананы: пра бацькоўства ведаю больш чым дастаткова. Для мяне тут усё было проста: дзеці, безумоўна, гэта шчасце, але, у першую чаргу, адказнасць, бяссонныя ночы і мала часу на асабістае жыццё. Сёння, калі маёй дачцэ ўжо год і два месяцы, магу сказаць: усё гэта сапраўды так. Словы — тыя, толькі сэнс у іх ужо іншы.

Самая прыемная адказнасць

Калі рыхтуешся да бацькоўства, ты не выпускаеш з галавы думку пра адказнасць. «Ты абавязаны забяспечыць гэтага чалавека ўсім неабходным, даць яму ўсё найлепшае». Гэта аксіёма проста авалодвае тваёй свядомасцю. І, толькі стаўшы татам, ты разумееш: усё пералічанае — другаснае ў паняцці адказнасці. Да мяне гэтае разуменне ўпершыню прыйшло, калі жонка з малой яшчэ знаходзіліся ў бальніцы. Дачушцы няправільна паставілі кропельніцу. Не трапілі ў вену. Гэта прывяло да ацёку ручкі і шыйкі. Бедненькая, яна яшчэ не паспела нават усвядоміць, як усё вакол змянілася пасля нараджэння, а тут давялося цярпець боль... Сваё першае выпрабаванне дачка вытрымлівала годна. Малая не плакала, але пры размове з жонкай у трубцы было чуваць, як яна цяжка дыхае. Я ніколі не думаў, што так можна адчуваць боль іншага чалавека. Тады я зразумеў, чаму так рана пасівела мая маці. Боль дзяцей — боль іх бацькоў, а адказнасць — не проста забеспячэнне ўсім неабходным. Гэта неабсяжная паняцце, пачатак якога — у сэрцы. З таго часу кожны вечар, цалуючы дачку перад сном, я прашу Усявышняга, каб Ён абараняў яе. Прашу: каб калі ёй і наканавана зведаць боль, то няхай лепш пашле гэта мне, нават памножаным шматразова.

Само ж асэнсаванне адказнасці за новае жыццё таксама прыходзіць нечакана. Я, напрыклад, дакладна магу назваць гэты момант. Калі маіх дзяўчат выпісалі з бальніцы і мы падымаліся ў сваю кватэру, недзе паміж другім і трэцім паверхам малая прачнулася і пачала варушыць ручкамі ў канверціку. Праз тканіну адчуў гэтыя рухі.

Не ведаю чаму, але менавіта ў тую хвіліну дакладна зразумеў: я адказны за чалавечка, якога нясу на руках. У гэты момант, на гэтай крутой лесвіцы і на ўсё астатняе жыццё.

Так, дзеці — вялікая адказнасць, але самая прыемная і хвалюючая, што можа быць дадзена чалавеку.

Рамантыка бяссонных начэй

Дзеці — гэта бяссонныя ночы. Напэўна, такая асацыяцыя з'яўляецца самай распаўсюджанай. Тут памылкі няма. Яшчэ ні адно дзіця не выгадавалася, не зладзіўшы сваім бацькам «усяночную». Толькі першы час ты не спіш не ад таго, што дзіця плача, а ад таго, што хвалюешся за яго. Раптам прачнецца, а цябе няма побач? А раптам раскрыецца і яму будзе холадна? І такіх «раптам» набярэцца столькі, што кожную гадзіну ты будзеш прачынацца, каб праверыць, ці ўсё добра.

Бяссонных начэй сапраўды шмат. Толькі яны не падобныя на тыя, калі табе патрэбна быць у дарозе ці скончыць неадкладную працу. Вам калі-небудзь даводзілася да раніцы гуляць з каханым? Згадзіцеся, вы не адчувалі стомы. Так і ў гэтым выпадку. У такіх начах ёсць свая адметная рамантыка. Калі дачцэ не было яшчэ і месяца і колікі перашкаджалі сну, я клаў яе жывоцікам сабе на грудзі. Цяпло цела спрацоўвала, як грэлка, яно здымала спазмы, і малая супакойвалася. Яна ціхенька сапла і засынала, а я ляжаў, баяўся варухнуцца, нават дыханне запавольвалася так, што чуваць было, як б'ецца яе сэрца. Ад нерухомасці цела млела, хутка пачынаў адольваць сон, але перапыняць такі шчаслівы момант не хацелася.

Так, дзеці — гэта ночы без сну, але дзеці — гэта яшчэ і той энергетык, які дае бясконцы запас сілы і вытрымкі.

Новы цэнтр Сусвету

Малое дзіця ў сям'і — як спушчаны якар для карабля. Пэўны час ты ўжо не можаш так лёгка сарвацца на сустрэчу з сябрамі ці ў падарожжа. Для кожнага выхаду з дому неабходна пралічваць цэлы шэраг абставінаў: надвор'е, час, месца і гэтак далей. Уражанне, што збіраешся ў космас. З другога боку, ты і сам ужо не імкнешся столькі часу праводзіць у кампаніях. Баішся прапусціць любую хвіліну, таму што ў ёй абавязкова будзе нешта адмысловае: пяшчотная ўсмешка, першы крок альбо новае слова. Ці можна гэта назваць абмежаваннем асабістага жыцця? Не, бо дзіця і становіцца тваім асабістым жыццём.

У юнацтве часта ўяўляў сабе, як буду татам. Ведаў: гэта будзе чымсьці незвычайным і эмацыйным. Быў перакананы: дзеці — шчасце, якое пераварочвае тваё жыццё з ног на галаву. Падсвядома быў падрыхтаваны і да складанасцяў, але не чакаў, што нараджэнне дзіця дае крылы, якія ўздымаюць чалавека над перашкодамі і дапамагаюць несці любы цяжар адказнасці.

Аляксандр АЛЕСІК

Усе матэрыялы рубрыкі "Нататкі таткі" чытайце тут

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.