Вы тут

Кікімара


Кікімара. Народ па-рознаму ўяўляў сабе гэту істоту: жонкай дамавіка ці лесуна, гаспадыняй хаты — маленькай, сухой, непрыгожай, старой; ці дзяўчынай з белым тварам, цёмнымі вочкамі-вугельчыкамі і доўгімі чарнявымі валасамі. Яна можа дапамагаць гаспадарам, клапаціцца аб статку, гушкаць дзяцей, пячы хлеб, папярэджваць аб небяспецы. Але ў большасці паданняў кікімара — злосны дух, які жыве ў хаце і робіць беспарадкі, вымушае гаспадароў пакінуць жытло: раскідвае рэчы, б'е посуд, шчыпле кур, мучае кошку, вые ўначы і г.д. Кікімара можа жыць не толькі ў хаце, але і ў лазні, хляве, гумне, куратніку і г.д.

 Па старажытных паданнях у кікімар пераўтвараліся дзяўчаты, якіх у дзяцінстве ці яшчэ ва ўлонні праклялі ўласныя маці. У кікімар таксама маглі ператварыцца нехрышчоныя дзеці.

 Лічылася, што кікімары селяцца ў тых хатах, якія былі пабудаваны на «нячыстым» месцы (на памежку, на месцы былых могілак ці там, дзе было здзейснена забойства і г.д.).

 Кікімару маглі «наслаць» цесляры ці печнікі ў час будаўніцтва хаты, калі іх зневажалі гаспадары, дрэнна разлічваліся з імі: яны клалі на покуці трэску ці цурку, а часам і спецыяльна вырабленую ляльку.

 Кікімара — нябачная істота, але часам яна трапляла на вочы гаспадарам — у тым выпадку, калі шкодзіла ці калі прадказвала бяду: смерць кагосьці з членаў сям'і.

 Лічыцца, што абарону ад кікімары можна знайсці ў святой Марыямны (дзень ушанавання — 2 сакавіка), калі звярнуцца да яе з малітвай. Толькі яна магла паўплываць на гарэзлівую кікімару.

 Акрамя таго, найлепшым абярэгам ад кікімар лічыўся «курыны бог» — камень з натуральнай адтулінай. Яго абавязкова вешалі ў куратніку, хляве ці насілі на шыі.

 Нашы продкі лічылі, што толькі адзін раз на год — на Герасіма-Грачэўніка (17 сакавіка) кікімару можна было выгнаць з хаты пры дапамозе замоў і рытуальных дзеянняў.

 Але лепш было кікімару задобрыць, каб яна не рабіла шкоды: ніколі не пакідалі на ноч недаробленую работу, напрыклад, прадзіва, верацяно і г.д., непрыбраны стол, брудны посуд, нявымеценую падлогу і г.д.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.