Вы тут

Давярай, ды правярай, або як не трапіць пад перадвыбарную маніпуляцыю?


Якую ролю адыгрываюць сацыялагічныя даследаванні падчас выбарчай кампаніі? Ці варта давяраць інфармацыі экзітполаў? Якія задачы павінны ставіць перад сабой сацыёлагі і як правільна праводзіць сацапытанні? Як адрозніць сапраўднага даследчыка ад махляра? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўвалі падчас «круглага стала» часопіса «Беларуская думка», прысвечанага сацыялогіі ў выбарчых працэсах.

Мадэратарам дыскусіі выступіў галоўны рэдактар часопіса Вадзім ГІГІН. Ён адзначыў, што да сацыялагічных звестак увага заўсёды павышаная. Аднак у чым прынцыповае адрозненне сацыялагічных даследаванняў менавіта ў выбарчых працэсах?

12-33

Дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ доктар сацыялагічных навук, прафесар Давід Ротман перакананы, што вынікі такіх даследаванняў важныя для ўсіх, бо даюць інфармацыю аб ходзе электаральнага працэсу. Пры гэтым яны павінны не проста паказваць лічбы, а адказваць на чатыры пытанні: «што адбываецца?», «чаму?», «што зрабіць, каб зняць негатыўныя наступствы таго, што адбываецца?», «што будзе пасля?».

«Даследаванні не павінны даваць нейкія кропкавыя вынікі. Гэта няправільна, павінен быць аналіз. Падчас сацыялагічных даследаванняў трэба выяўляць праблемныя сітуацыі (чым людзі задаволены, а чым не задаволены), каб ведаць, над чым працаваць», — упэўнены Давід Ротман.

У прыватнасці, па словах прафесара, мала проста высветліць рэйтынгі кандыдатаў у дэпутаты або прэзідэнты, неабходна адказаць на пытанне, ад чаго яны залежаць і як фарміруюцца.

У сваю чаргу дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта (ІАЦ) Аляксей ДЗЕРБІН адзначыў, што самыя дакладныя вынікі даюць электаральныя сацыялагічныя даследаванні непасрэдна напярэдадні выбараў.

Справа ў тым, што на працягу перадвыбарнай кампаніі розныя інфармацыйныя акцыі або падзеі ўплываюць на настрой грамадства, таму вынікі даследаванняў могуць адрознівацца.

Якую ролю адыгрываюць у гэтым экзітполы (апытанні людзей пры выхадзе з выбарчых участкаў)? Начальнік упраўлення сацыялагічных даследаванняў ІАЦ Уладзімір ЛІТВІНОВІЧ лічыць, што можна вылучыць некалькі функцый экзітполаў: па-першае, гэта форма грамадскага кантролю, па-другое, яны носяць інфармацыйна-забаўляльны характар. Начальнік упраўлення таксама адзначыў, што экзітполы часта памыляюцца.

«У 2004 годзе, калі ў ЗША было супрацьстаянне Джорджа Буша і Джона Кэры, перад абвяшчэннем афіцыйных вынікаў экзітпол агучыў свае звесткі, па якіх пераможцам станавіўся Кэры. Аднак афіцыйныя вынікі былі зусім іншымі. Экзітпол потым пералічыў усё і прызнаў, што памыліўся», — прывёў прыклад Уладзімір Літвіновіч.

«Катэгарычна нельга абвяшчаць вынікі апытанняў людзей на выхадзе з выбарчага ўчастка праз кожныя дзве ці чатыры гадзіны. Толькі праз 20 — 30 хвілін пасля закрыцця ўчасткаў яны могуць быць абвешчаны, але не сацыёлагамі, а заказчыкамі сацыялагічнага даследавання», — падкрэсліў Давід Ротман.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра ЕСООМ Сяргей МУСІЕНКА прывёў прыклад нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы. Па яго словах, яшчэ ў сакавіку кандыдат Анджэй Дуда, па інфармацыі даследчыкаў, меў рэйтынг у 12%, у красавіку — 15%, а напачатку мая ўжо 29%.

«Многія прафесійныя даследчыкі казалі, што гэта — «столь». Але Анджэй Дуда стаў прэзідэнтам. Вось вам і прафесійныя ацэнкі», — заўважыў ён.

Аднак нярэдка памылкі ў даследаваннях бываюць і наўмыснымі. Па словах дырэктара Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі доктара сацыялагічных навук, прафесара Ігара КАТЛЯРОВА, перад выбарамі з'яўляюцца псеўдаструктуры, якія выкарыстоўваюць сацыялогію з палітычнымі мэтамі. Апроч таго, шэраг структур спрабуе выкарыстаць сацыялагічныя даследаванні дзеля вырашэння сваіх праблем. Аднак, як падкрэсліў Аляксей Дзербін, прафесійныя гонар і этыкет сапраўдных сацыёлагаў не дазваляюць ім скажаць вынікі: гэта нанесла б шкоду навуцы ўвогуле, а таксама кінула б цень на аўтарытэтныя структуры.

Гаворачы аб прафесіяналізме сацыёлагаў, Давід Ротман звярнуў увагу, што нярэдка па слядах тых, хто праводзіць апытанне на даму, па кватэрах пачынаюць хадзіць прадстаўнікі розных сект, якія могуць прадстаўляцца даследчыкамі. Каб не трапіць у пастку махляроў, у работнікаў сацыялагічных структур, што прыйшлі праводзіць даследаванне, неабходна правяраць пасведчанне і пашпарт.

Дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў таксама распавёў, што кожны інтэрв'юер мае маршрутны ліст, дзе запісаны дакладныя адрасы і інфармацыя аб рэспандэнтах: пол, узрост і, як правіла, кантактная інфармацыя.

«Мы правяраем іх працу, ператэлефаноўваючы грамадзянам: удакладняем, ці быў даследчык, калі заходзіў, колькі часу правёў, якія пытанні задаваў. Калі мы даведваемся, што інтэрв'юер не заходзіў у гэтую кватэру, але паказаў яе ў анкеце, мы яго досыць жорстка караем», — дадаў ён.

Па словах Давіда Ротмана, здараюцца і выпадкі, калі пільныя грамадзяне выклікаюць міліцыю і праваахоўнікі затрымліваюць работнікаў сацыялагічных структур. Аднак пасля праверкі дакументаў усе пытанні здымаюцца.

Падчас круглага стала сацыёлагаў, вядома ж, не абышлося без прывядзення некаторай інфармацыі. Напрыканцы гутаркі Аляксей Дзербін паведаміў, што паводле даследавання, праведзенага ў лютым бягучага года, 91,2% беларусаў ведаюць пра тое, што ў 2015 годзе ў краіне праводзяцца прэзідэнцкія выбары. Пры гэтым 89,3% рэспандэнтаў плануюць прыняць у іх удзел. Апытана было 1653 чалавекі.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.