Вы тут

Усе фарбы лета


Вёска Папоўцы недалёка ад Слуцка заўсёды вылучалася сваёй дагледжанасцю. Неаднойчы, перасякаючы гэты населены пункт, я назіраў, як жыхары з любасцю наводзяць парадак каля дамоў, фарбуюць агароджы і вокны з разнымі ліштвамі. Гэтым разам я не стрымаўся і выйшаў з аўто, каб пагаварыць з руплівымі гаспадарамі, хоць трошкі даведацца пра іх.

13-2613-24

Чатырнаццацігадовая Дар'я Грынюк, у якой цяпер летнія канікулы, дапамагае сваёй бабулі Тамары Перагуд фарбаваць агароджу. Дзяўчынка ведае: Тамара Сцяпанаўна не церпіць, каб яе двор быў не прыбраны, не дагледжаны, каб выбіваўся з прыгожага вулічнага шэрагу. Падчас невялікай гутаркі з гэтай рухавай жанчынай я даведаўся, што пасля выхаду на пенсію яна яшчэ 10 гадоў працавала сацыяльным работнікам, і цяпер, у свае 75 гадоў, Тамара Сцяпанаўна яшчэ дапамагае адзінокім і старым вяскоўцам. Яна лічыць, што ўзрост зусім не нагода не клапаціцца пра свой выгляд і тое месца, дзе жывеш.

Праз некалькі падворкаў у доме з прыгожымі аканіцамі і ліштвамі жывуць Сцяпан і Галіна Гняздоўскія. Гэты дом у іх — як дача, спадчына ад бацькоў Галіны, тут яны праводзяць увесь летні сезон. У свой чарговы прыезд гэтыя сужэнцы, якія ўжо жывуць у шлюбе 40 гадоў, пачынаюць таксама са знешняга выгляду сваёй пабудовы. А менавіта — з афарбоўкі птушак на ліштвах, бо гэта — як памяць пра першага гаспадара і майстра спраў сталярных Ігната Крывадубскага, які сваімі драўлянымі карункамі і птушкамі дапамагаў вяскоўцам упрыгожваць пасляваеннае жыццё і вёску.

Даўно заўважана, птушкі на вокнах — сімвал шчаслівага жыцця, ладу, добрай сям'і. Галіна і Сцяпан Гняздоўскія — шчаслівая пара. Можа, таму Сцяпана Мікалаевіча ўжо 12 разоў запрашалі быць сватам на вяселлях.

Анатоль Кляшчук

Фота аўтара

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.