Вы тут

«Муж, было, раззлуецца, а я прамаўчу!..»


У вёску Стары Двор, што на самым ускрайку раёна, транспарт заязджае рэдка: рэгулярна — хіба аўтакрама ды радня Федасюкоў, старадворскіх старажылаў.

13-16

Да іх накіруемся і мы, каб з першых вуснаў пачуць цікавую гісторыю кахання, якая пачалася 65 гадоў таму са слоў «сцерпіцца-злюбіцца».

...Сашу, калі не стала бацькі, было 12. Ніне, калі памерла маці, — на два гады больш.

Тая ўдава, маці хлопчыка (і яшчэ чацвярых, праўда, старэйшых за яго дзяцей) і той удавец (бацька дзяўчынкі) сышліся разам, з'явілася новая сям'я, у якой Ніна і Саша былі зводнымі братам і сястрою, разам раслі і, дзякаваць Богу, выраслі.

Праз нейкія пяць гадоў Ніна стала прывабнай дзяўчынай, сустрэла хлопца, які сасватаў яе. Заставалася толькі згуляць вяселле. Для таго, каб у дачушкі-сіраты яно было не горшае, чым у людзей, бацька пазычыў грошай, закупіў усё, што трэба, назапрашаў гасцей.

Падрыхтоўка, можна сказаць, ішла поўным ходам, калі жаніх раптам... перадумаў.

Дзяўчына была ў адчаі. Не знаходзіў сабе месца і бацька... Але ж тут нехта са сваякоў ці то жартам, ці тое ўсур'ёз падказаў: «А вы Ніну з Сашам пажаніце, нядрэнная будзе пара». «А чаму б і не?», — падумаў бацька і пайшоў да сямнаццацігадовага пасынка.

Той спачатку разгубіўся, бо як кавалер на Ніну ніколі не глядзеў. Але пры гэтым, ну вядома ж, бачыў, што дзяўчына яна сімпатычная, працавітая, характарам добрая, што незаслужана яе пакрыўдзілі... А таму спакойна адказаў: «Калі яна пагодзіцца, дык я не супраць».

Заставалася пагаварыць з Нінай, бо тая і ўвогуле не ведала, што рабіць: у думках яна ўжо бачыла сябе ў шлюбных строях, марыла пра сямейнае шчасце, а тут усе спадзяванні разбіліся: у адно імгненне, як шкло... І цяпер не склеіць...

«Выйсці замуж за іншага? А за каго? За Аляксандра? Яна не знайшла ў сабе сіл, каб вымавіць «не». Ды і хлопец ёй быў не чужы, прывыкла да яго, праўда, больш як да брата...

Вяселле ў Ніны і Аляксандра было вялікім і гучным — «гудзела» ўся вёска. І ўжо тады, седзячы за святочным сталом, маладая адчувала, што ўсё ў іх зладзіцца, будзе добра, і ўжо тады ніколькі не шкадавала, што так павярнуўся лёс.

Але ж гэта ў казках вяселлем усё завяршаецца, а ў жыцці якраз з яго толькі пачынаецца... У прыватнасці — гісторыя новай сям'і. У некага яна кароткая, бо сям'я разбіваецца аб першыя ж жыццёвыя цяжкасці, а нехта знаходзіць сілы, каб адолець усё.

Аляксандр з Нінай пражылі толькі год, калі мужу прыйшла павестка ў армію. На тры даўжэзных гады ім давялося расстацца.

— Кожны тыдзень па тры лісты ад мужа прыходзілі, — расказвае Ніна Васілеўна са шчырай усмешкай, пазіраючы на Аляксандра, — і ў кожным было прызнанне...

— А вы часта мужу пісалі? — пытаем у яе.

— На кожнае пісьмо абавязкова адказвала, таксама добрыя словы пісала.

І, вядома ж, чакала. Прычым не адна, а ўжо з маленькай дачушкай Надзеяй, якая з'явілася на свет праз тры месяцы пасля таго, як бацька пайшоў служыць. Таму ён вельмі рваўся дадому. І з таго часу, як сям'я сабралася разам, абое слова далі аніколі больш не расставацца.

Ішоў час. Сям'я расла. Ніна з Аляксандрам пачалі будаваць свой дом. Грошай не хапала. У іншых сем'ях мужы, гаспадары, самі ехалі на чужыну, каб падзарабіць. Ніна свайго адпраўляць не хацела. А таму на заробкі ў Казахстан яны паехалі разам.

Цягнік, доўгая дарога, трое малых (!), неўладкаванасць на новым месцы... Усё гэта сужэнцаў не пужала. Яны падбадзёрвалі адно аднаго, працавалі, стараліся. Шкада толькі, што зарабіць там на завяршэнне дома ім не ўдалося. Тады сям'я, у якой было ўжо чацвёра дзяцей, адправілася ва Украіну, у Кіраваградскую вобласць. Ніна стала працаваць даяркай і заўжды была ў ліку самых лепшых.

— Мяне не хацелі адтуль адпускаць, але ж мы не маглі заставацца, дужа цягнула ў родныя мясціны. Ды і мэта ў нас была — дабудаваць свой дом, — успамінае Ніна Васілеўна.

Мара Федасюкоў здзейснілася: у тым самым уласным доме, у ладзе і згодзе, яны выгадавалі пяцярых дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў.

— Здараліся ў нас спрэчкі. Муж, бывала, раззлуецца, бо запальчывы дужа, а я і прамаўчу. Трэба ж некаму ўступіць, — дзялілася нажытай мудрасцю Ніна Васілеўна. — Ніколі не было, каб мы пасварыліся і гадзінамі не размаўлялі.

— Маці і праўда больш саступала бацьку, — расказвала старэйшая дачка Федасюкоў Надзея Аляксандраўна, — але ж вырашальнае слова ў нас за ёй. «Як Ніна скажа, так і будзе», — кажа наш бацька.

...Цяпер у сужэнцаў (іх Стары Двор — вёска маленькая) адзін сусед. Таму, калі ён заходзіць, можна абмяняцца навінамі. А ў астатні час Ніна Васілеўна і Аляксандр Ануфрыевіч жывуць удваіх: шануюць адно аднаго, як могуць, падтрымліваюць і моляць Бога, каб зноў жа ўдваіх, у адну хвіліну пакінуць гэты свет і пайсці на той...

У гаспадарцы Федасюкоў-старэйшых засталіся дзве казы, гусі... Гэта ў маладыя гады яны па 10 свіней трымалі, па 2-3 каровы, каня. На ім муж з жонкаю ездзілі на ферму ў Новы Двор, дзе працавалі жывёлаводамі. Ранкам разам ехалі на работу, увечары разам вярталіся дамоў і дома яны заўжды гаспадарылі і гаспадараць разам. Хоць цяжкавата ўжо з усім спраўляцца, але ехаць да дзяцей пакуль не хочуць: могуць ці не могуць, але захоўваюць сваё роднае гняздо, дзе заўжды рады дзецям, унукам і праўнукам...

На вялікі жаль, Федасюкам давялося перажыць цяжкую трагедыю. Адзін за адным пайшлі з жыцця два сыны. Няма нічога больш страшнага, чым бацькам хаваць сваіх дзяцей. Падтрымкай для Аляксандра Ануфрыевіча і Ніны Васілеўны былі іх дочкі, якія жывуць у Чарнянах, іх сын з Украіны.

...Звычайна рамантыку мы звязваем з маладосцю, першым каханнем. А калі размова заходзіць пра людзей пажылых, скептычна ўсміхаемся, маўляў, якія там могуць быць пачуцці і ўчынкі.

У сям'і Федасюкоў цеплыня адносін прывычная і цяпер. Вось захацелася неяк Ніне Васілеўне наведаць сваяка ў вёсцы Новы Двор, а пешшу дабрацца цяжка. «Дык давай я цябе на веласіпедзе завязу», — прапанаваў Аляксандр Ануфрыевіч. Усміхнулася жонка, але муж не жартаваў: прывязаў да рамы дошкі, пасадзіў на «жалезнага каня» сваю Ніну і пакаціў у госці.

Ну чым не рамантыка? І не важна, колькі каму гадоў, галоўнае, каб душа за сваю палавінку балела.

Святлана Максімук

г. Маларыта.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.