Вы тут

ЦТ... Як шмат у гэтых гуках!


Мінулая нядзеля выдалася гарачай ва ўсіх сэнсах: з самай раніцы слупок тэрмометра бязлітасна папоўз угору і менавіта ў гэты дзень у краіне стартавала цэнтралізаванае тэсціраванне. Традыцыйна першымі ў пункты правядзення ЦТ прыйшлі абітурыенты, якія выбралі экзамен па роднай мове. Сёлета жаданне пісаць тэст па беларускай мове выказалі каля 24 тысяч чалавек. Але, як стала вядома пазней, экзамен прапусцілі 837 чалавек, або 3% ад агульнай колькасці зарэгістраваных.

16-48

16-48

 

Абітурыентаў прасілі прыйсці ў пункты здачы ЦТ як мінімум за паўгадзіны да пачатку. Па раскладзе тэсціраванне пачынаецца ў 11 гадзін, але першыя абітурыенты сталі прыходзіць у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ужо з 9 раніцы. У акадэміі пад ЦТ адвялі дзве аўдыторыі. Усяго для здачы экзамену тут зарэгістраваліся 130 абітурыентаў, 6 з якіх на іспыт не з'явіліся.

Заданні ЦТ і бланкі адказаў былі дастаўлены фельд'егерскай службай у апламбаваных сумках накшталт інкасатарскіх у 7.20 раніцы і схаваны ў сейф, а сейф запячатаны. За паўгадзіны да пачатку тэсціравання арганізацыйная камісія разам з прадстаўнікамі Камітэта дзяржкантролю ўскрыла сейф і разнесла заданні ў запячатаных канвертах па аўдыторыях.

Магчыма, абітурыентам будзе цікава ведаць, што для дастаўкі тэстаў ва ўсе аўдыторыі, дзе праходзіць ЦТ, рыхтуюцца спецыяльныя пакеты з сакрэтнай стужкай, якія проста немагчыма ўскрыць непрыкметна, скажам, на шляху ад сейфа да аўдыторыі.

Як толькі цэласнасць стужкі парушаецца, на ёй праступаюць схаваныя ад вачэй сімвалы. Да таго ж на кожным пакеце ёсць ярлычок, дзе нанесены нумар і штрых-код, што дазваляе ідэнтыфікаваць пакеты пры іх вяртанні з пунктаў тэсціравання ў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. На кожную аўдыторыю запаўняецца акт, у якім пазначана не толькі колькасць бланкаў, але і іх нумары, таму чужыя бланкі апынуцца ў пакеце не могуць. Да таго ж і арганізатары ЦТ у аўдыторыі пацвярджаюць сваім подпісам, што менавіта гэты бланк знаходзіўся ў экзаменацыйнай аўдыторыі.

Дарэчы, у 51-м пункце правядзення ЦТ па ўсёй краіне задзейнічана каля 200 супрацоўнікаў Камітэта дзяржкантролю, якія сочаць за выкананнем усіх працэдур пры правядзенні ўступнай кампаніі.

— Упэўнены, што ніякіх грубых парушэнняў падчас цэнтралізаванага тэсціравання ў Беларусі не будзе. Механізм ужо добра адпрацаваны, а выкладчыкі, якія прымаюць удзел у арганізацыі ЦТ, — спрактыкаваныя людзі, — падзяліўся з журналістамі сваёй думкай перад пачаткам тэсціравання старшыня камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у Акадэміі кіравання, начальнік галоўнага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Курлыпа. — Усіх абітурыентаў на ўваходзе папярэджваюць, каб яны не бралі з сабой ніякіх сродкаў сувязі: узяць можна толькі пашпарт, пропуск і ручку.

Чамусьці менавіта неабходнасць чорнай гелевай ручкі становіцца для многіх абітурыентаў нечаканасцю: запасціся ёй яны вырашаюць непасрэдна ў дзень правядзення ЦТ, таму чэргі з маладых людзей, якія выстройваюцца ў газетныя кіёскі, ужо нікога не здзіўляюць. Але і арганізатары ЦТ да такіх сітуацый падрыхтаваныя.

— У нас ёсць міні-склад чорных гелевых ручак. Таму тым, хто забудзе сваю або раптам прынясе сінюю, мы гатовы дапамагчы. Сёння ў нас, напрыклад, ужо папрасілі шэсць ручак, — расказалі арганізатары, якія дзяжурылі каля кабінетаў.

А вось праносіць з сабой ваду ў экзаменацыйныя аўдыторыі не дазваляюць, бо абітурыенты могуць яе разліць і сапсаваць не толькі свае, але і чужыя экзаменацыйныя матэрыялы. Але пітная вада ў аўдыторыях заўсёды ёсць — яе можна знайсці на асобным століку.

Дарэчы, на ўваходзе ў пункты правядзення ЦТ усе абітурыенты праходзяць строгі фэйс-кантроль: арганізатары супастаўляюць фота ў дакументах, так бы мовіць, з «арыгіналам». З ксеракопіяй пашпарта абітурыентаў не прапускаюць, як і з вадзіцельскім пасведчаннем. Перад аўдыторыяй абітурыенты праходзяць яшчэ адзін пашпартны кантроль і цягнуць нумар свайго месца ў аўдыторыі. Ад яго будзе залежаць варыянт тэста.

За некалькі хвілін да пачатку ЦТ выкладчыкі праводзяць інструктаж. Абітурыентам забараняецца мяняцца месцамі, выкарыстоўваць чужую дапамогу пры выкананні тэставых заданняў, размаўляць з іншымі ўдзельнікамі ЦТ, карыстацца любымі сродкамі сувязі. Абітурыент, які парушыў патрабаванні, адхіляецца ад удзелу ў ЦТ. Яго бланк адказаў пагашаецца, а ў пропуску робіцца пазнака «Выдалены за парушэнні».

Роўна ў 11 гадзін камісія распячатвае канверт з бланкамі адказаў, а затым і з тэставымі заданнямі. Пасля ўскрыцця пакета з педагагічнымі тэстамі абітурыенты ў аўдыторыю ўжо не дапускаюцца. Час пайшоў.

Нягледзячы на змяншэнне колькасці абітурыентаў, тэрміны апрацоўкі тэстаў застануцца ранейшымі — 10-12 дзён (гэта значыць, што абітурыенты, якія здавалі беларускую мову, будуць ведаць свае балы 25-26 чэрвеня). Па словах дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалая Фяськова, гэтыя тэрміны правераны часам: «І хоць на нас пастаянна аказваецца вялікі ціск з боку абітурыентаў і іх бацькоў, каб мы скарацілі праверку работ, мы і далей будзем максімальна дакладна выконваць усе аперацыі, прадугледжаныя тэхналагічным працэсам. Чым больш дакладнай будзе наша работа цяпер, тым менш зваротаў паступіць наконт замены сертыфікатаў ЦТ потым». Мікалай Фяськоў патлумачыў, што ёсць шмат выпадкаў, калі адзін і той жа абітурыент, выконваючы тры тэсты, па-рознаму піша ўласнае прозвішча (то праз «а», то праз «о»). «Нам вельмі важна ўсё максімальна выверыць, каб выдаць абітурыентам сертыфікаты без памылак, таму і не спяшаемся з абвяшчэннем вынікаў, стараючыся максімальна выкарыстаць тэхналагічны час», — падкрэсліў ён.

Акрамя таго, у сувязі са змяненнем профільных прадметаў на шэраг дысцыплін сёлета зменшылася колькасць тых, хто здае матэматыку, і істотна вырасла колькасць тых, хто здае англійскую мову, а гэта значыць, што верыфікацыі тэстаў давядзецца надаць значна больш часу. Гэтую работу выконваюць спецыялісты з веданнем англійскай мовы.

Мікалай Фяськоў патлумачыў, што хоць працэдура апеляцыі на цэнтралізаваным тэсціраванні не прадугледжана, аднак абітурыент мае права ў працэсе тэсціравання заявіць арганізатарам, што нейкае заданне, на яго думку, складзена некарэктна, у ім ёсць памылка ці не прыведзена правільных адказаў. Усе прэтэнзіі заносяцца ў пратакол з указаннем нумара варыянта педагагічнага тэста, нумара задання і зместу заўвагі. Але ў экзаменацыйнай аўдыторыі пытанні абітурыентаў наконт зместу педагагічных тэстаў не разглядаюцца.

...Напрыканцы дня стала вядома, што на ЦТ па беларускай мове былі зарэгістраваны два выдаленні. У абодвух выпадках прычынай стала наяўнасць у абітурыентаў мабільнага тэлефона. Для гэтых двух прыёмная кампанія ўжо завяршылася, бо скарыстацца магчымасцю здаць ЦТ у рэзервовы дзень яны не змогуць. Застаецца толькі здзіўляцца ўпартасці абітурыентаў, якія спадзяюцца, напэўна, на цуд. Хоць, напрыклад, у Севастопалі сёлета падчас правядзення Адзінага дзяржаўнага экзамену адна з вучаніц пранесла прыладу ў высокай прычосцы. Але ў ходзе здачы экзамену мабільнік раптам зазваніў... Вось якія кур'ёзы здараюцца на іспытах.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».