Вы тут

Выпрабаванне... летнікам


Пра што трэба пагаварыць з малым, адпраўляючы яго ў самастойнае падарожжа, і да чаго рыхтавацца маме з татам, якія застаюцца дома?

Рашэнне адправіць дзіця ў летні лагер першы раз — сапраўднае выпрабаванне для бацькоў. Трывога і страх пачынаюцца толькі ад адной думкі, што малы будзе пару тыдняў без апекі роднага чалавека. Але адпачынак у летніку для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак — больш чым проста канікулы. Гэта сапраўдная самастойнасць, дзеці раскрываюцца ў лагеры лепш, чым у звычайным жыцці. Там няма выдатнікаў і троечнікаў, няма адказаў каля дошкі. У лагеры жывыя чалавечыя зносіны круглыя суткі.

11-4

Пра тое, як зрабіць адпачынак у летніку максімальна спакойным і камфортным для малых і бацькоў, расказала псіхолаг дзіцячага цэнтра «Дарвік» Святлана АНІШЧАНКАВА.

У якім узросце можна адпраўляць дзіця ў летні лагер?

Тут усё вельмі індывідуальна. Некаторыя дзеці могуць самастойна жыць у лагеры ўжо з 7 гадоў, ёсць «хатнія» малыя, якія гатовы да такога адпачынку толькі ў дзесяць. Ёсць дзеці, якім увогуле не падабацца адпачываць удалечыні ад родных.

— Безумоўна да кожнага малога неабходны індывідуальны падыход, — гаворыць Святлана Анішчанкава. — Калі дзіця па сваіх асаблівасцях развіцця не гатова мець паўнавартасныя кантакты ў соцыуме (а гэта заўсёды відаць па канфліктах у дзіцячым садку і ў школе), то адпраўляць такіх адпачываць у летнік будзе памылкай. Звычайна гэта дзеці сарамлівыя, замкнёныя, больш трывожныя ці наадварот гіперактыўныя. Такія малыя ў летніку будуць атрымліваць негатыўны вопыт, і адпачынак не прынясе ім карысці.

Што неабходна ўмець дзіцяці, якое едзе ў летнік?

Па-першае, дзіця павінна ўмець даглядаць сябе. Самастойна мыцца, мыць адзенне, адзявацца і расчэсвацца. Па-другое, дзіця важна навучыць сачыць за сваімі рэчамі. У лагеры шмат дзяцей, па некалькі чалавек у пакоі, а за парадкам мала хто ўмее сачыць. Таму згубіць рэчы там вельмі лёгка.

— Калі дзіця не валодае элементарнымі бытавымі навыкамі, то лепей пачакаць з самастойным адпачынкам. За тыдзень немагчыма навучыць малое абслугоўваць сябе, таму правільным вырашэннем будзе адправіць дзіця ў летнік на наступны год, — лічыць спецыяліст.

Уменне звяртацца па дапамогу

Звычайна кожную групу дзяцей суправаджае або курыруе кіраўнік. Прасачыце, каб у вашага дзіцяці быў запісаны тэлефон гэтага чалавека, каб яно ведала і не баялася звярнуцца да яго, калі нешта здарыцца. Яшчэ малому трэба запомніць галоўнае правіла: калі ўсё ж нешта здарылася — адразу звяртацца да дарослых! Калі нехта ўпадзе, паб'ецца, страціць грошы ці яго пакрыўдзяць — усё гэта падстава звярнуцца па дапамогу.

— Патрабаваць ад дзіцяці ідэальных паводзін проста бессэнсоўна,— гаворыць Святлана. — Бацькам трэба проста прыняць тое, што непазбежны выпадкі, калі ў вашага малога ўзнікнуць невялічкія праблемы. Менавіта яны даюць дзецям ключ да пазнання жыцця. Напрыклад, сіняк пад вокам дасць яму разуменне, што не заўсёды трэба лезці на ражон, і, магчыма, у наступны раз ён будзе шукаць выйсце з канфлікту іншым шляхам. Калі ж малы згубіць свае грошы, то горыч страты падштурхне яго быць больш уважлівым. Гэта натуральны жыццёвы вопыт.

Правілы для ўсіх

Загадзя раскажыце дзіцяці пра тое, што ў лагеры ўсе жывуць і адпачываюць па пэўных правілах. Яны могуць адрознівацца ад жыцця дома, але іх трэба абавязкова выконваць. Напрыклад, дзецям у летніку не дазваляецца заплываць на глыбіню, нават калі малы пра сябе ведае, што ўмее вельмі добра плаваць, і нельга самастойна сыходзіць за межы тэрыторыі летніка, нават калі дзіця заўсёды гуляе самастойна. Растлумачце і абмяркуйце з дзіцем, хто і навошта прыдумаў розныя правілы і чаму іх трэба выконваць.

— Пэўныя правілы дапамагаюць дзіцяці гарманічна развівацца псіхалагічна і эмацыянальна, — упэўнена спецыяліст. — Дзеці, якія растуць у сем'ях, дзе парушана іерархія, часта бываюць проста дэзадаптаванымі ў грамадстве. Вялікі плюс адпачынку малых у летніку якраз у тым, што яны вымушаны падпарадкоўвацца дарослым. Такі вопыт дапамагае ў будучыні адаптавацца ў калектывах.

Знаёмімся і заводзім сяброў

Звычайна дзеці вельмі лёгка знаёмяцца. Але ў некаторых усё ж могуць узнікнуць цяжкасці.

Скажыце школьніку, што шмат хто ў яго групе адчувае тое, што і ён. Таму можна смела выбіраць сабе сябра, а той будзе толькі рады.

Не забудзьцеся згадаць, што калі яго прапанова (напрыклад, пайсці разам пагуляць) не была ўспрынята з захапленнем, гэта не падстава крыўдзіцца, а тым больш злавацца.

— Яшчэ адзін плюс знаходжання малых перыядычна без бацькоў — гэта паніжэнне сацыяльных асацыяцый, — разважае псіхолаг. — Бацькі часта дыктуюць сваім малым, з кім і як сябраваць. Для дзіцяці, якое з цяжкасцю праходзіць наладжванне некаторых асабістых адносін, вельмі важна самому выбраць сабе сябра. Выходзячы з-пад апекі дарослых, малыя маюць больш шанцаў навучыцца сябраваць па-сапраўднаму.

Трымайце сувязь

Неабходна стварыць дзіцяці адчуванне надзейнага «тылу», запэўніць яго, што ў любы момант ён зможа звязацца з вамі. Дайце яму з сабой мабільны тэлефон. Калі дзіця маленькае, тэлефон можа захоўвацца ў выхавацеля. Абгаварыце час званкоў. Паклапаціцеся пра тое, каб у дзіцяці былі запісаны ўсе вашы каардынаты.

— Да сітуацый, калі дзіця тэлефануе з летняга лагера з нейкай скаргай, дарослым трэба ставіцца адэкватна, — раіць спецыяліст. — Зразумела, малога спачатку трэба падтрымаць, а ўжо потым расказаць яму, што з любой праблемы ёсць выйсце, і не адно. Дарэчы, у гэтым павінны быць упэўнены не толькі дзеці, але і дарослыя.

Гаджэты і грошы

Растлумачце свайму дзіцяці, што калі ён бярэ ў лагер планшэт, смартфон або камп'ютар, то ён сам павінен ахоўваць сваю дарагую ўласнасць. А можа, лепш наогул не браць?

Грошы даваць з сабой давядзецца ў любым выпадку. У некаторых летніках грошы захоўваюцца ў кіраўніка групы, некаторыя дзеці вырашаюць распараджацца капіталам самі. Раскажыце малому, на што і як траціць грошы. Можна, дарэчы, раскласці грошы на асобныя «купкі», распісаўшы па днях, якую суму яму можна патраціць. Так дзіцяці будзе лягчэй не патраціць грошы за адзін дзень.

— Тэма грошай заўсёды вострая, — лічыць Святлана. — А ў малых часта проста няма элементарнага вопыту «зносін» з грашыма. Дзіця звычайна дзейнічае прымітыўна, яму захацелася — ён набыў. Таму ўвогуле даваць вялікія сумы не варта: буйная сума на доўгі тэрмін будзе размеркавана дзіцем няправільна.

Адаптацыя

Адаптацыя на новым месцы звычайна доўжыцца каля тыдня. Гэта значыць званкі са слязамі могуць паступаць у першыя 7 дзён.

Сэрца маці ў гэты момант ірвецца на часткі, і першы парыў — забраць дзіця з летніка. Але, паверце, хутчэй за ўсё, праз пару дзён дзіця абвыкне, уцягнецца, а да канца змены не захоча вяртацца дадому. Так што проста размаўляйце з малым спакойна, запэўніце яго, што сумаваць па дому — гэта нармальна. Распытайце дзіця, што цікавага ёсць у лагеры. Старайцеся размаўляць з ім не часцей за два разы на дзень, інакш дзіця ад вас так і не «адарвецца».

Але ўсё-такі слухайце дзіця ўважліва, і ў выпадку сумненняў ператэлефануйце кіраўніку групы.

— Здараецца, што бацькі свае эмоцыі несвядома накладваюць на эмоцыі дзяцей, — гаворыць псіхолаг. — Часта страх і трывожнасць маці, якая адарвала ад сябе любімае дзіця, перадаюцца малому, і тады ён вымушаны паводзіць сябе так, як чакае ад яго самы дарагі і любімы чалавек. Таму бацькам трэба быць вельмі ўважлівымі ў праяўленні сваіх эмоцый і вучыцца давяраць сваім малым.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.