Вы тут

У добры шлях, сувораўцы!


У Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы адбыўся чарговы, 59-ты, выпуск выхаванцаў. Па традыцыі атэстаты юнакам уручылі вядомыя военачальнікі, у тым ліку міністр абароны, які, дарэчы, таксама калісьці насіў пунсовыя пагоны.

17-21

— Сімвалічна, што выпуск праводзіцца ў год 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, — адзначыў міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ. — Быць верным традыцыям пакаленню пераможцаў — значыць у сучасных умовах надзейна забяспечыць бяспеку нашай Радзімы. Уся гісторыя Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча з'яўляецца яркім прыкладам пераемнасці пакаленняў, прытрымлівання святых традыцый і галоўнага кадэцкага прынцыпу: «Жыццё — Радзіме, гонар — нікому». Выпускнікі вучылішча складаюць яго гонар, з'яўляюцца ўзорам выканання і воінскага, і грамадзянскага абавязку.

Сёлета сцены вучылішча, якія за пяць гадоў службы сталі роднымі, пакінулі 72 выхаванцы. Сярод іх — два залатыя медалісты, 7 кандыдатаў у майстры спорту і лаўрэаты гарадскіх алімпіяд.

— Не кожны можа вытрымаць пяць гадоў вучобы ў сувораўскім вучылішчы, — перакананы начальнік Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл палкоўнік Уладзімір ВАРАПАЕЎ, сын якога Віктар стаяў у шэрагу выпускнікоў. — Перапаўняе радасць, што гэтыя гады ён перанёс з годнасцю, узмужнеў. Я ўпэўнены, што ён правільна выбраў прафесію: сын вырашыў звязаць свой лёс з вайсковым жыццём, стаць абаронцам Айчыны. І для мяне гэта самае галоўнае, чым я вельмі ганаруся.

17-23

Як прызнаўся старшы віцэ-сяржант Максім ГОЛІКАЎ, вельмі шкада развітвацца з вучылішчам, якое стала другім домам, з сябрамі. «Пяць гадоў мы пражылі ў адной казарме, а цяпер разбягаемся ў розныя бакі, — гаворыць выпускнік. — Будзем сустракацца, згадваць гады, праведзеныя тут, ганарыцца, што мы былі сувораўцамі».

За час свайго існавання са сцен сувораўскага вучылішча выйшлі больш чым 13 тысяч чалавек. З залатым медалём скончылі ўстанову 332 выхаванцы, 446 — з сярэбраным. Больш за 50 выпускнікоў надзелі генеральскія пагоны, каля ста чалавек сталі кандыдатамі навук, дацэнтамі і прафесарамі.

За перыяд баявых дзеянняў у Афганістане больш як 250 выпускнікоў сувораўскага былі ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. Чацвёра выхаванцаў вучылішча сталі Героямі Расіі. Сярод выпускнікоў установы — вядомыя военачальнікі, выдатныя дзяржаўныя дзеячы, вучоныя і творчыя людзі.

17-22

Спадзяёмся, што гэтыя шэрагі, якімі ганарыцца вучылішча, папоўняць і сённяшнія выпускнікі. А пакуль яны кружацца ў кадэцкім вальсе, кідаюць на ўдачу манеты і раз за разам паўтараюць дэвіз сувораўцаў: «Жыццё — Радзіме, гонар — нікому».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».