Вы тут

Цэнамі на клубніцы кіруе рынак


У Лунінецкім раёне — «краі клубніц» — сталі вядомы закупачныя цэны, па якіх раённае спажывецкае таварыства будзе прымаць гэтую ягаду ад насельніцтва.

— Клубніцы, што будуць нарыхтоўвацца ў бочкі для патрэб вінаробства, прымаем па 2,5 тысячы рублёў за кілаграм. Тыя, што будуць закладвацца ў скрыні, будзем закупляць па 4 тысячы рублёў за кілаграм. Цану на так званую таварную ягаду, якая ідзе на продаж у рознічны гандаль, дыктуе рынак. У залежнасці ад умоў надвор'я, якасці саміх клубніц, попыту і прапановы яна можа вагацца. Сёння закупачная цана на так званую таварную ягаду складае 8-10 тысяч рублёў. Заўтра яна можа як зменшыцца, так і павялічыцца, — расказала журналісту «Звязды» эканаміст Лунінецкага раённага спажывецкага таварыства Валянціна Пятрыніч.

Што датычыцца планаў нарыхтоўкі, дык сёлета спажывецкаму таварыству даведзены план у 300 тон клубніц. Дзеля параўнання, летась гэтая лічба складала напачатку 630 тон, потым была павялічана да 800 тон. Вядома, усё залежыць найперш ад надвор'я, а яно апошнія некалькі гадоў запар не надта радуе аматараў салодкай ягады: то пасушыць, то залье... Па словах суразмоўцы, першы дождж у іх мясцовасці прайшоў напярэдадні нашага звароту. Клубніцы на смак пакуль кіславатыя...

У сталіцы выбар ягад у апошні час павялічыўся, а цэны, у параўнанні з першай ягадай, пайшлі ўніз. Скажам, у вулічных латках ці каля пераходаў станцый метро айчынныя клубніцы ў залежнасці ад якасці можна купіць прыкладна па 15-45 тысяч рублёў за кілаграм. Ажыятажу і чэргаў не назіраецца: многія бяруць на пробу паўкілаграма-кілаграм...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.