Вы тут

Ці магчыма літасць да псяюхі?


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай «Звязды». Паэтычныя прыклады ўзяты з твораў Якуба Коласа. Ці ведалі вы, што:

Кпіны — злыя, абразлівыя жарты, насмешкі (тыя самыя кепікі).

І смех там быў, былі і жарты,

І кпіны едкія, і злосць.

Псяюха (размоўнае слова) — той, хто выклікае нянавісць.

Няхай адно кране за вуха:

Як выйдзе ён на двор, псяюха,

Адзін без нас, як цёмна стане,

Тады што скажаш нам, Іване?

Ску́так (размоўнае слова) — вынік; вывад.

Ды толькі вось чым скутак дрэнны:

Міхал быў сам крыху пісьменны

І падлавіў ён раз Алеся:

У Законе Божым, як у лесе.

Бэлька — брус, які абапіраецца на сцены і падтрымлівае насціл у хаце.

Ён ператрос і вугалочкі,

Як ёсць, аблазіў і куточкі;

Глядзеў за бэльку і ў пячуру.

Літасць — добрае, велікадушнае стаўленне.

Давалі людзі ёй дарады,

Куды схадзіць, каго спытаць.

Хадзіла, мерала прысады,

Каб літасць, праўду напаткаць.

Мармо́ль — нелюдзімы, негаваркі чалавек. «Ты ж, як мармоль той, ходзіш, дома ні слова», — чытаем у беларускага пісьменніка Платона Галавача.

Галава і два вухі — так скажуць пра нездагадлівага, прастакаватага чалавека. Беларускія сінонімы: без клёпкі ў галаве, курыная галава, галава капусцяная, куст альховы, пень асінавы, мех з саломай, конь божы, у цемя не біты. Рускія: голова садовая, мякинная башка.

Днём з агнём — ніякім чынам немагчыма нешта знайсці. Яшчэ беларусы скажуць: шукаць са свечкамі, з сабакамі. Рускія — днём с огнём, с фонарём. Даследчыкі мяркуюць, быццам выраз узнік з грэчаскай легенды пра філосафа Дыягена, які аднойчы, каб паказаць, як мала сапраўдных людзей сярод сапсаванага грамадства, запаліў удзень ліхтар і ўсюды хадзіў з ім, гаворачы: «Шукаю чалавека».

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10—11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.