Вы тут

Адпрацаванае масла: спальваць нельга, перапрацоўваць!


Унікальны завод, пабудаваны па ізраільскай тэхналогіі і здольны перапрацоўваць не менш за 15000 тон адпрацаваных маслаў у год, з'явіўся ў нашай краіне.

Да гэтай падзеі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і іх ізраільскія партнёры — інвестары праекта — ішлі каля трох гадоў. У верасні 2012 года прыродаахоўным ведамствам быў заключаны інвестыцыйны дагавор з кампаніямі MDD BEL LTD і ЗТАА «ДВЧ-Менеджмент» па стварэнні ў нашай краіне цэнтралізаванай сістэмы збору і выкарыстання адпрацаваных маслаў. Аб'ём прамых замежных інвестыцый у рэалізацыю праекта склаў больш за 20 млн долараў ЗША.

З дапамогай новага комплексу адпрацаваныя маслы будуць выкарыстоўвацца для экалагічна бяспечнага вырабу імпартазамяшчальнай прадукцыі для розных галін эканомікі.

— Гэты праект мае важнае эканамічнае, сацыяльнае і экалагічнае значэнне, — адзначыла першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна падчас цырымоніі адкрыцця прадпрыемства. — І прыемна, што ізраільскія інвестыцыі на практыцы паказалі, як разам могуць працаваць гэтыя тры кампаненты. Мы чакаем ізраільскіх інвестараў у пытаннях перапрацоўкі адходаў і бачым для іх тут вельмі вялікую перспектыву.

У пасёлку Крупскі Мінскай вобласці на тэрыторыі ў 14 га размясціліся вытворчасць і рэзервуарны парк аб'ёмам 10800 тон, дзе назапашваюцца адходы маслаў да перапрацоўкі. Дзякуючы стварэнню цэнтралізаванай рэспубліканскай сістэмы па збору адпрацаваных маслаў за 1,5 года ад арганізацый і прадпрыемстваў было сабрана больш за 5000 тон адходаў. Складзена больш за 2000 дагавораў з юрыдычнымі асобамі (СТА, сельгаспрадпрыемствамі, гаражнымі кааператывамі), падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве па зборы адпрацаваных маслаў ад насельніцтва з «Белкаапсаюзам». На аб'ектах, дзе збіраюцца гэтыя адходы, устаноўлена некалькі соцень спецыялізаваных ёмістасцяў, адкуль адпрацаваныя маслы перавозяцца на прадпрыемства. Пры гэтым плата за тону будучай сыравіны складае 100-200 долараў ЗША.

На аснове ачышчанага масла з дабаўленнем розных прысадак і рэагентаў вырабляюцца прадукты для выкарыстання ў будаўнічай індустрыі, сельскай гаспадарцы, вытворчасці калійных угнаенняў, гумовых вырабаў і тэхналагічных працэсах.

— Прадукцыю завода можна выкарыстоўваць у якасці загартовачнага масла, экалагічна чыстага нізкасярністага суднавага паліва, якое не прыводзіць да выкіду ў атмасферу таксічных рэчываў, — расказаў начальнік аддзела даследаванняў і распрацовак кампаніі Павел Гурын. — Сёння тут вырабляюцца і ўжо карыстаюцца попытам пластыфікатары для гумовай прамысловасці, сродкі для прыглушэння пылу, саставы для антызлежвальнікаў, змазкі для апалубак. У будучыні, магчыма, прадпрыемства будзе вырабляць і базавую аснову для маторных маслаў.

Распрацоўкі прадпрыемства ўжо паспяхова прайшлі выпрабаванні на «Беларуськаліі», «Белшыне», расійскім «Уралкаліі» і некалькіх польскіх заводах.

Акрамя выпрабавальніцкай дзейнасці, тут праводзяць і сур'ёзную аналітычную работу. Па словах намесніка загадчыка лабараторыяй Сяргея Лугана, лабараторныя аналізы і праверкі праводзяцца на кожнай стадыі перапрацоўкі маслаў. Першыя спробы адбіраюцца яшчэ падчас першага «знаёмства» з будучай сыравінай, каб вызначыць, ці адпавядае масла крытэрыям для яго пастаўкі на прадпрыемства. Калі сыравіна паступае ў вытворчасць, то прамежкавыя аналізы робяцца на кожнай яго стадыі, даследуецца і канчатковы прадукт.

— Прадпрыемства па перапрацоўцы адпрацаваных маслаў — першы крок у дасягненні нашых мэт, — адзначыў кіруючы партнёр кампаніі ЗТАА «ДВЧ-Менеджмент» — групы кампаній MDD BEL Дзмітрый Чэрыковер. — Свабодныя плошчы і створаная інжынерная інфраструктура дазваляюць пабудаваць другую і трэцюю чаргу прадпрыемства, павялічыўшы аб'ём вытворчасці ўтрая. У найбліжэйшыя пяць гадоў плануем стварыць тут цэлы комплекс рэцыклінгавых індустрый ДВЧ, які будзе перапрацоўваць розныя віды адходаў — не толькі масла, але і пластык, тлушчы, а таксама, магчыма, шыны і батарэі.

Сярод праблем, з якімі пакуль сутыкаецца кампанія, Дзмітрый Чэрыковер назваў цяжкасці падчас збору адпрацаваных маслаў: «Тыя, у каго ўтвараюцца адпрацаваныя маслы, павінны разумець, што іх нельга спальваць, а лепш і выгадней аддаваць на перапрацоўку».

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.