Вы тут

Хакераў прыцягнуць да адказнасці ў 14 гадоў


А схаваная рэклама тытуню і алкаголю будзе забаронена.

Палата прадстаўнікоў разгледзела і прыняла шэраг законапраектаў. Сярод іх унясенне дапаўненняў і змяненняў у некаторыя кодэксы. Так, прапануецца прыцягваць да адказнасці за крадзяжы, якія здзяйсняюцца з дапамогай камп'ютарнай тэхнікі, з 14 гадоў. Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, прадстаўляючы законапраект у першым чытанні, патлумачыў, што ў КК прапануецца ўнесці змены, якія зніжаюць узроставую планку па некаторых артыкулах.

Не злоўжывай

Законапраектам прапануецца памяняць арт. 27 «Узрост, з якога наступае крымінальная адказнасць» КК. Сярод злачынстваў, пералічаных у ч. 2, гэта значыць дзеянняў, за якія прадугледжана адказнасць для асоб ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў, з'яўляюцца арт. 212 (крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі) і арт. 415 (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі).

Не менш цікавымі з'яўляюцца папраўкі ў закон «Аб рэкламе», якія прыняты ўжо ў другім чытанні. Першае чытанне адбылося ў кастрычніку 2014 года. Як растлумачыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Леанід Кавалевіч, дакумент накіраваны на ўдасканаленне прававога рэгулявання адносін, якія звязаны з папярэджаннем размяшчэння, распаўсюджвання рэкламы алкагольных напояў і тытунёвых вырабаў пад выглядам рэкламы іншых тавараў (работ, паслуг), арганізацый і грамадзян, і накіраваны на павышэнне эфектыўнасці мер па папярэджанні і пераадоленні п'янства, алкагалізму і тытунекурэння, а таксама зніжэнне ўзроўню спажывання алкаголю і тытуню насельніцтвам, памяншэнне негатыўных наступстваў іх спажывання для грамадства.

Апроч іншага, паводле слоў дэпутата, папраўкамі прадугледжваецца прывядзенне тэрміналогіі закона «Аб рэкламе» да адпаведнасці з патрабаваннямі іншых заканадаўчых і міжнародна-прававых актаў, якія складаюць нарматыўную прававую базу Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы.

Супраць шпіянажу і наркотыкаў

Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні таксама папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Беларусі.

У прыватнасці, законапраект карэктуе артыкул 356 «Здрада дзяржаве» КК Беларусі. Прапануецца лічыць здрадай дзяржаве выдачу дзяржсакрэтаў не толькі іншай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку, але таксама міжнароднай арганізацыі або яе прадстаўнікам. З артыкула таксама выключаны тэрмін «агентурная дзейнасць». Акрамя таго, з артыкула выключаецца частка 2, якая абвяшчае, што дзеянні, прадугледжаныя часткай 1 гэтага артыкула, спалучаныя з забойствам, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў, пажыццёвым зняволеннем або смяротным пакараннем з канфіскацыяй маёмасці ці без.

З КК таксама прапануецца выключыць артыкул 356-1 «Устанаўленне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы», а артыкулы 358 «Шпіянаж» і 358-1 «Агентурная дзейнасць» выкладаюцца ў новай рэдакцыі. У тым ліку ў артыкул 358 уводзіцца тэрмін «міжнародная арганізацыя».

У сваю чаргу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Эдуард Сянькевіч растлумачыў, што ўнясенне паправак у беларускае заканадаўства ў першую чаргу абумоўлена фарміраваннем Еўразійскага эканамічнага саюза і неабходнасцю ўніфікацыі заканадаўства яго краін-удзельніц. Напрыклад, папраўкі ўніфікуюць падыходы да супрацьдзеяння на тэрыторыі ЕАЭС кантрабандзе і абароту наркотыкаў.

Новае рашэнне

Першае чытанне прайшлі дапаўненні і змяненні ў некаторыя кодэксы, якія тычацца судаводства. У тым ліку ў законапраекце досыць шмат артыкулаў пра апеляцыйную дзейнасць, якія прапануецца ўнесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Важнасць гэтай навелы ў тым, што дзеючая рэдакцыя кодэкса прадугледжвае касацыйнае абскарджанне і апратэставанне прысудаў. Касацыя прадугледжвае толькі праверку рашэння ніжэйстаячага суда вышэйстаячым, але не даследаванне новых доказаў. Таму пры касацыйнай вытворчасці магчыма альбо пацвярджэнне папярэдняга рашэння, альбо яго адмена, а пры апеляцыйным можа быць вынесена новае рашэнне.

А вось дапаўненні ў закон «Аб таварных біржах» прыняты ў другім чытанні. Папраўкі, як мяркуецца, ліквідуюць бар'еры пры доступе на рынкі ЕАЭС. Законапраект прадугледжвае магчымасць удзелу замежных юрыдычных асоб у біржавых таргах. Вызначаецца і дадатковая функцыя таварнай біржы — арганізацыя і развіццё біржавой лагістыкі.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».