Вы тут

Жыві і помні...


Перада мной — любімы фотаздымак з сямейнага альбома, дзе наш бацька — малады салдат Вялікай Айчыннай ля разгорнутага сцяга воінскай часці. І адразу ўспамінаецца ўсё, што ён расказваў пра гэтыя падзеі, пра сваё жыццё...

11-12 11-13

Нарадзіўся наш тата Флёрка Павел Рыгоравіч 2 мая 1922 года ў в. Ветвіца Лельчыцкага раёна. Яго бацька, як і многія іншыя, быў рэпрэсіраваны. Таму дзяцінства выдалася цяжкае. Акрамя яго, засталося яшчэ трое дзяцей.

Калі пачалася вайна, бацьку было 19 гадоў. У Чырвоную Армію быў прызваны 12 ліпеня 1941 года. Разам з ім з раёна было чалавек 30 (а вярнуліся толькі 2 ці 3).

Іх перакінулі, як успамінаў тата, пад горад Ялец Арлоўскай вобласці, дзе была сфарміравана 5-я Чыгуначная брыгада. Ён любіў паўтараць, што застаўся жывы дзякуючы свайму бацьку. І растлумачваў гэта так: «Спачатку назвалі прозвішчы прызыўнікоў і адразу адправілі іх на фронт. Усе яны ў першым баі загінулі. А тых, каго не назвалі, залічылі ў чыгуначную брыгаду і пакінулі ў тыле. Гэта былі дзеці «ворагаў народа», у каго бацькі былі рэпрэсіраваны. Ім не давяралі. І сапраўды знайшліся такія, што захацелі ўцячы, дэзерціраваць. Звалі з сабою і бацьку, але ён наадрэз адмовіўся. Бацька служыў плотнікам-маставіком у 10-м асобным батальёне (бралі ў яго толькі тых, хто добра валодаў сякерай), дзе было каля 1000 салдат, да сакавіка 1942 года. Яны будавалі чыгуначныя масты — пад бомбамі варожай авіяцыі і днём, і ноччу.

Гэта быў «нябачны фронт»...

Пасля 1 мая 1945 года бацька служыў на Далёкім Усходзе. Іх рыхтавалі да баёў з Японіяй. А потым працаваў на аднаўленні чыгункі Паўночнага Урала. Менавіта да гэтага часу і адносіцца фотаздымак каля разгорнутага сцяга часці №58. Гэта была, як казаў бацька, вялікая ўзнагарода.

Трымаю ў руках ваенны білет бацькі № 0642357. На старонцы 9 запісаны дзяржаўныя ўзнагароды: медаль «За адвагу», медаль «За вызваленне Варшавы», медаль «За ўзяцце Берліна», медаль «За перамогу над Германіяй». Менавіта гэтыя медалі красуюцца на грудзях у бацькі на фотаздымку.

У сакавіку 1948 года бацька быў дэмабілізаваны. Вярнуўся на сваю радзіму. У тым жа 1948-м у вёсцы Крупка сустрэў свой лёс — дзяўчыну Ніну Кліменку. Яна была таксама сіратой. Разжываліся цяжка. Пабудавалі спачатку невялікі дом, а пасля — новы, вялікі, прыгожы, які і цяпер стаіць у вёсцы Крупка. Тут і пражылі яны ўсё сваё жыццё. Тут нарадзілася пяцёра дзяцей: два сыны і тры дачкі. Наш бацька — майстар на ўсе рукі. Сам рабіў сталярку, печы, грубы, цэбары, бочкі, канапы, шафы. Усё ў нашым бацькоўскім доме зроблена яго залатымі рукамі. Нават рабіў нам лыжы, санкі, канькі. Ніколі мы, дзеці, не чулі ад яго брыдкага слова, не бачылі п'яным. Ён мог выпіць толькі ў свята ці на вяселлі. Бацька працаваў аб'ездчыкам, загадчыкам зернясклада, трыццаць гадоў быў брыгадзірам паляводчай брыгады №4 саўгаса «Буйнавічы».

Да пары яму і наша любімая матуля Ніна Арцёмаўна. Стаўшы маці-гераіняй, яна ўсе свае сілы аддала нам, дзецям. Мама вучыла нас маляваць, спяваць, вышываць, вязаць, ткаць на кроснах, прасці кудзелю. Ад маці мы з дзіцячых гадоў засвоілі, што нельга хлусіць, смяяцца са старых, з калек, што трэба паважаць настаўнікаў, старэйшых. Нельга ленавацца, трэба шчыра працаваць...

Вось з такім мацярынскім і бацькоўскім багажом і пайшлі мы, пяцёра, у жыццё. Сёння ў нас на ўсіх восем дзяцей і трое ўнукаў.

На зямлі мае бацькі свой абавязак выканалі. Бацька перажыў маці на 2 гады і пайшоў з жыцця на 93-м годзе. Ён упаў ад інсульту на калгасным полі, якое абхадзіў сотні разоў сваімі нагамі. Мы ж, дзеці, заўсёды будзем адчуваць сябе ў неаплатным даўгу перад імі...

Наталля Фіцнер,

в. Буйнавічы
Лельчынскі раёна.

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей). Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі з гісторыяй (не больш за тры) дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, або іnfo@zvyazda.mіnsk.by. Аўтар найлепшага фота з гісторыяй будзе адзначаны прызам. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца аўтарам.

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.