Вы тут

Наша Кацярына Вялікая


Двойчы алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн пачала сезон-2015 з перамогі — яна заваявала золата на майскім этапе Кубка свету ў славескім горадзе Бледзе. Цікава, што шасціразовая ўдзельніца Алімпіяд плануе выступаць і на Гульнях-2016 у Рыа-дэ-Жанейра: гэта будзе для Кацярыны сёмая Алімпіяда!

13-8

«Кацярына Вялікая» — так называюць яе саперніцы і сяброўкі-вясляркі, а ўслед і міжнародная прэса, маючы на ўвазе шматлікія перамогі і важкія спартыўныя дасягненні.

Малодшая дачушка

У сям'і Анатоля і Аўдоцці Хадатовічаў расло шасцёра дзяцей: пяць старэйшых — хлопцы, а самая малодшая — дачушка Каця. Не дзіўна, што дзяўчынка не з лялькамі гуляла, а цягнулася за братамі: футбол, хакей, гарадкі, даганялкі... Па дрэвах, вядома ж, лазіла, не аднойчы падала дагары, і хоць балюча было, але слёзы стрымлівала як магла, бо хлопцы іначай у сваю кампанію не ўзялі б болей. Вытрымка гартавалася з маленства.

Маці працавала цялятніцай у калгасе, клопатаў ёй было шмат, асабліва зімой: буракі і сілас замерзлы з ямы выбраць, сена-вады нанасіць, каля жывёлы прыбраць. Дзеці штодзень дапамагалі ў вольны ад вучобы час. У сумесных занятках маці вучыла, накіроўваючы на жыццёвы шлях: вынік будзе толькі тады, калі добрасумленна працаваць, тут і людская павага прыйдзе, і самапавага.

«Маці вучыла выкладвацца ў любой справе на поўную катушку, і я старалася, — успамінае Кацярына. — Цягавітасць, вынослівасць, загартаванасць — усё гэта з дзяцінства мне прывілі, магчыма, таму і вынікі ў спорце такія.

Калі я пачала займацца грэбляй, адразу мне гэта не спадабалася. Я сядзела ў васьмёрцы, а працаваць у камандзе ў нас не атрымлівалася: адзін хоча за вухам пачасаць, бо казытае, другі па баках глянуць, знаёмых шукае сярод гледачоў, трэці наогул сачкануць вырашыў... А я калі ўжо прыйшла ў спорт, то хацела не проста лічыцца, а быць! Нават кінуць грэблю сабралася. Тады трэнер пасадзіў мяне на адзіночку, і адразу з'явіліся вынікі! Мама, вядома ж, не нацэльвала мяне на чэмпіёнку, яна галоўнае, што даводзіла, каб праца была, а не гульба. Узяўся за справу — рабі як мага лепш, не адлыньвай. Сёння яна за мяне перажывае па-свойму: прыехала да мяне ў госці, а я займаюся на трэнажоры, пот ручаём цячэ, і мацярынскія вочы слязамі адразу ж зайшліся — шкадуе, што мне так цяжка».

А вось як успамінае пра дзіцячыя гады Кацярыны Вялікай яе мама, Аўдоцця Гаўрылаўна: «Каця самая малодшая ў акрузе была, сябровак па яе ўзросце тут не мелася, дык яна ўсё з хлопцамі, з братамі. І на конях з імі ездзіла, і ўсюды. Яна такая з маленства дзеўка, смелая, упартая. Як меньшую, яе дужа і не прымушалі працаваць, але яна сама імкнулася ва ўсім дапамагаць — гаспадарка ж была, сям'ю такую карміць трэба. Да васьмі класаў Каця хадзіла ў Абчугскую школу, там заўсёды па спорце найлепшай была — па лыжах, па бегу, а плаваць вучылася на Лукомльскім возеры. Потым у Мінск яе ўзялі, мне боязна адпускаць адну, дзіця ж яшчэ. А яна мне цвёрда так гаворыць: «Мама, я люблю гэты спорт — і ўсё!»

Воля лёсу

Першы трэнер Кацярыны Хадатовіч Анатоль Квяткоўскі залічыў яе ў сваю групу... шляхам падману. Ён шукаў рослых спартыўных школьнікаў для сур'ёзных заняткаў акадэмічнай грэбляй, з гэтай мэтай разаслаў у школы Мінскай вобласці лісты. З Крупскага раёна атрымаў адказ, што ёсць кандыдатура. Аднак адначасова для адбору здольных спартсменаў сюды прыехалі таксама трэнеры па лёгкай атлетыцы. Анатоль Квяткоўскі тут жа адвёў дзяўчыну ўбок і доўга ўгаворваў яе падчас кантрольнага забегу не паказваць сапраўдных сваіх магчымасцяў, занізіць вынікі на стаметроўцы. Так дзякуючы «закулісным гульням» (а сама Кацярына лічыць, што воляй лёсу), свет, магчыма, страціў лёгкаатлетку, аднак атрымаў вялікую спартсменку-вяслярку.

13-9

У 1987 годзе Кацярына пачала заняткі акадэмічнай грэбляй як адзіночніца. Аднак яе першы сур ёзны старт аказаўся няўдалым — яна перакулілася ў лодцы. Таму дзяўчыну накіравалі на «васьмёрку» — набірацца вопыту.

Працаваць у камандзе Кацярына хоць і старалася, але справы не ладзіліся, яна нават злавала на сябе, што выбрала грэблю, а не лёгкую атлетыку. Трэнер узважыў довады маладой спартсменкі і зноў вярнуў яе ў адзіночны разрад. Поспех не заставіў сябе чакаць — у 1990 годзе (усяго праз тры гады заняткаў!) Кацярына Хадатовіч стала чэмпіёнкай свету па акадэмічнай грэблі сярод юніёрак, выканаўшы нарматывы майстра спорту. У фінальным заездзе пераможцу вызначыў фотафініш: разрыў з балгарскай спартсменкай Румянай Нейкавай склаў усяго 0,01 секунды! У тым жа 1990-м Кацярына заняла другое месца на чэмпіянаце СССР.

На спартыўным Алімпе

Напярэдадні Алімпійскіх гульняў 1996 года фаварытамі ў акадэмічнай грэблі сярод жанчын лічыліся вопытная канадка Сілкен Лаўман і маладая датчанка Трыне Хансен. Наша Кацярына пасля ўдалага папярэдняга заезду трапіла ў адзін паўфінал з Лаўман. Як яна потым успамінала, па падказцы трэнера вырашыла пайсці на хітрасць: прапусціла спачатку канадку наперад, паказваючы быццам бы сваю стомленасць, а за 250 метраў да фінішу пачала моцны спурт, што было для Лаўман поўнай нечаканасцю, і выйграла больш за корпус лодкі (2,94 секунды).

У наступным 1997 годзе Кацярына Хадатовіч стала безумоўным лідарам сярод вяслярак — яна выйграла ўсе гонкі, у тым ліку Кубак свету і чэмпіянат свету.

З таго часу ад Кацярыны чакаюць заўсёды толькі высокіх вынікаў. Перад любымі спаборніцтвамі, прадказваючы перспектывы на перамогу, Карстэн абавязкова запісваюць у лік тых, хто мае шанц падняцца на п'едэстал. Вядома ж, пяць аліміпійскіх медалёў, прывезеных з шасці Алімпіяд, — недасягальны пакуль узлёт.

Пасля Алімпіяды-96 Кацярына на працягу 16 гадоў не сыходзіла з п'едэсталаў на топ-турнірах самага высокага ўзроўню. Выключэннем стаў толькі 1998-ы — год нараджэння дачкі. Вярнуўшыся зноў у спорт, Кацярына Карстэн заўсёды дэманструе высокае майстэрства вясляркі. У 2013 годзе наша Кацярына Вялікая ўзначаліла спіс «Топ-10 найлепшых спартсменак свету».

Алена Цярэнцьева

ДАВЕДКА

Кацярына Анатолеўна КАРСТЭН
(па нараджэнні ХАДАТОВІЧ)

Спецыялізацыя: акадэмічная грэбля

Дата і месца нараджэння: 2 чэрвеня 1972 года; вёска Асечына, Крупскі раён, Беларусь

Алімпійскія ўзнагароды:

бронза — Барселона, 1992 год

золата — Атланта, 1996 год

золата — Сідней, 2000 год

серабро — Афіны, 2004 год

бронза — Пекін, 2008 год

Шасціразовая чэмпіёнка свету ў адзіночнай грэблі сярод жанчын.

Дзяржаўныя ўзнагароды:

Ордэн Айчыны 1-й ступені, Беларусь

Ордэн Айчыны 2-й ступені, Беларусь

Ордэн Айчыны 3-й ступені, Беларусь

Ордэн Пашаны, Беларусь

Медаль «За працоўныя заслугі», Беларусь

Ганаровая грамата Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі

Заслужаны майстар спорту СССР.

Сямейнае жыццё: у 1998 годзе Кацярына Хадатовіч выйшла замуж за нямецкага бізнесмена Вільфрыда Карстэна і ўзяла яго прозвішча. Карстэны жывуць у Германіі, маюць дачку Аляксандру.

Чытайце таксама ў чэрвеньскім нумары «Алесі»

13-4

• Разбіраемся ў сакрэтах «здаровай прыгажосці»! З якімі прадуктамі трэба «пасябраваць», каб дыета была паўнацэннай і збалансаванай? Харчуемся правільна для раўнамернага загару!

• Дзіцэнтра, або «Разбітае сэрца»: кветка для вашай сядзібы! Як даглядаць далікатную расліну? Толькі самыя карысныя і правераныя парады!

• Што лепш: аўтакандыцыянер або клімат-кантроль? Якая рэальная розніца і ці варта за гэта плаціць? Рыхтуемся да гарачых летніх дзянькоў разам з рубрыкай «Алеся» за рулём».

• Знакамітыя парфумеры Сафія Гройсман і яе вучань Улад Рэкунаў раскрываюць таямніцы стварэння раскошных водараў і дзеляцца сакрэтамі, як выбраць менавіта свой парфум з беларускім акцэнтам!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.