Вы тут

А потым была вайна


Горад. Май. Пах...

Здаецца, бэз?

Але адкуль? Побач — безліч машын і дамоў, мора людзей, побач — дрэвы і кветкі, ёсць кусты. Бэзавы — толькі адзін і зусім невялічкі!

А бач ты — «забівае» ўсе іншыя пахі, нібы крыкма крычыць: «Вясна!»

Два боты — пара?

Псіхолагі кажуць, што да кожнага сезона добра было б абнаўляць гардэроб.

Лёгка ім гэтак казаць, а вось як зрабіць?

Верачка днямі пінжачок прыдбала — падтрымала айчынных вытворцаў. Прыбралася, прыйшла на працу.

— Гэта ў вас касцюм? — спытала ў яе каляжанка.

— Не, толькі пінжак.

— Дык да яго ж яшчэ і спадніцы прадаюцца, і нагавічкі, і сукенкі. Я сама ў краме бачыла.

Веры б насцярожыцца, прыкінуць «наступствы» — падумаць пра іх сёння дык жа не, адклала на заўтра.

І трэба ж: якраз назаўтра, пад'язджаючы да прыпынку, прыяцельку ўбачыла. Тая (два боты — пара), відаць, тых жа псіхолагаў паслухала, таго ж вытворцу падтрымала — акурат з такой жа тканіны спадніцу купіла...

Яны цікава глядзеліся б побач!

А таму з аўтобуса Вера не выйшла (хоць і трэба было) — паехала далей...

Спазнілася на працу, сапсавала адносіны з начальствам, схавала ў антрэсолях новы пінжачок...

Бо яно ж спакайней у старым.

Прычына — глыбей

Калі топішся, то і за брытву схопішся, а калі спяшаешся, то па дарозе абавязкова сустрэнеш знаёмую, якой (і ў што б там ні стала!) трэба з табой пагаварыць:

— Ну хоць пяць хвілінак...

— Але не болей.

— Некуды спяшаешся?

— Ды ў цырульню бягу.

— Во, — здзіўляецца знаёмая, — а я ж таксама збіралася! А потым зірк у гараскоп і думаю: не, не пайду... Нельга сёння стрыгчыся, неспрыяльны дзень. Папомніш маё слова: пастрыжэшся — грошай не будзе.

...Не паслухала. Пастрыглася. Няма...

Прычына ў гараскопе? Ці ўсё ж глыбей?

Сваім мазалём

Банкамат нехта з гумарыстаў банкамЁтам празваў, бо і сапраўды ж «страчыць» ён грашыма — нібы той кулямёт: ш-ш-шась — і забірай свой мільён, ш-ш-шась — і гатоўкай другі...

Лёгка грошыкі зняць, плёвая справа патраціць, а вось зарабіць...

Не да шафы

У Лены перамены: то дзень пры дні ў адной сукенцы хадзіла, а то на працу як на свята: кожны дзень у свежым.

— Мне праўда прыгожа? — любуецца сабой у люстэрка і дадае: — Гэта ж я сабе шафу купіла і ўсе строі ў парадак прывяла: з каробак падаставала, папрасавала, на «плечыкі» развесіла... Ёсць што надзець, як аказалася!.. І чаму я раней так не жыла?

...Адкрытае пытанне, бо Лена адна гадуе двух хлапчукоў, з горам папалам абжываецца ў новай кватэры, за яе ж (і немаведама як — пры сённяшніх цэнах...) выплачвае крэдыт. Карацей, не да пацераў, калі хата гарыць.

І не да шафы — было...

Прагрэc!

Абвесткі выйшлі за межы гарадоў, смела занялі слупы ў вёсках і чаго толькі не прапануюць там: вокны-дзверы памяняць — калі ласачка, прывезці дроў — ды якіх заўгодна, гною ці пяску — таксама, печы паправіць, свідравіну прабіць, дрэвы зрэзаць, дах пафарбаваць...

Вось гэта — цікава: чым бы запісаць тэлефон?

Падказка на тым жа слупе: «Сфатаграфуй!»

І сапраўды, не ў кожнай кішэні цяпер ёсць аловак ці ручка. Але ў кожнай амаль — мабільнік (ён жа — фотаапарат, ён жа дыктафон і яшчэ немаведама што).

Урок

Горад, спёка, і народу на вуліцах вобмаль: хіба цётка з карапузам, дзядок з «двартэр'ерам» ды мы з сяброўкай. Гуляем, зрэдку спыняемся: дзед — каб пасварыцца на сабаку, мы — каб прыцаніцца да гародніны, кабета — каб купіць марозіва, і тут жа, «не адыходзячы ад касы», разгарнуць яго, прагна адкусіць...

Што, вядома ж, лагічна, бо на вуліцы спёка, бо цяпер на хаду і не тое ядуць...

Што НЕ лагічна (з нашага пункту гледжання), дык гэта тое, што абгортку ад марозіва жанчына кідае на асфальт, пад ногі свайму ж дзіцяці...

Яно, праўда, малое, яно — не зважае. Затое дзядок...

— Прабачце, вам не патрэбна гэтая паперка? — ветліва пытаецца ён у жанчыны і, пачуўшы неўразумелае «не», цяжка нахіляецца, падымае тую паперку, спакойна нясе да сметніцы.

Твар кабеты заліваецца чырванню. Яна, як той злодзей, азіраецца па баках і, напэўна ж, радуецца, што на вуліцы — гарачыня, што народу побач вобмаль, што малы і насамрэч малы, а таму нічога не разумее... Пакуль.

Яму гавары, а ён дагары

Раніца, электрычка — чым бліжэй да Мінска, тым больш пасажыраў, трэба разумець, людзей, якія працуюць у горадзе, а жывуць на зямлі: у сваіх дамках і дамах — на лецішчы, у вёсцы, дзе якраз цяпер цвітуць півоні і рамонкі, дзе завязваюцца першыя агурочкі, дзе цішыня і так пяюць салаўі.

Каб жа толькі...

— Надвячоркам нейкі нячысцік суседа прынёс, — даносіцца голас з-за спіны. — Дуралей — яшчэ той: машыну ў двары паставіў, дзверцы расчыніў і адтуль ужо — ду-дух, ду-дух, ду-дух... Музыка — хоць на сетку лезь! Я крыху пацярпела, а потым думаю: не, няма дурных! Падыходжу і кажу яму: «Слухай, калі табе гэтыя песні падабаюцца, то заткні іх у вушы і балдзей! Мы тут пры чым?»

— І што — заткнуў? — пытае суседка па лаўцы.

— Не, мусіць навушнікаў пры сабе не было... Але ж выключыў!

І каб разумны быў, то больш бы не ўключаў (на ўсю моц, прынамсі). А дуралей ён і ёсць дуралей. Ім, вось такім і, на жаль, закон «не писан, если писан, то не читан, если читан, то не понят, если понят, то не так».

Два погляды

Мацвею трэці гадок. Бацькі да садка прывучаюць: ужо з месяц ён ходзіць туды, а вярнуўшыся, «інтэрв'ю» ва ўсю раздае: расказвае, якія там дзеці, якія парадкі, што есці даюць, калі спаць кладуць...

— А за выхавацельку ў вас хто? — цікавіцца, напрыклад, бабуля.

— Марына Піліпаўна.

— Яна прыгожая, відаць, маладая?

— Не, — сумна ўздыхае малы, — старая ўжо... Ёй 25 гадоў!

...З пункту погляду ўнука тая Марына Піліпаўна і сапраўды не першай маладосці... З пункту погляду бабулі — ці не дзіця яшчэ?

Любоў...

Пятровіч аўдавеў у няпоўныя 50. Дочкі на той час былі ўладкаванымі — дарослымі, замужнімі, сам — яшчэ маладжавы, пры пасадзе, грашах...

Факт, што дзеўкі ды маладзіцы за ім гужам хадзілі, але ж ён на іх прыгажосць неяк «не купляўся» і ў разлік, падобна, не браў, казаў: «Ды што вы... Бронь Божа! Яны ж як дочкі мае!»

З той пары гадоў 20 прайшло, і... «змяніліся часы, змяніліся норавы. Цяпер на такую драбязу, як розніца ва ўзросце, ужо ніхто не зважае: жонкі, каханкі маладзейшыя на дваццаць гадоў, на трыццаць, на сорак. Не паспееш ажаніцца з маладой — вырастаюць яшчэ маладзейшыя...

Як дочкі, як унучкі... Любоў?

Усё на продаж

Абвестка на дзвярах пад'езда: «Куплю вашу кватэру...»

Пакупнік — трэба разумець — мяркуе, што ў мяне іх некалькі і адну нядрэнна было б прадаць.

Што ж, дзякуй за камплімент, як той казаў.

Білборд на шашы: «Купім ваш аўтамабіль. Можна аварыйны...»

Гэта, здаецца, падзякі не варта.

Ці зноў жа, як паглядзець.

На любы густ

...Нехта з японцаў пісаў, што жанчына павінна быць рознай — ну, як іх гара Фудзіяма: з аднаго боку яна такая, з другога — іншая...

Па праспекце надоечы маладзіца ішла — нібы тая гара: з правага боку брунетка, з левага ўжо бландзінка... Дзве ў адной, так бы мовіць. І ніякага ў тым чарадзейства — звычайная хімія!

Паварот

Горад, метро, натоўп... І ў ім — насустрач... знаёмыя твары: сваячка з дачкой! Гэта ж колькі зім?...

Трэба пагаварыць!

Разам мы «выплываем» з-пад зямлі, разам кіруемся да найбліжэйшай кавярні, адчыняем дзверы — бачым, што столікаў — хоць адбаўляй, чуем ветлае: «Чаго жадаеце?» і нават наперабой паспяваем сказаць, што пасядзелі б тут, што для пачатку выпілі б па кубачку кавы.

— А што такое кава? — цікавіцца маладзён.

...І гэтым адбівае ўсякае жаданне выпіць яе — у прыватнасці тут.

Ёсць такія словы!

Калега хварэе — даўно: чытачы і тыя заўважылі — цікавяцца, што здарылася, як ён сябе пачувае?

Кажу, што ведаю, хоць ведаю няшмат.

— То перадайце ж яму нашы прывітанні, — просіць жанчына з Палесся, — нашы зычанні паправунку...

Паглядзела ў тлумачальны слоўнік: падмацунак там ёсць, паправунку — няма. Ён (і ў размовах, згадзіцеся, куды лацвейшы... Чым тое ж «выздараўленне»...) ёсць хіба ў слоўніку сінонімаў — разам з попраўкай, папраўкай, паправай і нават ачункам!

Атрута

Вёска. Крамка. Невялічкі натоўп, бо дзверы зачынены — прадавачкі тавар прымаюць.

— Можа, нешта добрае нам прывезлі? — пытаецца адна бабуля ў другой.

— Ага... Атруту, — «узрываецца» гневам тая і ўжо трохі цішэй дадае: — Гарэлку разгружаюць...

Каб потым, можа, і сапраўды нехта першую чарку выпіў у смагу, другую — у слодыч, трэцюю — на здароўе, чацвёртую — на вяселле, пятую — на п'янства, шостую на хваробу, сёмую (Божа барані!) — на смерць.

Была вайна...

З ліста: «Мае бацькі пажаніліся ў чэрвені 1940 года. Я нарадзілася праз дзевяць месяцаў, у красавіку 1941-га. І тата мяне з рук не спускаў, калі верыць маме... Быццам адчуваў, што хутка ўсё гэта скончыцца: пачнецца вайна, ён пойдзе на фронт і дамоў не вернецца — без вестак прападзе, як камень у ваду — ні племя, ні роду, нават магілкі не застанецца».

Па ім — хоць дачка. Помнічкам.

Валянціна Доўнар,
dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.