Вы тут

Далёка і блізка


Трэці Сырны фэст пройдзе 20 чэрвеня ў азёрным комплексе Батанічнага сада ў Мінску з апоўдня да сямі вечара. Гандаль і дэгустацыі, праверка на «сырную сумяшчальнасць», сырныя алімпійскія гульні, сырнае казіно, свята рознай смакаты, мышыны забег і бойка з крысіным каралём. Відаць, будзе смачна.

11-7

Некалі, 111 гадоў таму, дзень 16 чэрвеня праславіўся тым, што стаў Днём Блума (Bloomsday, успамінайце раман Джэймса Джойса «Уліс»). У гэты дзень адбылося першае спатканне Джойса і Норы Барнакль, пакаёўкі з Fіnn's Hotel, на Nassau Street. З таго дня напісанае зрабілася ўспамінам. Або наадварот. І вось кожны год 16 чэрвеня прыхільнікі рамана «Уліс» па ўсім свеце адзначаюць Bloomsday: едуць у Ірландыю, ідуць па маршруце герояў, ад вежы Мартэла да паба Дэві Бірн. Не жадаеце далучыцца?

20-27 чэрвеня ў Магілёве — духоўна-асветніцкая выстава-кірмаш «Беларусь Праваслаўная». Прадметы царкоўнага ўжытку для дома і храма, літаратура, абразы, святыні Іерусаліма, мёд, зёлкі. Спецыяльная праграма «Задай пытанне святару», майстар-класы па званарстве, канцэрты, семінары, прэзентацыі выданняў, фотавыставы. Кірмаш размесціцца каля прыпынку «Дыягнастычны цэнтр», а мерапрыемствы зоймуць галоўную гарадскую бібліятэку і «Плошчу зорак».

11-8

Міжнародны фэст крапівы праходзіць штогод. Дзе б вы думалі? У сяле Крапівіна, ёсць такое пад Тулай. Абставіны месца гавораць самі за сябе: арганізатар свята — музей-запаведнік «Ясная Паляна» і міжнародны фонд «Спадчына Л.М. Талстога». Раней Крапівіна было горадам. На гербе яго красаваліся галінкі крапівы. Цяпер у Крапівіне з удзелам турыстаў праходзіць ачмурэнна цікавае дзейства, якое чаго толькі ў сябе не ўключае. Сёлета пачатак свята прыпадае на 20 чэрвеня. Калі ў гэты дзень, дабраўшыся да Крапівіна, апячыся там як след крапівою, то ніякія хваробы не адолеюць цэлы год.

Абрэвіятура ММКФ у расшыфроўцы даўно патрэбы не мае. Або расшыфроўваецца так: адзін з найстарэйшых кінафорумаў свету. Прынамсі, другі (!) пасля Венецыянскага. Некалі, у 1935-м, яго адкрываў Эйзенштэйн фільмам «Чапаеў». Хоць гісторыкі кіно вам скажуць, што ММКФ нарадзіўся ў 1959 годзе. І дададуць: штогадовым і значным ён стаў у 1999-м. Ну, і няхай сабе. Галоўнае — ён цікавы. Таму аматары кіно і сёлета не прапусцяць дзесяць сінема-дзён у канцы чэрвеня.

11-6

На тамтэйшым кірмашы — як на Сарочынскім: адчуваеш сябе ўдзельнікам ці сведкам нечага звышнатуральнага. «Чалавек харошы, дай дзеду грошай», — просіць мужычок у вышыванцы і паласатых штоніках, падперазаных вяроўчынай. Мужычок любіць, калі да яго падыходзяць, ляпаюць па плячы, фатаграфуюцца з ім. Але сам — і з месца не кранецца. Вочы ў яго хітравата-ліслівыя, твар — саламяны. І колькі яшчэ такіх самых дзівакоў сустрэнуцца на Купаллі ў Александрыі? Можна іх і не лічыць, але наведаць кожнага — варта. Два дні ў пачатку ліпеня, 4-га і 5-га.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».