Вы тут

Ад класікі да джазу


Музыка ў зале і на паветры

Некаторыя падзеі музычнага жыцця вартыя таго, каб на іх не проста звярнуць увагу, але зрабіць высновы і правесці цудоўныя і цёплыя летнія вечары з добрым настроем.

1. Чайкоўскі-гала

Вядома, як жа сёлета без рускага класіка ў год яго юбілею? Закрыццё сімфанічнага сезона ў Белдзяржфілармоніі адбылося ў святле гэтай даты. І асобы. Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам дырыжора, народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава падрыхтаваў адмысловую праграму, якая прагучала ў Вялікай зале філармоніі. Праграма з папулярнага, але таго, па чым пазнаецца Чайкоўскі: музычная кампазіцыя, створаная паводле яго балетаў «Прыгажуня, якая спіць», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», сцэны з оперы «Пікавая дама». Таксама сімфанічныя творы, такія як Канцэрт №1 для фартэпіяна з аркестрам, сімфанічная фантазія «Франчэска да Рыміні», варыяцыі на тэму ракако для віяланчэлі з аркестрам. Адметна, што сола на віяланчэлі выканаў Марк Драбінскі (які прадстаўляе Францыю). Але і сваіх салістаў была магчымасць пачуць у гэтым канцэрце. Напрыклад, піяніста, народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава. Яшчэ саліравалі Рэгіна Саркісава на скрыпцы, Алена Максімава на арфе, Яўген Мікляеў на віяланчэлі. Вакальныя партыі выканалі запрошаныя госці з Расіі Ірына Крыкунова (сапрана) і Віктар Луцюк (тэнар). Але трэба думаць, што Чайкоўскі для нас не скончыцца: год кампазітара яшчэ працягваецца.

2. Скрыпка + фартэпіяна

Гэта «Romantіque», асобны канцэрт, на які варта звярнуць увагу тым, хто летам шукае камернай атмасферы, у якой без вялікага маштабу залы можна адчуць веліч кампазітараў. І як жа тут без таго ж Чайкоўскага? Толькі на гэты раз музыку яго і не толькі выканаюць лаўрэаты міжнародных конкурсаў Юлія Лебядзенка (скрыпка) і Аляксандр Палякоў (фартэпіяна). Маладыя беларускія музыканты даюць канцэрт 19 чэрвеня ў Малой зале імя Шырмы ў рамках Еўратура, падчас якога музыканты выступаюць у розных гарадах Беларусі, але яшчэ Італіі і Аўстрыі (Юлія вучылася і ў Італіі, нават скончыла Венскую кансерваторыю). Акцэнт у канцэрце зроблены на творах для скрыпкі такіх кампазітараў, як Каміль Сен-Санс, Жуль Маснэ, Пабла дэ Сарасатэ, Фрыц Крэйслер, Віторыа Монці. Прыемна і тое, што пасля заканчэння канцэрта яго можна будзе ўзяць з сабою — літаральна. Таму што музыканты адначасова прэзентуюць кампакт-дыск пад назвай «Romantіque».

3. У авангардзе

Зноў Агінскі. І таксама на ўвесь год. Але яго зашмат не бывае. На гэты раз у Малой зале імя Шырмы рыхтуе канцэрт ансамбль салістаў «Класік-Авангард» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава. 23 чэрвеня адбудзецца канцэрт пад назвай «Міхал Клеафас Агінскі ў Варшаве». Акрамя музыкі, тут яшчэ і асветніцкая місія — праз творы лепш зразумець час і ідэі, якімі жыў Агінскі, што зрабіла яго ў нашым разуменні зоркай на стагоддзі.

4. Зоркі Брадвея

Джон Роджэрс і яго гурт у Вялікай зале 25 чэрвеня. Да гэтага трэба падрыхтавацца — і маральна і матэрыяльна, найперш займець квіткі. «Джазавыя вечары ў філармоніі» прапануюць на гэты раз сустрэчу з гасцямі з-за акіяна. Адзін з іх — Джоні Роджэрс — быў лаўрэатам прэміі «Грэмі» за песню для Лайзы Мінелі. Ён выходзіў на славутыя канцэртныя пляцоўкі свету, выступаў, напрыклад, у Карнегі-холе. І вось Мінск...

Спявак і кампазітар сабраў квартэт з выдатных музыкантаў. Квартэрт Джоні Роджэрса выконвае музыку разнапланавую — класічны блюз, соўл, джаз, рок і нават поп-музыку. Гурт існуе з 2003 года і набывае вядомасць не толькі ў ЗША.

5. Ля Ратушы

Летні джаз на паветры спадабаўся мінчанам і гасцям сталіцы. Спадабаўся — значыць будзе яшчэ. Джазавы сезон ля мінскай Ратушы адкрыўся ў мінулую суботу, слухачы гэта ацанілі, калі меркаваць па колькасці зацікаўленых. Але ж у цёплы светлы вечар з сябрамі дзеля настрою можна падбадзёрыцца добрай музыкай. Пра яе клапоцяцца арганізатары: праект «Джазавыя вечары з Банкам БелВЭБ» ладзіцца сумесна з фондам «Ідэя», пры ўдзеле шэрагу канцэртных агенцтваў, студый, замежных партнёраў і падтрыманы Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам.

Чарговая субота 13 чэрвеня таксама абяцае быць цёплай. Гэтым вечарам паслухаць можна будзе польскую спявачку Беату Пшыбышак і яе гурт. Французскі гітарыст Нгуен Ле і яго трыа «Агонь і вада» сваёй назвай нагадаюць пра старажытную кітайскую філасофію даасізму, у цэнтры якой суладдзе Інь і Ян. Можа быць, іх удакладніць у больш еўрапейскім ключы нямецкі трубач Клаус Штэтэр, які з'яўляецца выкладчыкам джазавай музыкі ў Вышэйшай школе музыкі і тэатра Гамбурга. Таксама ў праграме гурт «Morfe» Аганеса Аванясяна. І ўсё гэта на плошчы Свабоды а дзевятай вечара абсалютна бясплатна. Што асабліва прыемна. І гэта не апошняя джазавая субота.

Ларыса ЦІМОШЫК

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.