Вы тут

Шукаем пытанні, а не адказы


Ніколі не трэба верыць тым, хто піша пра падарожжы напышліва і мудрагеліста. Які-небудзь аматар прыгожай славеснасці ў сваім эксцэнтрычным, на яго думку, опусе можа, безумоўна, напісаць і так: прыязджайце, маўляў, у Ветку — «і ўсе таямніцы гэтага горада, яго паданні і міфы адкрыюцца перад вамі, як жыватворны выток наталяе душу і чарэслы». Неяк так, агульнапрынята, кандова і неінфарматыўна.

[caption id="attachment_87259" align="alignnone" width="600"]Уваход у музей. Уваход у музей.[/caption]

На самай справе прыгожая славеснасць — гэта адно, а валацужная рамантыка — нешта абсалютна іншае.

Ды і калі такое было, каб стары паважаны беларускі горад, ды яшчэ такі незвычайны, як Ветка, ні за што ні пра што свае таямніцы ўзяў ды першаму заезджаму адкрыў? А павадзіць кругом-навокал-побач? А загадаць нам новыя загадкі? І ці будзем мы паважаць такі «з душою расхрыстанай» горад, і ці атрымаем асалоду ад экскурсій па ім, калі будзем шукаць там адказы, а не пытанні?

Вось прыедзеце вы ў Ветку, трапіце там, як шмат хто да вас, на Чырвоную плошчу, зойдзеце ў дом купца Грошыкава, у якім размешчаны знакаміты музей, уразіцеся яго экспанатамі — і што далей? Прачытаеце потым у купленым разам з сувенірамі буклеціку, што Ветку заснавалі рускія стараверы на землях мазырскага ваяводы Халецкага. І што вам з таго? Адкрыліся таямніцы? Ды наадварот. Дагэтуль вы спакойна не ведалі ніякага купца Грошыкава і не было вам ніякай справы да ваяводы Халецкага, а цяпер адзін клопат у галаве: што за Грошыкаў, які Халецкі? Ці той гэта Грошыкаў, што меў асабняк у Гомелі, на рагу Мільённай і Баярскай, пераназваных пасля адпаведна ў Білецкага і Баўмана? Ці бацька яго, ці, можа, дзядзька? Чым гандляваў і які меў прыбытак? А што той Халецкі з блізкага адсюль Хальча, аўтар «Кампендыума рытарычнага» і «Алегорый»? Кім ён гэтаму Халецкаму і тым стараверам, што з'явіліся ў пакоях апошняга з малітоўным прашэннем: прыгарнуць да сябе, будавацца дазволіць, бо, маўляў, на рускіх землях прыцясняюць найноўшай абраднасцю? Можа, ён і ёсць?

Адны загадкі, спадарства. І чым больш, я вам скажу, капаць, тым глыбейшымі яны робяцца. І вось гэта якраз і ёсць тое, што я называю неабходным атрыбутам сапраўднага падарожжа або першай прыкметай валацужнай рамантыкі: нельга проста сузіраць дамы і прадметы, трэба праз іх упівацца вачыма ў мінулае.

Вось вы бачыце ў пакоі з каванымі вырабамі сярод безлічы цяжкіх, як падняць, музейных прадметаў чатырохлапы якар. Не проста так ён тут, а праз тое што ў Ветцы такія якары вырабляліся, і не толькі на свае патрэбы (наш купец Грошыкаў, між іншым, быў купцом паспяховым, меў для прафесійных мэтаў ажно два параходы, дык якары яму, зразумела былі патрэбны), а нават для экспарту ў краіны, дзе гэтае майстэрства, відаць, не так працвітала (прынамсі вядома, што ў Грэцыю і Турцыю нашы «кошкі», як называюцца такія якары, дакладна выпраўляліся).

Я вам не да канца распавяла пра Грошыкава. Кажуць, што калі яго параход прычальваў да берага, тут жа аднекуль з'яўляўся старэнькі яўрэй. Ён сустракаў прыплыўшых музыкай — іграў на скрыпачцы. Калі, ведаючы гэта, выйсці ў Ветцы на бераг Сожа, можна, далібог, яе пачуць. А можа, і ўбачыць, як плыве па вадзе прымацаваная да абраза старавераў галінка, па іхняму ветка, над якой было з вялікім спадзяваннем прамоўлена: «К коему берегу волнами прибьётся сия ветвь, там и быть нашему поселению, ибо это будет указанием Божьего перста».

Герб Веткі ледзь не самы просты, які толькі можна было прыдумаць: серабрыстая літара W на чырвоным «іспанскім шчыце». І вось вам, спадарства, загадка: ці можа гэтая W быць пачаткам слова «Ветка»? Правільны адказ: хутчэй не, чым так. Таму што, ну, як можа горад, заснаваны стараверамі, рускімі перасяленцамі, пачынацца не на рускую В, а на польскую W? Нонсэнс! Нават калі вам пра гэта распавёў экскурсавод.

У чырвоным полі — дзве сярэбраныя кроквы (або козлы для распілоўкі дроў) накшталт літары W, а з самай сярэдзіны гэтай літары W вертыкальна выходзіць страла. Што гэта? Герб таго самага пана Халецкага, якога тут, у Ветцы, усе экскурсаводы, як згаварыўшыся, называюць выключна па прозвішчы і «мазырскім ваяводам». Гэта ад яго герба ўзялі веткаўчане сабе атрыбут.

Як жа ўсё-такі імя таго пана Халецкага?..

Рамантыкам

Па Ветцы трэба нагуляцца як след. Набадзяцца, навалацужыцца, круцячы галавою налева-направа. Крама на рагу Батракова і Кастрычніцкай мае назву «Вежа» і выглядае як маленькі кавалачак ці то замкавай сцяны, ці то проста нейкай казкі. Здаецца, зойдзеш у яе кім ёсць, а выйдзеш... Ну, напрыклад, гераіняй «Чырвонага Каптурка». І будзеш далей трымаць імідж — звернеш на Батракова не як на адну з асноўных тут вуліц, а як на лясную сцяжынку, што вядзе да бабулінай хаткі. А казка, між тым, працянецца: ідучы паўз адзін толькі дом, трапіш па чарзе на вясновы бераг рэчкі, у летні кветкавы прылесак, на восеньскую сцежку, што вядзе да храма, і на зімовую дарогу, па якой імчыць, высякаючы з-пад капытаў зоркі-сняжынкі, белы-белы казачны конь.

11-9

Нават дома не так смачна

Калі вы аматар кавы з малаком або вяршкамі, летнія падарожжы могуць здавацца вам маленькімі ахвяраваннямі: нават пастэрызаваныя малочныя прадукты ў цёплыя дні скісаюць, а згушчанка — варыянт, які падыходзіць тым, хто любіць, каб кава была салодкай. Але ёсць жа гурманы, якім падавай, як нам, каву з вяршкамі без цукру. Выйсце, дзякуй вытворцам, знойдзена: у крамах можна набыць сухія вяршкі, ды яшчэ з адмысловымі смакамі — арэхавым, шакаладным, ванільным, лікёравым...

Паслядоўнікам

Самае знакамітае месца ў Ветцы — яе музей — звязана з іменем не толькі купца Грошыкава, але і народнага ўмельца Шклярава. Гэта ён адкрыў тут некалі такі вялікі музей, пачаўшы з рэчаў уласнай калекцыі. Калі, гуляючы па Ветцы, натрапіце на разны драўляны дом з птушкай, што вось-вось узляціць з канька, вясёлымі рамонкамі на франтоне, карункавым балконам і варотамі, што нагадваюць царкоўныя, то ведайце: гэта дом Шклярава Фёдара Рыгоравіча, мясцовага чалавека-легенды, жыццё якога перайшло мяжу вечнасці ў 1988-м.

11-15

Ідэі

Пры наведванні музеяў нестандартныя ідэі непазбежна ўзнікаюць — праз вострае жаданне захапіць з сабою не толькі настрой і ўражанні, але і нешта матэрыяльнае. Вось што мне асабліва спадабалася ў Веткаўскім музеі: разныя драўляныя вароты — раз, шафа з чырвонага дрэва з карункавым аздабленнем — два, медны цыліндрычны самавар на высокіх гнутых «лапках» — тры, вялізныя шалі на ланцугах (быццам арэлі) — чатыры, бюрка на стромкіх ножках — пяць. І асабліва — лічыльныя косткі з фігурным краем, зробленая з акна фатаграфічная рамка, фаліянты-старадрукі, ручнік з качкамі і распісны блакітны чайнічак. Вось гэта ўсё без адзінага выключэння, як я ўжо недзе пісала, выкананае ў мініяцюры з дрэва ці пластыку, гліны, паперы, саломы, металу, паркалю, яечнай шкарлупіны, яшчэ чаго-небудзь, я хацела б набыць у сувенірнай лаўцы на памяць аб падарожжы. І гэтая ідэя здаецца мне слаўнай, вартай увасаблення.

11-14

Падарожнічала Святлана ДЗЯНІСАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.