Вы тут

Світанкі новага жыцця пад гукі вечна маладога вальса...


У краіне праходзяць апошнія школьныя святы для выпускнікоў.

...Цяпер выпускныя балі ў сярэдніх школах праходзяць па ўсёй краіне ў канцы першай дэкады чэрвеня. Больш за чвэрць стагоддзя таму развітальныя вечары адбываліся на два тыдні пазней — у сярэдзіне 20-х чыслаў. Час бяжыць, усё змяняецца... Як, напрыклад, адносіны настаўнікаў да сваіх колішніх вучняў. Памятаю, недзе першыя гадоў пяць з моманту заканчэння школы мы даволі часта забягалі ў яе — тут яшчэ вучыліся малодшыя браты і сёстры, сябры. І чулі ад настаўнікаў нешта кшталту «Вось раней былі выпускнікі! А вы...» Але пакрысе напал гэтага выказвання сціхаў, пакуль мы аднойчы ўжо не пачулі: «Вось вы — не тое, што цяперашнія школьнікі...» Таму і да гэтых нататак, не жадаючы нікога пакрыўдзіць, прапаную ставіцца гэтак сама. Чалавеку ўласцівае пачуццё настальгіі, калі з цягам часу ў памяці застаецца толькі прыемнае. У наш час выпускнікі не каталіся на лімузінах, не адзначалі свята ў рэстаранах, як гэта стала модным значна пазней, не заказвалі ў якасці вядучых апошняга школьнага балю вядомых шоуменаў — іх папросту не было. Як не было ні шыкоўных сукенак, ні шакаладных фантанаў, ні феерверкаў у гонар заканчэння вучобы. Але, магчыма, прысутнічала нешта такое, пра што не ведаюць, не здагадваюцца выпускнікі сённяшнія...

Ад­на­клас­ні­кі, на­стаў­ні­кі, баць­кі...

 

Гавораць, што цяпер тэма выпускнога балю абмяркоўваецца літаральна з пачаткам апошняга для выпускнікоў навучальнага года. У нас такога не было, наколькі памятаю, размовы пра гэта пайшлі ці не ў маі. Вядома, ніякае іншае месца правядзення, як школьная актавая зала для афіцыйнай часткі, а потым сталовая — для неафіцыйнай, нават не разглядалася. У гэтым наша пакаленне падобнае да цяперашніх выпускнікоў, якім таксама дазволена адзначаць свята толькі ў сценах навучальнай установы. Запомнілася, што тады вельмі цяжка было купіць добрыя цукеркі — дэфіцыт тавараў ужо праявіў сябе. А ў мяне маці працавала ў аэрапорце, таму яе папрасілі набыць на ўсіх кілаграмаў пяць шакаладных цукерак, якія я потым аднёс у школу ў невялікім турыстычным заплечніку...

Не ведаю адкуль, але была тады ў нас такая традыцыя: пасля апошняга званка, але не пазней выпускнога хадзіць класам на прыроду з начлегам. Я памятаю, як у адзін з апошніх дзён мая мы пасля заняткаў сабраліся на беразе Волмы, каб абмеркаваць наш паход. З невялікага класа ў яго пайшлі амаль усе. Да самага блізкага лесу кіламетры тры ішлі вясёлым натоўпам пад спевы з касетнага магнітафона. Тады ўжо набіраў абароты «Ласкавы май», але не меншай папулярнасцю карыстаўся першы альбом групы «Шакалад», які мы і слухалі бясконца, набліжаючыся да лесу. У ім паставілі палатку без днішча, якая нагадвала індзейскі вігвам, распалілі вогнішча... Рыхтуючы нататкі, я знайшоў старыя здымкі той ночы ў лесе: на іх тагачасная фотатэхніка змагла ў асноўным захаваць толькі гэтае полымя ў ночы. Памятаю, у нас скончылася вада і адзін аднакласнік вызваўся схадзіць да крынічкі. Пайшоў і надоўга знік, думалі, заблудзіў. А потым пілі прынесеную ім ваду з трохлітровага слоіка, у якім на фоне агню былі відаць парушынкі торфу, і ўсё спрабавалі даведацца: аднакласнік дайшоў да крынічкі ці зачарпнуў вады з якой канавы? А таго аднакласніка ўжо няма...

Ужо не першы год падчас правядзення апошніх званкоў і выпускных баляў у краіне дзейнічае забарона на продаж у крамах спіртных напояў. У нашы часы, вядома, таксама нагадвалі, маўляў, каб «ні-ні», але ў крамах нічога не змянялася. Ці прысутнічаў на выпускных алкаголь? Так. Але хутчэй не як уласна спіртное, а як нейкая праява даросласці. Калі мы перад выпускным хадзілі на прыроду, на ўсю кампанію ў нас было дзве бутэлькі віна: у аднакласніка ўжо прайшоў дзень нараджэння, а ў мяне павінен быў быць праз некалькі дзён. Вы думаеце, пры такім раскладзе хаця б нехта захмялеў? На выпускным у нас ужо была гарэлка. Некалькі бутэлек зноў жа на вялікую кампанію. Паколькі ў мяне былі ключы ад фоталабараторыі, паставілі яе менавіта там, і я, каб не прыцягваць увагі, вадзіў па чарзе туды сваіх аднакласнікаў. Ну, каб не прыцягваць увагі... Выходзім раз з чарговым «кліентам» нашага «бара», ён закусвае на хаду. Насустрач — яго маці-настаўніца. Вядома, яна нічога не заўважыла, гэта ж будзённая справа — есці бутэрброд, выходзячы з фоталабараторыі, у той час як побач у школьнай сталоўцы накрытыя сталы, за якімі ўсе сядзяць... Мы ў чайнікі не зазіралі, але па бляску вачэй бацькоў і настаўнікаў было зразумела, што гарбатка ў іх была калі не моцная, дык, прынамсі, паўсалодкая ці салодкая мацаваная... Увесь вечар да самага світання прайшоў без эксцэсаў. Раз ці два ў школу завітаў міліцэйскі патруль, але гэта было планавае наведванне.

Апош­ні зва­нок: у ад­ных усё толь­кі па­чы­на­ец­ца...

Што, мабыць, не змянілася за доўгія гады, дык гэта падыходы да выбару строю для выпускнога. Хлопцам было прасцей — дастаткова набыць касцюм, які і потым можна было насіць у паўсядзённым жыцці. Праўда, мой лепшы сябар якраз па гэтай прычыне не збіраўся ісці на апошні школьны вечар, але касцюм быў набыты, і праблема вырашылася. У дзяўчат усё было нашмат складаней, ім заўсёды трэба вырашаць невырашальнае: ісці ў нечым арыгінальным, што потым больш ніколі нікуды не апранеш, або ў больш утылітарным, але не такім адмысловым... Захавалася і стужка выпускніка: ружовая, шырынёй сантыметры на тры, на якой шарыкавай ручкай напісана «Выпускнік-89», побач роспісы той жа ручкай усіх аднакласнікаў і тры значкі на ёй — камсамольскі, «Меткі стралок» і за разрад па стральбе...

Чым запомніліся апошнія школьныя тыдні? Прадчуваннем хуткіх перамен, якія літаральна адчуваліся ў паветры. Збеглі неяк з лепшым школьным сябрам і суседам па парце Ігарком з заняткаў. Узялі па куфлі квасу, стаім у цэнтры пасёлка, п'ём і адчуваем, як хмялеем... Ці той квас тады сапраўдны быў, ці то справа была ў іншым... Размовамі пра тое, хто колькі білетаў ужо вывучыў і якую колькасць шпаргалак напісаў. Паходамі на бераг рэчкі зноў жа са школьным сябрам для таго, каб на прыродзе рыхтавацца да іспытаў. Насамрэч карысці ад такой вучобы ў «зялёнай школе» было мала... За колькі часу да выпускнога я зладзіў для аднакласнікаў невялікую фотасесію. За гады вучобы было зроблена шмат фотаздымкаў, гэты былі адны з перадапошніх — на развітанне. Шкада, што нічога не захавалася — усё раздаў. Да апошняга званка, апроч традыцыйнага невялікага фотаальбома, таксама было зроблена адмысловае партфоліа: у канцылярскую карычневую папку для папер за пяць капеек уклеілі па чатыры фота, што я наздымаў на ўроках; аздобілі іх надпісамі «Апошні званок-89» і вершам, надрукаваным на машынцы... Дарэчы, потым колькі гадоў запар я фатаграфаваў на заказ і апошнія званкі ў школах, і выпускныя балі з уручэннем атэстатаў. Была магчымасць нібы зноў і зноў перажываць тое, што яшчэ нядаўна было ў маім жыцці. Збярэш клас і вядзеш куды-небудзь на прыроду: у стары парк, на бераг ракі. І кожны раз спрацоўваў «эфект адной бярозы». Гэта калі прапаноўваў дзяўчыне ці хлопцу або купцы аднакласнікаў сфатаграфавацца, напрыклад, каля якога дрэва. Усё, пакуль увесь клас не сфатаграфуецца па чарзе менавіта каля яго, ніхто нікуды далей не ідзе, іншых бярозак не заўважае!..

Падчас школьнага жыцця ў мяне былі два захапленні: фатаграфаванне і стральба. Цягам двух гадоў разам з сябрамі выпускалі фотагазету: як ладзіліся суботнікі, праходзілі агляды мастацкай самадзейнасці, праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы. Прыемна было ранкам перад урокамі павесіць у фае школы газету, склееную з некалькіх вялікіх аркушаў ватману, і назіраць, як пакрысе да яе ўсе цягнуцца, абмяркоўваюць, смяюцца (і як з кожнай пераменай змяншаецца колькасць здымкаў, якія мае героі адрывалі сабе на памяць). Магчыма, дзякуючы гэтым фотагазетам я і выбраў прафесію журналіста. Памятаю, за некалькі тыдняў да апошняга званка ў школу прыехаў сталічны фотакарэспандэнт рабіць матэрыял на гэтую тэму. Слова за слова (а пра журналістыку я чамусьці ўвогуле не думаў) і ўзнікла цікавасць, якую наталяю ўжо колькі гадоў...

Перачытаў яшчэ раз пажаданні сваіх аднакласнікаў, напісаныя больш за 25 гадоў таму. Часам наіўныя, але вельмі шчырыя. Ці збыліся яны?.. Як і выпускнікам сённяшнім, хочацца верыць, што ва ўсіх нас наперадзе яшчэ шмат світанняў...

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота аўтара

Іншыя матэрыялы рубрыкі "Узровень-40" 

«Камкі», «мальвіны» і скураныя курткі з «ліхіх 90-х», або ад «Візітнай карткі пакупніка» і талонаў да валютных секцый

Пакаленне дэфіцыту, ці Што насілі і як выглядалі дзеці ў савецкія часы

Першы прыклад у жыцці

Даць бы многім чарнільную ручку…

Мае Арбузік і Бябешка, ці Як «Па­лес­кія ра­бін­зо­ны» ў па­ход ва­дзі­лі

Цацкі і забавы савецкага дзяцінства

Смаленне вепрука, або Чаго не ведае пакаленне-ХХІ

Бульба, яблыкі, каменне, або «Сельгасрамантыка» колішніх школьнікаў і студэнтаў

Верасень, які пахне драўнінай і сокам…

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.