Вы тут

Рамантыка партрэта


У «Дом Ваньковічаў» вяртаецца дух мастака

Работа мастака Валенція Ваньковіча «Партрэт Томаша Зана» выстаўлена ў сталічным Музеі «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя». Гэта, наогул, адзіны арыгінальны твор пэндзля мастака эпохі рамантызму ў нашай краіне (дагэтуль была магчымасць пазнаёміцца з копіямі і рэпрадукцыямі, арыгіналы якіх знаходзяцца за межамі). І вось здарылася шчасце: партрэт, які быў набыты ў Расіі і папоўніў карпаратыўную калекцыю Белгазпрамбанка экспанаваўся ў рамках выставы «Дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва». Але ён варты асобнай увагі. Тым больш у такім адмысловым асяроддзі — дзе калісьці жыў і бываў яго аўтар, слынны мастак-рамантык, які нарадзіўся 215 гадоў таму і пражыў не вельмі доўгае, але насычанае жыццё.

13-14

Наш зямляк, мастак Валенцій Ваньковіч, быў вялікім рамантыкам не толькі ў творчасці, але і па жыцці — і паводле сваіх поглядаў, і паводле светаадчування. Жыццё зводзіла яго з такімі ж рамантыкамі, дзе б ён ні быў. Вучыўся ў Віленскім універсітэце — пасябраваў з Адамам Міцкевічам. Сярод сяброў тайнага таварыства філаматаў (якое дзейнічала ў студэнцкім асяродку) быў і Томаш Зан — таленавіты творца, чалавек апантаны ідэяй, які аказаўся вельмі паслядоўным у сваіх поглядах нават пасля пакарання ссылкай. Валенцій Ваньковіч стварыў яго партрэт напрыканцы 30-х гадоў ХІХ стагоддзя.

Ваньковіч наогул любіў партрэты. І ў гэтых творах, што выходзілі з-пад яго пэндзля не толькі дакладнасць выявы, але і адчуванне асоб, якія жылі пэўнымі ідэямі, думкамі, настроямі. Ён быў знаёмы з выдатнымі творцамі, імкнуўся іх паказаць так, як адчуваў. Ці то Аляксандра Пушкіна, з якім пазнаёміўся ў Пецярбургу, ці то Міцкевіча, які падтрымліваў мастака і ў няпросты перыяд яго жыцця ў Парыжы паэт быў сярод тых нешматлікіх людзей, якія праводзілі Ваньковіча ў апошні шлях.

У справе вяртання асобы Валенція Ваньковіча ў свядомасць беларускіх грамадзян (у сувязі з тым, што твораў мастака на радзіме не было) вялікая роля належыць менавіта музею, які адкрыўся ў сядзібным доме ў цэнтры Мінска 15 гадоў таму. Дом, які мае дачыненне наогул да значнага для беларускай культуры і гісторыі роду Ваньковічаў, але ў ім пэўны час жыў мастак. Тут бывалі вядомыя асобы, напрыклад, Станіслаў Манюшка і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і іншыя. Значная асоба для беларускай гісторыі і Томаш Зан. Цяпер, калі яго партрэт размясціўся ў сядзібным доме Ваньковічаў, ёсць адчуванне, што блізкія сувязі і ўзаемадачыненні працягваюць працаваць на зямлі і тады, калі людзей тут ужо няма. Іх дух ёсць. Ваньковіч ці не прадчуваў гэта, калі захапіўся містыцызмам напрыканцы жыцця? Яго душа ўвесь час была ў пошуку — і ідэй, і новых, іншых месцаў. А засталася ў працах.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?