Вы тут

На лініі абароны, або Што могуць прафсаюзы


Ахоп прафсаюзным членствам у Мінскай вобласці складае 94,5% ад усёй колькасці працуючых. За пяць гадоў прафсаюзы тут папоўніліся 6812 новымі членамі: створана 89 пярвічных прафсаюзных арганізацый, з іх 29 — у недзяржаўным сектары эканомікі. Пагадзіцеся, гэта вялікая сіла, якой па плячы многія пытанні. А без іх, вядома, не бывае: жыццё не стаіць на месцы і падкідвае ўсё новыя задачы. Што могуць прафсаюзы і што рэальна робяць для людзей? Пра гэта гутарка са старшынёй Мінскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Віктарам
Маліноўскім.

Безимени-1

— Віктар Тадэвушавіч, на нядаўнім з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі паднімалася пытанне па стварэнні прафсаюзных арганізацый паўсюль, у тым ліку ў недзяржаўным сектары эканомікі. Успрынята яно было неадназначна... Наколькі ведаю, такія захады рабіліся і раней. Ці ахвотна ідуць на кантакт кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў?

— Бясспрэчна, не ўсюды кіраўнікі-прыватнікі ахвотна пагаджаюцца на стварэнне пярвічных прафсаюзных арганізацый. Асабліва на прадпрыемствах з замежным капіталам. Разам з тым, наёмныя работнікі ў прыватных размовах называюць факты парушэння працоўнага заканадаўства і выказваюць жаданне стварыць «пярвічку». Але адчуваюць ціск з боку наймальніка і асцерагаюцца звальнення. Таму і адмаўляюцца ўступаць у прафсаюз. Між іншым ёсць і станоўчыя прыклады. У прыватнасці ў таварыстве з абмежаванай адказнасцю «Сельскагаспадарчы жывёлаводчы комплекс «Налібокі» ў студзені 2012 года створана прафсаюзная арганізацыя. Кіраўнік першым напісаў заяву аб уступленні ў прафсаюз, а потым падпісаў калектыўны дагавор, які цалкам выконваецца. Сёння ў гэтай «пярвічцы» 100-працэнтнае членства.

— Чаму, на ваш погляд, людзі ўступаюць у прафсаюз? Магчыма, часам гэта дыктуюць ім меркантыльныя інтарэсы?

— Мяркую, перш за ўсё магчымасць атрымаць пэўную абарону і гарантыю захавання працоўных правоў. Як вядома, усім членам прафсаюза аказваецца бясплатная юрыдычная дапамога, праводзіцца работа па стварэнні належных умоў працы, захаванні і пашырэнні льгот, сацыяльнай падтрымцы паводле калектыўнага дагавора. Прафсаюзныя арганізацыі пастаянна адсочваюць сітуацыю па своечасовай выплаце заработнай платы, яе ўзроўвень і правільнасць налічэння, прымаюць адпаведныя меры для выпраўлення становішча.

У нас яшчэ сустракаюцца выпадкі няправільнага налічэння даплат да ўзроўню мінімальнай зарплаты ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу. Такія факты выяўлены практычна ва ўсіх раёнах. Бясспрэчна, мы не застаёмся ў баку ад праблемы. Напрыклад, па рэкамендацыі старшыні Мінскага райкама прафсаюза Святаслава Марцінчыка, у чэрвені мінулага года 32 работнікам прадпрыемства «Вішнеўка-2010» даплацілі больш як
35 млн рублёў. Усяго ж на гэтай падставе толькі за 2014 год працаўнікі атрымалі амаль 346 млн рублёў. Прафсаюзы заклапочаны тым, што з пачатку 2015 года існуе схаванае беспрацоўе. Гэта вымушаныя няпоўная занятасць, адпачынкі, пераход на 3- або 4-дзённы рабочы тыдзень, прастоі, праблемы з аб'ёмамі работ і ўзаемаразлікамі. Хвалюе нас лёс членаў прафсаюзаў прадпрыемстваў, што падпадаюць пад рэструктурызацыю. Вялікую работу па абароне іх правоў правяла абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці. Праблема разгледжана на пасяджэнні Савета па працоўных і сацыяльных пытаннях Мінскай вобласці. І мы ўдзячны нашым сацыяльным партнёрам — Рэспубліканскай асацыяцыі прадпрыемстваў прамысловасці і Мінаблвыканкаму за ўзаемаразуменне і падтрымку.

У пагадненні паміж абласным выканаўчым камітэтам, абласным аб'яднаннем прафсаюзаў, Рэспубліканскай асацыяцыяй прадпрыемстваў прамысловасці і абласным аграпрамысловым саюзам на 2015 -2017 гады замацавана абавязацельства наймальнікаў праводзіць сацыяльна адказнае рэструктураванне арганізацый. Інакш кажучы, распрацоўваць сумесна з прафсаюзамі мерапрыемствы, якія забяспечвалі б захаванне і абарону працоўных і сацыяльныя гарантыі вызваленых работнікаў — тых, што пераводзяцца ў нанова створаную арганізацыю. Прычым на ўзровень не ніжэйшы за той, што быў раней, да рэарганізацыі, на працягу не менш як трох гадоў.

Ва ўмовах нестабільнай эканамічнай сітуацыі наймальнікі і прафсаюзныя камітэты прымалі меры для таго, каб не дапусціць масавага звальнення колькасці (штату) работнікаў, зніжэння ўзроўню заработнай платы, захаваць выплаты па калектыўных дагаворах. Толькі летась у арганізацыях Мінскай вобласці на іх аснове выплачана амаль 2 трлн 800 млрд рублёў. Сёння заключана і дзейнічае 9 абласных пагадненняў, 63 раённыя галіновыя, каля 3 тысяч калектыўных дагавораў, якія ахопліваюць больш за 99% работнікаў. Эканамічная эфектыўнасць калектыўных дагавораў пастаянна расце. Летась, напрыклад, выплаты на аднаго работніка склалі 5,8 млн рублёў — на 16% больш за папярэднія. Усе калектыўныя дагаворы базіруюцца на абавязацельствах абласнога пагаднення.

— Наколькі ведаю, падпісанне пагаднення з сацыяльнымі партнёрамі праходзіць не так проста. Прафсаюз імкнецца ўнесці ў дакумент як мага больш прывілеяў і гарантый для сваіх членаў. Разам з тым, наймальнікі часам пагаджаюцца не з усімі прапановамі... Што вы скажаце пра сацыяльнае партнёрства з Мінскім аблвыканкамам?

— 30 снежня 2014 года ў выніку доўгіх перамоў падпісана новае пагадненне на 2015-2017 гады. У ім колькасць абавязацельстваў павялічана з 201 да 236. Бакі бяруць на сябе абавязкі забяспечваць паэтапнае набліжэнне заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый да ўзроўню зарплаты па краіне для дасягнення суадносін не менш за 90%. Прафсаюзам удалося адстаяць меры стымулявання працы (даплаты) для работнікаў абласных устаноў аховы здароўя, адукацыі, культуры, фізічнай культуры і спорту, а таксама матэрыяльнай падтрымкі маладых спецыялістаў. У прыватнасці кампенсаваць ім расходы па найме жылля, кошце праезду да месца працы. Прадугледжана і сумесная работа па забеспячэнні іх арэндным жыллём. Значна пашыраны абавязацельствы наймальнікаў па пытаннях аховы працы. Напрыклад, штогадовае 12-дзённае аздараўленне работнікаў за кошт асабістых сродкаў. У прыватнасці тых, хто заняты на работах адпаведна спіскам №1 і №2, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 25 мая 2005 г. №536. Прадугледжана ўключэнне ў калектыўныя дагаворы абавязацельстваў: па добраахвотным страхаванні сваіх работнікаў па медыцынскіх расходах, выдзяленні сродкаў на правядзенне прафілактычнай імунізацыі, ад няшчасных выпадкаў.

Традыцыйна значную ўвагу мы надаём арганізацыі гарачага харчавання. За два апошнія гады ўдзельная вага арганізацый, дзе ў калектыўных дагаворах замацавана і выкарыстоўваецца на практыцы тая ці іншая форма патаннення кошту харчавання, павялічылася з 37% да 52%, узрасла і колькасць пакояў для прыёму ежы.

Адзначу, што абласным аб'яднаннем прафсаюзаў шмат робіцца па мэтанакіраваным узмацненні ролі грамадскіх камісій і інспектараў па ахове працы. Тэхнічнай інспекцыяй Мінскай вобласці з 2010 па 2014 гады выяўлена каля 24 тысяч парушэнняў заканадаўства аб ахове працы, для ліквідавання якіх наймальнікам выдадзена 2398 прадпісанняў і рэкамендацый. На працягу апошніх двух гадоў створаны і працуюць рэйдавыя групы тэхнічнай інспекцыі працы абласнога аб'яднання. Штогод праводзяцца маніторынгі ва ўсіх 22 раёнах і горадзе Жодзіна. У 2013 годзе рэйдавыя групы выявілі 955 парушэнняў больш як у 330 арганізацыях вобласці, а ў 2014 — 929 парушэнняў у 95, у тым ліку ў 20 арганізацыях, дзе не створаны прафсаюз. Цяпер праводзяць маніторынг па ахове працы яшчэ і 6 рэйдавых груп з ліку тэхнічных інспектараў працы рэспубліканскіх камітэтаў. І гэта значная дапамога ў нашай рабоце.

Разам з тым, больш як у 8 тысячах арганізацый розных форм уласнасці праведзены праверкі з мэтай кантролю за захаваннем працоўнага заканадаўства прававымі, галоўнымі прававымі інспектарамі працы абласнога аб'яднання. Па іх выніках выдадзены рэкамендацыі па ліквідаванні каля 15 000 парушэнняў. Па патрабаваннях спецыялістаў абкамаў і гаркамаў работнікам выплачана больш як 11 млрд рублёў. Старшынямі райкамаў, штатнымі работнікамі абкама прафсаюза работнікаў АПК, напрыклад, за пяць гадоў абаронены правы 26 тысяч членаў прафсаюза, ім вярнулі больш як 8 млрд рублёў.

Значнае месца ў дзейнасці прафсаюзаў займае абарона сацыяльных правоў і інтарэсаў слаба абароненых катэгорый грамадзян — членаў прафсаюзаў: ветэранаў, моладзі, дзяцей. У Мінскай вобласці за 4 гады ў рамках акцыі «Прафсаюзы — дзецям» дабрачынная дапамога аказана 249 дзіцячым сацыяльным установам. А прафсаюзнымі арганізацыямі ўсіх узроўняў — у памеры 1,644 млрд рублёў. Летась на правядзенне мерапрыемстваў для ветэранаў, аказанне ім матэрыяльнай дапамогі затрачана больш як 100 млн рублёў. Работа па ўсіх агучаных кірунках будзе працягвацца і надалей.

— Тым больш што ў прафсаюзах створана новая структура, ці не так?

— Так, гэта раённыя, гарадскія (рэгіянальныя) аб'яднанні прафсаюзаў, што ўваходзяць у структуру Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Яны маюць на мэце ўмацоўваць салідарнасць і адзінства прафсаюзнага руху ў рэгіёне, выпрацоўваць агульную тактыку дзеянняў прафсаюзных арганізацый, размешчаных на тэрыторыі, іх узаемадзеянне з органамі ўлады, прадстаўніцтва і абарону інтарэсаў ФПБ.

Такім чынам, створаны 22 раённыя і Жодзінскае гарадское аб'яднанне арганізацый прафсаюзаў. Да нас прыйшлі новыя людзі — з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, свежымі ідэямі і вялікім жаданнем працаваць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».