Вы тут

Дзе пахаваны... Шэрыф?


Рэпарцёры пабывалі на могілках, дзе пахаваны свойскія жывёлы. Некаторыя помнікі ўразілі. Адразу відаць, што гаспадары сабак і кошак патрацілі нямала грошай на ўвекавечанне памяці гадаванцаў. Надпісы на помніках гавораць самі за сябе: «Памятаем. Смуткуем»! І гэта пра «брата нашага меншага»!

16-13

Кошка чорная...

Нагодай для напісання рэпартажу стаў зварот у карэспандэнцкі пункт «Звязды» ў Віцебску. Па дапамогу звярнулася маладая мама, якая жыве ў абласным цэнтры. Яна паведаміла, што каля агароджы дзіцячага садка ўжо не першы тыдзень ляжыць мёртвая кошка.

3_28

— Ляжыць побач з садком, каля якога сярэдняя школа №29.

Па словах грамадзянкі, раней кошка ляжала на тратуары, і яе даводзілася абходзіць мінакам. Праз пару тыдняў хтосьці перакінуў яе бліжэй да агароджы.

— Дворнікам няма да гэтага ніякай справы... Няўжо ніхто не адказвае за парадак на гэтым участку? — працягвала гараджанка.

4_19

Я схадзіў на тое месца. Чытачка не падманула. Сфатаграфаваў кошку на мабільны тэлефон. Чаму не выкінуў? А куды? І як узяць у рукі? Тым больш наводзіць парадак на вуліцах — не мая праца. Ды і, відавочна, трупы жывёл трэба хаваць, а не выкідаць у смеццевую скрыню.

Звярнуўся да адказных асоб — і праз некалькі дзён кошку прыбралі. Вось тут і стала цікава: ці ёсць у горадзе могілкі для кошак, сабак, хамякоў... Калі паміраюць, дык што рабіць, каму тэлефанаваць?

5_14

Жак і Лаура

Суседзі распавялі, што на ўскраінах Віцебска ёсць месцы масавага пахавання жывёл. Сярод іншых там бачылі магілу ката Леапольда — цёзкі вядомага героя савецкага мультфільма.

Разам з фотакарэспандэнтам мы паехалі на могілкі, якія знаходзяцца ля парку адпачынку імя Савецкай Арміі. Шукаць неабходнае нам месца доўга не прыйшлося — людзі падказалі. Праўда, магілу Леапольда, як адзначыў суразмоўца, ужо разбурылі камунальнікі, калі наводзілі парадак. І мелі рацыю, бо могілкі несанкцыянаваныя... Але потым пачалі з'яўляцца новыя пахаванні — значыць, зноў будуць наводзіць парадак. І так гадамі?

Самі могілкі ўразілі. Сярод іншых убачылі сціплы «помнік»: фота сабакі ў рамцы вісіць на дрэве, а ўнізе, у зямлі — штучныя кветкі, побач — жывыя... Недалёка яшчэ адно пахаванне: на камні замацавалі фота сабакі па мянушцы Жак...

6_11

А тут пахавалі Лауру. Праўда, хто гэта — сабака або кошка — не зразумела. На цагліне напісана, што памерла Лаура летась. Ля яе — пластыкавы падсвечнік. Ля наступнага пахавання высадзілі ландышы, ёсць міска з кормам, агароджа — з пластыкавых цюльпанаў... Мы, дарослыя дзядзькі, ледзь не расплакаліся ад замілавання.

Пастаялі і ля сціплай магілы з акуратнай драўлянай агароджай нейкай Жужы. Памаўчалі ля драўлянага крыжа, усталяванага на яшчэ адной магіле, — хаця крыж — гэта, па-мойму, ужо перабор.

...На іншым канцы горада — на ўскраіне спальнага раёна, які актыўна будуецца, таксама ёсць «сабачыя могілкі». Вось «апошні дом» Чыпа, фота якога таксама замацавана на металічным крыжы. Недалёка яшчэ адно пахаванне. На металічным слупе надпіс «Мікі». Топік пахаваны сціпла. Па перыметры яшчэ адной магілы — металічная агароджа. Такія ж ёсць на многіх людскіх могілках. Шыкоўны помнік у ката па мянушцы Пасат. А ў кошкі насамрэч «эксклюзіўны» помнік: шкляны, з гравіроўкай яе партрэта.

7_6

А вось помнік Шэрыфу не ўразіў: на цагліне замацавана таблічка, на якой напісана прозвішча і гады жыцця.

Небяспека для людзей

— Сёння ў Віцебску, як і ў іншых гарадах краіны, мёртвыя жывёлы павінны быць утылізаваныя на палігоне цвёрдых бытавых адходаў. Ёсць адпаведныя нормы... Нашы супрацоўнікі ўтылізуюць мёртвых жывёл у спецыяльна адведзеных месцах, — растлумачылі «Звяздзе» на камунальным унітарным прадпрыемстве «Спецаўтабаза горада Віцебска».

— Несанкцыянаваныя могілкі небяспечныя ў эпідэміялагічным пытанні... Сабакі, кошкі, грызуны, якія жылі ў людзей, маглі памерці і ад інфекцый. Тыя, хто хаваюць сваіх гадаванцаў, фактычна не задумваюцца пра тое, што іх павага да памяці жывёлы стварае пагрозу для людзей. Калі магіла не адпавядае санітарным нормам, можа адбыцца распаўсюджванне інфекцыі. Наўрад ці магілкі глыбокія. А ў тым жа парку гуляюць бацькі з дзецьмі, — дадалі супрацоўнікі Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

2_40

Спецыялісты распавялі, што ёсць санітарныя нормы, якія прадугледжваюць пэўную адлегласць месцаў пахавання ад жылля. А ці думалі гаспадары, што трэба дэзынфіцыраваць магілы? Вядома ж, не! Пра забруджванне водазабору асобная размова. Зразумела, што несанкцыянаваныя могілкі — патэнцыйная крыніца забруджвання падземных водаў...

Як сведчыць афіцыйны адказ, тую мёртвую кошку, якая ляжала каля дзіцячага садка, работнікі прадпрыемства «Спецаўтабаза» ўтылізавалі ў спецыяльна адведзеным для гэтых мэтаў месцы. «Адначасова паведамляем, што афіцыйных могілак для жывёл у горадзе Віцебску няма», — адказаў першы намеснік генеральнага дырэктара ўнітарнага камунальнага вытворчага прадпрыемства «Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка» Мікалай Дрыленка.

Можна павучыцца

Пры гэтым правінцыялам ёсць чаму павучыцца ў мінчан. У прыватнасці, сталічная фірма рытуальных паслуг прапаноўвае крэмацыю жывёл. Попел потым можна развеяць або закапаць. Зразумела, такім чынам тое, што застанецца ад сабакі, кошкі, не ўяўляе ніякай пагрозы.

У Маскве, Санкт-Пецярбургу ёсць афіцыйныя могілкі для жывёл. Але пахаваць магчыма зноў жа пасля абавязковай крэмацыі... Бачыў адпаведныя фота могілак у інтэрнэце: магілкі без агароджы на палянцы. Вельмі годна ўсё выглядае. У той жа сталіцы Расіі, па самых сціплых падліках, штогод памірае каля 300 тысяч свойскіх сабак і кошак. Дык чаму б на гэтым не зарабіць? І кліенты задаволены, бо цэны не вельмі «кусаюцца».

У «лакаматыве» Еўрапейскага саюза — Германіі — каля 200 могілак і некалькі крэматорыяў для свойскіх жывёл. Цэны крэмацыі таксама залежаць ад вагі. Крэмацыя кошкі абыдзецца гаспадару ў суму ад 150 да 200 еўра, уключаючы кошт урны і транспартных паслуг, крэмацыя вялікага сабакі — да 350 еўра... На могілках жывёл нельга выкарыстоўваць сакральныя сімвалы: напрыклад, анёлаў, крыжоў. Цытаты з Святога Пісання таксама забаронены. Жывёлу можна пахаваць у драўлянай труне, якая каштуе ад 100 еўра і вышэй. А можна загарнуць у бясплатную мешкавіну, што зразумела, не ў інтарэсах пахавальных бюро... Кошт арэнды невялікага ўчастка для магілы 50 на 50 сантыметраў на могілках для жывёл, напрыклад, у Дзюсельдорфе абыдзецца ў 260 еўра. Тэрмін арэнды — 4 гады, але яго па жаданні можна падоўжыць.

Ніякім чынам не хацеў пакрыўдзіць тых, хто пахаваў улюбёнцаў. Насамрэч, калі жыве хвастаты дома доўгія гады, становіцца сваім. Але ж, як высветлілася, пахаваць дзе хочацца — значыць парушыць заканадаўства. Відаць, сітуацыю трэба мяняць? Пытанне пакуль застаецца адкрытым. Пры гэтым колькасць хатніх гадаванцаў штогод павялічваецца.

Аляксандр ПУКШАНСКІ,
pukshanski@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».