Вы тут

За штурвалам... лятаючага камп'ютара


Як нашы лётчыкі асвойваюць новыя самалёты «Як-130» — з першых вуснаў.

Некалькі разоў на тыдзень у жыхароў Ліды ёсць унікальная магчымасць паназіраць за тым, як у неба адзін за адным узнімаюцца самалёты «Як-130». Да фігур найвышэйшага пілатажу яшчэ пакуль далёка. Новую тэхніку, якая нядаўна паступіла на ўзбраенне Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны, беларускія авіятары асвойваюць пад пільным наглядам вопытных лётчыкаў-выпрабавальнікаў прадпрыемства-вытворцы. У эпіцэнтры ваеннай авіяцыі, якім сёння па праве можна назваць Ліду, пабывала і карэспандэнт газеты «Звязда».

17-13

Нагадаем, найноўшыя самалёты перададзены вайскоўцам 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы Ваенна-паветраных сіл у красавіку. У нашу краіну яны былі дастаўлены з Расіі на ваенна-транспартным судне «Іл-76». Ажыццявілі зборку авіятэхнікі спецыялісты навукова-вытворчай карпарацыі «Іркут». Чатыры самыя новыя вучэбна-баявыя самалёты «Як-130» склалі асобную эскадрыллю на авіябазе.

Лідскія лётчыкі надзвычай задаволены. Вядома ж, сучасную тэхніку даверылі менавіта ім! Праўда, першымі кіраваць вучэбна-баявымі авіяцыйнымі комплексамі даручылі толькі чатыром паветраным асам. Адбор быў надзвычай жорсткім. У выніку на базе Цэнтра арганізацыі падрыхтоўкі авіяцыйнага персаналу ў падмаскоўным горадзе Жукоўскім тэарэтычнае навучанне прайшлі найбольш вопытныя ваенныя лётчыкі 1-га класа.

Адзін з іх — намеснік камандзіра 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы гвардыі палкоўнік Аляксандр ФЕДАРЭНКА. Каб прайсці перавучванне на новы тып самалёта, яму, як і іншым авіятарам, патрэбна было мець не толькі дастаткова вялікі налёт, а і інструктарскі вопыт.

17-16

— Безумоўна, гэта вялікі гонар, што мне аднаму з першых даверылі асвойваць новы тып самалёта, — гаворыць Аляксандр Федарэнка. — Нешта новае — заўсёды цікавае і цяжкае ў той ступені, наколькі ты да гэтага падрыхтаваны. Менавіта таму працэс навучання ў Жукоўскім доўжыўся два месяцы, а не месяц-паўтара, як гэта звычайна бывае.

Агульны налёт лётчыка — каля 1350 гадзін. Гэта калі не ўлічваць курсанцкі налёт, які ў Аляксандра Пятровіча каля 250 гадзін. У выніку — каля сямідзесяці дзён у небе! На лідскай авіябазе Аляксандр Федарэнка служыць з 1993 года. Прыйшоў сюды лейтэнантам пасля Харкаўскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча лётчыкаў. Даслужыўся да начальніка 206-га цэнтра падрыхтоўкі лётнага складу, які цяпер уваходзіць у склад авіябазы. Зараз — намеснік камандзіра вайсковага злучэння. Асвоіў самалёты «Су-25» і «Л-39». На апошнім — «Альбатросе» — у складзе пілатажнай групы «Белая Русь» удзельнічае ў парадах.

Магчыма, у наступны раз у небе над Мінскам лётчык з'явіцца на іншай «машыне». А пакуль — інтэнсіўныя трэніроўкі. Каб даведацца пра ўсе асаблівасці і магчымасці самалёта «Як-130», на працягу двух месяцаў паветраным асам неабходна налятаць па 25 гадзін. Гэта дастаткова шмат. Але, як прызнаюцца самі лётчыкі, выканаўшы ўжо некалькі палётаў, зразумелі, што гэта таго варта. І толькі пасля засваення практычнага курса яны стануць лётчыкамі-інструктарамі і будуць вучыць кіраваць «Як-130» сваіх калег па базе і курсантаў Ваеннай акадэміі.

А зараз лідскія лётчыкі вучацца самі. Як яны прызнаюцца, вызначыць асноўныя характарыстыкі самалёта без вопытных інструктараў было б складана. З настаўнікамі ім, зразумела, пашанцавала. Перавучваюць на новы тып самалёта беларускіх авіятараў заслужаныя людзі Расіі — лётчыкі-выпрабавальнікі Раман Таскаеў і Васіль Севасцьянаў. Вы б толькі чулі, з якім гонарам і цеплынёй пра іх расказваюць вайскоўцы!

Раман Таскаеў — увогуле ўнікальны чалавек у авіяцыі. Герой Расійскай Федэрацыі. Ён некалькі разоў не капультаваўся, калі была такая неабходнасць, вучыў «лятаць» самалёты, у тым ліку і тыя, якія стаяць на ўзбраенні беларускай арміі. Выпрабоўваў іх з нуля, самалёт «Як-130» таксама. У 1995 годзе ўстанавіў сусветны авіяцыйны рэкорд вышыні палёту на знішчальніку «МіГ-29». Высокае званне вайскоўцу было прысвоена за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выпрабаванні новай авіяцыйнай тэхнікі. Заслужаны лётчык-выпрабавальнік Расіі таксама ўзнагароджаны ордэнамі Мужнасці і Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі медалямі. Нямала іх і ў Васіля Севасцьянава, лётчыка-выпрабавальніка 1-га класа. Асвоіў больш чым 20 тыпаў самалётаў. Агульны налёт — больш чым 5500 гадзін!

Спецыялісты з Вопытна-канструктарскага бюро Якаўлева, дзе быў распрацаваны «Як-130», стварылі самалёт, які прызначаны для навучання і для баявога прымянення па паветраных і наземных цэлях. Валодаючы шыкоўнымі баявымі магчымасцямі, «Як-130» можа служыць і лёгкім штурмавіком. На ім прадугледжана ўсталяванне ракетнай, бомбавай і стралкова-гарматнай зброі — можа несці да трох тон авіяцыйных сродкаў паражэння. Для вучэбна-баявога самалёта гэта дастаткова шмат. Што тычыцца баявых магчымасцяў, больш універсальную авіятэхніку знайсці складана.

[caption id="attachment_88035" align="alignnone" width="600"]Ге­рой Ра­сіі Ра­ман Тас­ка­еў, лёт­чык-вы­пра­ба­валь­нік Ва­сіль Се­ва­сцья­наў, на­чаль­нік 1-га аддзе­ла ўпраў­лен­ня авія­цыі ка­ман­да­ван­ня ВПС і ВСА Мі­ка­лай Дрыж­ко, на­мес­нік ка­ман­дзі­ра 116-й гвар­дзей­скай штур­ма­вой авія­ба­зы Аляк­сандр Фе­да­рэн­ка (зле­ва на­пра­ва). Ге­рой Ра­сіі Ра­ман Тас­ка­еў, лёт­чык-вы­пра­ба­валь­нік Ва­сіль Се­ва­сцья­наў, на­чаль­нік 1-га аддзе­ла ўпраў­лен­ня авія­цыі ка­ман­да­ван­ня ВПС і ВСА Мі­ка­лай Дрыж­ко, на­мес­нік ка­ман­дзі­ра 116-й гвар­дзей­скай штур­ма­вой авія­ба­зы Аляк­сандр Фе­да­рэн­ка (зле­ва на­пра­ва).[/caption]

— Гэты самалёт яшчэ настолькі разумны, што папярэджвае лётчыка аб памылках, якія часта сустракаюцца пры першапачатковым навучанні, згладжвае іх, калі яны ўжо зроблены, — расказвае лётчык 1-га класа Аляксандр Федарэнка. — Напрыклад: я няправільна ўзяў ручку кіравання, што на звычайным самалёце прывяло б да выхаду на вялікія вуглы атакі і прывядзенне самалёта ў штопар. З дапамогай манітораў авіятэхніка мне падказвае, што я падыходжу да небяспечнага рэжыму. Вядома, права выбару за мной — я магу выканаць такую фігуру, як штопар, а магу і прыслухацца да ўказанняў.

На «Як-130» усталяваны вельмі добрыя сродкі аб'ектыўнага кантролю. Здзейснены палёт потым можна ўбачыць як на відэа, так і на фотаздымках, што дазваляе расшыфраваць яго параметры і знайсці сваю памылку. Самалёт — двухмесны. Але на ім можна лятаць як двум лётчыкам, так і аднаму. Максімальная вышыня — да 12,5 тысячы метраў, хуткасць — 950 кіламетраў у гадзіну. Самалёт унікальны пры пілатаванні на малых хуткасцях і вялікіх вуглах атакі.

Як запэўніваюць распрацоўшчыкі, «Як-130» дастаткова просты і надзейны ў эксплуатацыі. І гэта ўжо пацвярджае інжынерна-тэхнічны склад 116-й авіябазы. Разам з лётчыкамі інжынеры прайшлі курс навучання ў Жукоўскім. Зараз засвойваюць веды на практыцы — таксама пад кіраўніцтвам расійскіх спецыялістаў.

— У гэтым самалёце ўкаранёны прынцып эксплуатацыі па тэхнічнай неабходнасці, — тлумачыць старшы інжынер інжынерна-авіяцыйнай службы гвардыі маёр Вадзім БОГДАН. — Гэта значыць, што самалёт у плане дыягностыкі сістэм, абслугоўвання і выканання рэгламентных работ патрабуе значна меншай увагі. Прычым многія рамонтныя працы можна выконваць адразу ж на стаянцы авіяцыйнай тэхнікі, а не ў тэхнічнай часці. Гэта дазваляе скараціць час на эксплуатацыю самалёта, задзейнічаць невялікую колькасцю людзей, мінімізаваць кантрольна-праверачную апаратуру. Комплексная інфармацыйная сістэма «Як-130» дазваляе спрасціць гэтыя задачы пры абслугоўванні самалёта на зямлі, а таксама пры яго эксплуатацыі ў паветры. Акрамя таго, яна фарміруе інфармацыйнае поле кабіны, якое дазваляе вырашаць задачы, звязаныя з навігацыяй, пілатаваннем і прымяненнем авіяцыйных сродкаў паражэння.

Расійскія спецыялісты падлічылі, што навучанне на «Як-130» у 4-6 разоў таннейшае, чым на баявым самалёце. Акрамя таго, эканоміцца рэсурс авіяцыйнай тэхнікі. Нават калі гэты самалёт выкарыстоўваць у канфліктах малой эфектыўнасці, то ён цалкам можа замяніць лёгкі штурмавік. Прадугледжана дазапраўка самалёта ў паветры. Аднак для маштабаў нашай краіны гэта не зусім мэтазгодна. Без дазапраўкі самалёт здольны працягнуць тры гадзіны. А за гэты час, як вядома, можна абляцець усю Беларусь, ды неаднаразова.

— Кабіна самалёта абсталявана чатырма шматфункцыянальнымі лічбавымі індыкатарамі, — паказвае старшы інжынер інжынерна-авіяцыйнай службы гвардыі капітан Аляксандр РУДЫ. — Па іх можна вызначыць, як самалёт паводзіць сябе ў паветры, на якім этапе маршруту знаходзіцца і якую зброю нясе. Комплекс дапамагае выканаць падрыхтоўку самалёта да палёту, а таксама ў кароткі тэрмін прадыягнаставаць усе сістэмы. Тэст-кантроль самалётных сістэм і авіяцыйнага абсталявання праводзіцца і падчас запуску авіятэхнікі. Калі выяўляюцца пэўныя недахопы, яны адлюстроўваюцца на дысплеі. І толькі пасля ліквідацыі няспраўнасцяў комплекс выдае непасрэдны дазвол на вылет. Гэта, безумоўна, вялікі крок наперад у плане рэалізацыі бартавых комплексаў.

«Як-130» абсталяваны двума катапультнымі крэсламі. Яны могуць забяспечыць катапультаванне лётчыка на любых хуткасцях і вышынях. Мадэрнізацыя самалёта ў будучыні мае вялікія перспектывы. Праграмнае забеспячэнне можа мяняцца. Гэта як камп'ютар, які можна пастаянна ўдасканальваць.

— Як паказалі першыя палёты, што тычыцца тэхнічнага абслугоўвання, самалёт вельмі добра спраектаваны, — лічыць Аляксандр Федарэнка. — Пасля яго асваення перавучвацца на новыя тыпы авіятэхнікі — кшталту «Су-30», «Су-35», «Су-34», «МіГ-29СМ» і
«МіГ-35» — значна прасцей. Менавіта для гэтых задач і ствараўся «Як-130», кабіна якога адаптавана пад сучасныя паветраныя судны.

У вайсковай часці самалёт «Як-130» ужо ахрысцілі лятаючым камп'ютарам. Лётчыкі з задавальненнем асвойваюць новую тэхніку, каб у будучыні вучыць кіраваць ёй новае пакаленне авіятараў, якія, як кажуць, з камп'ютарам на «ты». Дай Бог, каб на «ты» яны яшчэ былі і з небам!

г. Ліда.

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.