Вы тут

Ігар Пазняк: «Няма сэнсу быць кімсьці, варта быць самім сабой»


12-20

Некалі тэлебачанне і людзі, якія там працуюць, здаваліся нашаму герою недасяжнымі. А потым ён стаў часткай каманды тэлеканала «СТБ». Сёння навіны для вядучага праграм «24 гадзіны», «Нядзеля» Ігара Пазняка — не проста расповед пра падзеі новага дня, а нешта большае. Тое, што натхняе шукаць незвычайнае ў звыклым, што сцірае ўсе межы паміж жыццём у кадры і за ім. Прайшоўшы шлях ад рэпарцёра да вядучага і спалучаючы цяпер гэта з пасадай дырэктара дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання, ён ведае пра навіны ўсё. А нам стала цікава даведацца, хто і што яго натхняе на няспынную працу і з чаго ўсё пачалося...

— Ігар, сёлета вы атрымалі «Тэлевяршыню» ў намінацыі «Лепшы вядучы штотыднёвай інфармацыйна-аналітычнай праграмы». Чым для вас яна знакавая?

— Мабыць, любы тэлевізійнік, журналіст і наогул чалавек творчы мае нейкія свае прафесійныя амбіцыі, якія неабходна падсілкоўваць час ад часу. Таму, не буду ўтойваць, мне прыемна было атрымаць узнагароду, але не больш за тое. Не магу сказаць, быццам яна нешта кардынальна змяніла ў маім жыцці. Я ў прафесіі далёка не першы год, таму да такіх падзей стаўлюся досыць спакойна. Імкнуся не ўзводзіць гэта ў ранг чагосьці неверагоднага.

— Ваш прыход на тэлебачанне адбыўся па класічным сцэнарыі, калі чалавек ідзе на кастынг альбо ў яго жыцці адбываецца лёсавызначальная сустрэча?

— Не ведаю, ці класічны ў мяне сцэнарый, але з вопытам прыйшло глыбокае перакананне, што людзі, якія прыходзяць у журналістыку і здольныя тут добра працаваць, як правіла, у прафесію трапілі выпадкова. Я не выключэнне, хоць са школьных гадоў марыў займацца гэтай справай. Думаў паступаць на філфак альбо на журфак. Як апынуўся на геаграфічным? Проста таму, што ў адзінаццатым класе мяне адправілі на алімпіяду па геаграфіі. Я нават не зразумеў чаму, бо па гэтым прадмеце ў мяне была чацвёрка. Але ж пайшоў і перамог. Потым заняў адно з прызавых месцаў у вобласці, а ў выніку і па рэспубліцы аказаўся чацвёртым. Такім чынам праклаў сабе прамую дарогу на геаграфічны факультэт. Паступіў і, правучыўшыся семестр, зразумеў, што мне гэта не падабаецца. Аднак, калі прыйшоў да дэкана факультэта журналістыкі з просьбай мяне перавесці, той мне адмовіў. Сказаў, раз ты выбраў гэты шлях, то дайдзі па ім да канца. А потым атрымалася так, што малады тэлеканал «СТБ», які толькі ствараўся, аб'явіў кастынг вядучых. Я тады ўжо скончыў універсітэт, пісаў дысертацыю, паступіўшы ў аспірантуру. Але ўсё ж вырашыў паспрабаваць сябе на тэлебачанні. Паўгода я «разрываўся», а ў выніку выбраў журналістыку.

— І адразу сталі вядучым?

— Пасля кастынгу я прэтэндаваў на пасаду вядучага, але стаць ім атрымалася не адразу. Мяне пасадзілі ў кадр, але пасля першага эфіру прынялі адтуль, бо нікому не спадабалася. І я працаваў рэпарцёрам. Сёння, няхай прабачаць мяне калегі, я перакананы, што перад тым як «садзіцца» ў кадр і весці навіны, трэба займець рэпарцёрскі вопыт. Сам не ўспрымаю, калі са студыі навін паведамляе пра падзеі чалавек, які не мае да навін ніякага дачынення, і відаць, што ён проста чытае кімсьці напісаны тэкст.

12-19

— Складана сумяшчаць кіруючую пасаду з цягай да творчасці?

— Калі ад працы атрымліваеш задавальненне, то і сумяшчаць удаецца. З аднаго боку, ёсць складанасці, таму што ў нашай прафесіі няма такога, калі ты прыйшоў, як на заводзе, адпрацаваў восем гадзін і пайшоў дадому. У нас жа намінальна ты на працы знаходзішся, напрыклад, дзесяць гадзін, але нават у дарозе абмяркоўваеш па тэлефоне нейкія пытанні. Могуць і сярод ночы патэлефанаваць, бо навіны — рэч непрадказальная.

— Вы строгі кіраўнік?

— Усё залежыць ад пытання, якое патрабуе вырашэння. Я даволі гнуткі і падатлівы, калі размова заходзіць пра асабістыя справы. У мяне, мабыць, прасцей, чым у іншых кіраўнікоў, можна адпрасіцца, калі вам «дрэнна». Але я абсалютна бескампрамісны ў дачыненні да творчасці. Магу патрабаваць ад карэспандэнта перапісваць тэкст па некалькі разоў. Бывалі гісторыі, што і да слёз некаторых даводзіў сваёй патрабавальнасцю, а ўсё таму, што я ніколі не пушчу ў эфір матэрыял, які мне не падабаецца. І тут не справа густу, а, як не высакапарна тое прагучыць, справа гонару.

— За час працы «ў навінах» у розных іпастасях можаце цяпер вылучыць нейкія тэндэнцыі ў гэтай сферы: як змяняюцца патрабаванні да інфармацыйнага прадукту, ці маюць рацыю тыя, хто эксперыментуе з падачай?

— Пытанне гэта складанае і шматграннае. Усё залежыць ад фармату навін. Нават адзін і той жа глядач на працягу дня змяняецца, таму павінна мяняцца і падача навін. Напрыклад, ранішнія навіны ў нас робяцца ў тэлеграфным стылі, дзе лаканічная падача інфармацыі. І гэтага дастаткова, таму што раніцай чалавек снедае, збіраецца на працу і фонам слухае тэлевізар. А да вечара ўся інфармацыя абрастае «мясам» і, вярнуўшыся з працы, гледачы хочуць у навінах знайсці падрабязнасці тых падзей, якія іх цікавяць. Таму тут ужо неабходны творчы падыход у стварэнні сюжэту, рэпартажу. Што датычыцца тэндэнцый, то мы заўсёды імкнёмся навіны рабіць «чалавечнымі». Напрыклад, зрабіць рэпартаж пра нейкую афіцыйную падзею — справа не лёгкая, але нашы карэспандэнты імкнуцца падысці да тэмы творча і нестандартна. На мінулым тыдні карэспандэнт Кацярына Жыляніна рабіла сюжэт пра афіцыйны візіт прэзідэнта Індыі ў Беларусь. І, акрамя паведамлення пра перамовы, яна здолела арганічна «ўплесці» ў свой рэпартаж інтэрв'ю з ёгам і расповед пра святкаванне фестывалю фарбаў... Паглядзеўшы яе рэпартаж, я быў уражаны, хоць нас, журналістаў, складана нечым здзівіць. У сваёй уласнай працы, калі еду на здымкі, я таксама шукаю тое, што можа мяне ўразіць. Калі гэта атрымліваецца, то і натхненне прыходзіць, а значыць і ў тэлегледачоў будзе водгук на ваш сюжэт.

— На «Тэлевяршыні» вы сказалі, што дачка Марыя — ваша муза. Яна праяўляе інтарэс да тэлебачання?

— Так, але спадзяюся, што справай жыцця яна выбера нешта іншае. Па тым, што тэлегледачы бачаць у кадры, нельга зразумець, наколькі складаная наша праца. І мая дачка бачыць пакуль што вярхі...

— Як аднаўляеце сілы пасля працоўнага дня?

— У мяне ёсць для гэтага цэлы рытуал: я люблю выходзіць на шпацыр пасля працы. Ад офіса заўсёды праходжу нейкі адрэзак дарогі дадому пешшу. Некалькі разоў нават увесь шлях пераадольваў так, праходзіў па 12 кіламетраў. Іду, гляджу на людзей, назіраю, што адбываецца навокал, і стараюся не думаць пра навіны, калі ніхто не тэлефануе. А потым усё нанова.

— Вы вучыліся на адным курсе з Георгіем Калдуном, які таксама цяпер працуе на тэлебачанні. Падтрымліваеце з ім ці з кімсьці з калег прыяцельскія адносіны?

— Сярод сваіх маю рэпутацыю такога праўдалюба, чалавека нязручнага. У мяне мала сяброў, з калегамі стараюся не заводзіць сяброўскіх адносін. Часам уступаю ў канфліктныя сітуацыі, бо заўсёды ў вочы кажу тое, што думаю... Не магу сказаць, што з Георгіем мы вялікія сябры, хутчэй прыяцелі. І бачымся не часта, але калі сустракаемся, то можам пасядзець, пажартаваць, згадаць студэнцкія гады.

— Добры, мабыць, быў час?

— Лічыцца, што студэнцкія гады — яны самыя лепшыя. І для мяне той час сапраўды быў такім. Смажылі бульбу, варылі суп «Дружба», для якога адзін прыносіў бульбіну, другі моркву, трэці яшчэ нешта. І потым елі ўсе разам. Цяпер, калі ўжо можам сабе дазволіць больш, чым суп, і пасядзець у добрым месцы, наўрад ці атмасфера будзе ранейшай. Тыя пачуцці, эмоцыі, якія перажылі студэнтамі, ужо ніколі не вернеш. Але яны засталіся ў памяці.

— Кажуць, што тэлевізійнікі па-свойму адчуваюць час. Вам камфортна жыць у ХХІ стагоддзі?

— Насамрэч я як белая варона, бо вельмі некамфортна адчуваю сябе ў кампаніі ўсіх тэхнічных навінак. Калі браць камп'ютар ці інтэрнэт, то для мяне яны толькі сродкі, якія патрэбны ў працы. Думаю, куды больш утульна мне было б у гадах 70-х мінулага стагоддзя. Тады я нарадзіўся, у атмасферы таго часу прайшло маё дзяцінства і засталіся прыемныя ўспаміны. Хоць у нашай прафесіі і трэба мець моцны кулак, каб часам стукнуць ім па стале, але я чалавек вельмі сентыментальны. Люблю савецкія мультфільмы, мяне да глыбіні душы можа крануць нейкі фільм альбо сітуацыя.

— А ў чым ваша сіла?

— Калі людзі кажуць, што яны ў нечым моцныя, то мне здаецца, што часткова гэта падман і боязь прызнацца, наколькі ты слабы. Не магу сказаць, быццам я моцны. Я проста імкнуся праяўляць настойлівасць там, дзе гэта неабходна. Калі стаўлю мэту дабіцца нечага, то не адступлюся. Але гэта не праява сілы, а мае жыццёвыя прынцыпы. Аднак часам здараюцца сітуацыі, у якіх разумееш, што ад цябе па вялікім рахунку нічога не залежыць. І я ўсё часцей разумею: няма сэнсу быць кімсьці. Варта быць самім сабой.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.