Вы тут

Дапамога «зверху» і ўласная адказнасць


Напярэдадні чарговай суботняй прамой тэлефоннай лініі абласная газета надрукавала анонс, што яе правядзе намеснік старшыні аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА, які курыруе, у прыватнасці, пытанні прамысловага комплексу, якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Аднак званкоў па гэтай тэматыцы практычна не было.

16-54

Хіба што адно пытанне тычылася цэнаўтварэння на прадукцыю айчынных прадпрыемстваў. Жыхарка абласнога цэнтра паскардзілася, што цэны на малочныя і іншыя прадукты харчавання ў крамах даволі істотна адрозніваюцца. Безумоўна, спецыялісты правераць, чаму так адбываецца. Хаця трэба ведаць, што кожны магазін мае права выбіраць як максімальную гандлёвую надбаўку, так і больш нізкую. Зыходзячы з гэтага, і пакупнікі, напэўна, павінны рабіць свой выбар на карысць той ці іншай крамы.

Частку людзей, што звярнуліся на «прамую лінію», хвалявалі нейкія асабістыя праблемы, некаторыя з якіх не ў кампетэнцыі органаў выканаўчай улады і павінны вырашацца ў судовым парадку. А найбольшая колькасць зваротаў ужо традыцыйна датычылася сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Жыхарка шматпавярховіка па вуліцы Ажэшкі ў Гродне, напрыклад, падзякавала ўладзе за цеплавую рэабілітацыю і рамонт дома. І разам з тым паставіла чарговую задачу — адрамантаваць асфальтавае пакрыццё пры ўездзе на дваравую тэрыторыю. Вядома, у тых, хто, так бы мовіць, стукаецца, больш шанцаў, што адчыняць. Аднак, напэўна, павінна быць і «база даных» з чарговасцю вырашэння падобных і іншых камунальных пытанняў — каб гэта не залежала ад зваротаў на «прамыя лініі». І, зразумела, не трэба дапускаць халтуры, калі асфальт быццам адрамантавалі, грошы затрацілі, аднак пасля першай жа зімы ці моцных дажджоў — зноў ямы і выбоіны. На жаль, гэта не рэдкасць.

Юрый Шулейка ўжо не ўпершыню быў на суботняй «прамой лініі», і з кожным разам, кажа, зваротаў становіцца менш:

— Напэўна, многія з раней узнятых пытанняў ужо знятыя з парадку дня альбо людзі бачаць, што яны вырашаюцца. Тым не менш заўсёды былі і будуць сітуацыі, калі неабходна ўмяшанне чыноўніка высокага рангу, каб вырашыць нейкую надзённую праблему. Альбо граматна патлумачыць людзям, як сябе паводзіць у тым ці іншым выпадку. Адпаведныя кансультацыі падчас «прамой лініі» даюць спецыялісты не толькі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але і ў сферах будаўніцтва, транспарту, работнікі пракуратуры, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, іншых службаў.

Пры гэтым, зразумела, трэба не толькі спадзявацца на дапамогу «зверху», але і праяўляць уласную адказнасць, законапаслухмянасць. Старшыня аднаго з жыллёвых кааператываў Ваўкавыска, напрыклад, патэлефанавала наконт устаноўкі ў доме рэгулятара тэмпературы падачы цеплавой энергіі. Маўляў, людзі не хочуць на гэта траціцца. Але ж ёсць адпаведная пастанова ўрада, што ўстаноўка такога рэгулятара ў доме, дзе больш за 20 кватэр, абавязковая. І ў кааператыўных дамах гэта робіцца за кошт жыльцоў. Адмовіліся — узнікнуць праблемы пры падпісанні пашпарта гатоўнасці дома да ацяпляльнага сезона.

Барыс ПРАКОПЧЫК
prakopchik@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.