Вы тут

Барбекю ад любімай газеты


Суперпрыз рэкламнай гульні «Адпачнём на прыродзе са «Звяздою», які мы разыгралі падчас мінулай падпісной кампаніі, знайшоў свайго ўладальніка! Жыхар Кобрына Аляксей Васільевіч ШЧЭРБА ўчора завітаў да нас у рэдакцыю, каб забраць свой падарунак — барбекю Sundays. «Такога прыстасавання ў мяне дома няма, — прызнаецца наш пераможца. — Самаробным барбекю звычайна карысталіся. Але гэта (чытач паказвае на прыз) — іншая справа!»

12-26

Аляксей Васільевіч раней працаваў на чыгунцы: 38 гадоў быў машыністам крана. Цяпер мужчына на пенсіі. Але бадзёрасці і моцы «звяздоўскага» падпісчыка можна толькі пазайздросціць. Цяжкі падарунак («Нічога сабе! Барбекю там адразу з куранятамі, ці што?» — здзівіўся наш фатограф, паспрабаваўшы падняць каробку.) Аляксей Васільевіч з лёгкасцю ўхапіў адной рукой. «У мяне свой дом у Кобрыне, у агародзе барбекю пастаўлю, — дзеліцца планамі мужчына. — Зяць у нядзелю ўжо прыедзе, паспрабуем прыгатаваць што-небудзь. Ён гэтую справу любіць. Калі дзень народзінаў адзначаем ці якое іншае свята, заўсёды шашлыкі смажыць».

Сям'я ў Аляксея Васільевіча немаленькая: жонка, дзве дачкі, зяць, два ўнукі (старэйшы вучыцца ў брэсцкім тэхнікуме). «Чым на пенсіі займаюся? — усміхаецца мужчына. — Уласную гаспадарку маленькую трымаем — некалькі курэй і ўсё. У лес па грыбы, калі сезон, езджу». Адпачыць на рэчку Мухавец, якая працякае ў Кобрыне, пенсіянер з сям'ёй выбіраецца нячаста. Жартуе, што жонка ездзіць да вады не вельмі любіць, бо плаваць не ўмее.

Аляксей Васільевіч цікавіцца жыццём свайго рэгіёна і краіны, таму праглядае шмат газет. Некалі пры Савецкім Саюзе выпісваў «Известия», цяпер чытае раённую і абласную прэсу. «Звязду» мужчына выпісвае больш за 20 гадоў. «Усё цікава, — кажа ён. — І пра надвор'е на заўтра даведацца можна, і пра знакамітых землякоў. Чытаю ад першай да апошняй старонкі».

Зычым Аляксею Васільевічу і яго сям'і цёплых дзянькоў і смачных шашлыкоў на новым барбекю!

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.