Вы тут

Трапіць на кінапаказ мінулага


Чаго варта эпоха легендарнага нямога?

Памятаючы пра спадчыну легендарных рэжысёраў Орсана Уэлса, Чарльза Чапліна, Карла Тэадора Дрэера, Сяргея Эйзенштэйна і іншых, часта можна сустрэць  паблажлівае стаўленне да нямога кіно. Чуецца капрызнае «не хачу/не магу такое глядзець» ад выхаваных на сучасным відовішчным (часцяком гэтым яго вартасці абмяжоўваюцца) кіно. Але хто скажа, што ўзровень эрудыраванасці, назіральнасці, таленавітасці ў піянераў кіно быў горшы? А хто выкажа здагадку, што наадварот? Для тых, хто не размяжоўвае нямое кіно і гукавое, чорна-белае і каляровае, ва ўнутраным дворыку мінскага музея Заіра Азгура з 18 чэрвеня да 16 ліпеня ў чарговы раз пройдзе ореn-аіr фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі «Кінемо».

[caption id="attachment_87601" align="alignnone" width="600"]Чарльз Чап­лін у філь­ме «Іміг­рант». Чарльз Чап­лін у філь­ме «Іміг­рант».[/caption]

Памятаеце, з чаго пачыналася кіно? Умоўна кажучы (прабацькоў у гэтага кірунку мастацтва даволі шмат) з кароткіх эпізодаў кшталту «Зявок Фрэда Ота» ў кінетаскапічных павільёнах, куды прыходзілі наведвальнікі і не цураліся нязручнага маленькага вочка, праз якое можна было ўбачыць сцэны з рэальнага жыцця. Новы атракцыён прыцягваў бясконцую плынь тых, хто прымаў жыццё, адлюстраванае на плёнцы, за цуд. Толькі ўявіце, як гэта было дзіўна для людзей у канцы ХІХ стагоддзя, колькі невымоўных уражанняў даў першы кінапаказ братоў Люм'ер на экране на бульвары Капуцынак у Парыжы, колькі гледачоў натоўпам ішлі ў новую ўстанову — кінатэатр.

Гісторыя кінематографа — жыццё, поўнае легенд, трыумфаў, правалаў і бясконцай глядацкай любові. І колькі б яе — любові — ні было, больш ніколі кіно не прынесла падобнага адчування цуду. Але ў параўнанні з першым дзесяцігоддзем існавання кіно больш ніколі не было проста відовішчам, забавай, а стала паўнавартасным мастацтвам.

На замену пачуццю цуду прыйшло трапятанне ад амаль сакраментальнага наведвання кінатэатра, на экране якога разгортваліся сентыментальныя гісторыі кахання, героі прэрый і абсалютныя джэнтльмены закідвалі ласо на забойцаў, сябры здраджвалі, каханыя паміралі, ратунак прыходзіў у апошні момант. Падчас кінасеансаў спецыяльныя людзі — тапёры — выконвалі «музычнае суправаджэнне», а часам нават тлумачылі некаторыя моманты кінастужак.

Фестываль «Кінемо» аднаўляе гэтую традыцыю і вяртае разбэшчанага сучаснага гледача ў тую атмасферу, у якой людзі, не дыхаючы, сачылі за дзеяннем фільма. Слоўных каментарыяў, можа, і не будзе, затое музыка сучасных кампазітараў адлюструе атмасферу фільма і пакажа аўтарскае яе бачанне.

Нямое кіно, вядома ж, па колеры ці насычанасці дыялогаў саступае сучаснаму, але без гэтай прыступкі не было б і Квенціна Таранціна, Паола Сарэнціна ці Джыма Джармуша.

А без Жоржа Мельеса не было б кінафантастыкі. Яго знакаміты фільм «Палёт на Месяц» уключаны ў праграму фестывалю. Менавіта Мельес у свой час зрабіў кінафільм відовішчным прадстаўленнем — пабудаваныя дэкарацыі, некаторая тэатралізаванасць і фантастычны сюжэт палёту чалавека на Месяц.

Пачнецца «Кінемо», як і ў мінулым годзе, з фільма аднаго з трох кітоў амерыканскай нямой камедыі — стужкі «Навігатар», дзе выканаўцам галоўнай ролі і адным з рэжысёраў стаў Бастэр Кітан. Ён жа і закрые фестываль сваёй кароткаметражкай «Казёл адпушчэння». Яго не менш вядомыя калегі — Гаральд Лойд і Чарльз Чаплін.

Апошні, дарэчы, таксама ўключаны ў праграму, яго «Імігрант» будзе паказаны сярод кароткаметражных фільмаў. Гэта стужка 1917 года, у якой ужо стала відавочна, што Чаплін — не толькі рэжысёр камедый і таленавіты акцёр пантамімы, але і аўтар, які думае, рэагуе на сучасныя праблемы, адлюстроўвае прорву паміж багатымі і беднымі і ў той жа час не робіць галоўнага героя вечным пераможцам, каб дагадзіць гледачу, а з сумам прызнае, што гэта не заўсёды так.

[caption id="attachment_87600" align="alignnone" width="600"]Бас­тэр Кі­тан іг­рае міль­я­не­ра ў «На­ві­га­та­ры». Бас­тэр Кі­тан іг­рае міль­я­не­ра ў «На­ві­га­та­ры».[/caption]

У дворыку музея Азгура таксама можна будзе ўбачыць польскі фільм 1929 года «Моцны чалавек» Хенрыка Шаро, дзе галоўным персанажам становіцца жорсткі, беспрынцыповы журналіст, які робіць усё дзеля славы. Варта звярнуць увагу на фільм «Ідал дзённых спектакляў» класіка сусветнага кінематографа Фрэнка Капры (рэжысёра фільмаў «Гэта цудоўнае жыццё», «Гэта здарылася аднойчы ноччу», «Містар Сміт едзе ў Вашынгтон» і іншых), гісторыю пра папулярнага брадвейскага камедыянта Дона Уілсана, які закахаўся ў артыстку правінцыйнай трупы.

Фестываль «Кінемо» таксама пройдзе ў Магілёве (11-13 чэрвеня), Гродне (19-21 чэрвеня) і Брэсце (26-28 чэрвеня).

Музычнае суправаджэнне нямым фільмам ствараюць і выконваюць Тамара Серыкава, Аляксандр Порах, Яцэк Сатомскі, Вячаслаў Пяцько, ансамбль «Фрэдэрыкі», Аляксандр Ясінскі, Андрэй Алексіевіч і гурт «Мроі Пафнуція».

Прыемнага прагляду!

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.