Вы тут

Крок да збліжэння


Так назвалі першы бязвізавы пераход мяжы ўдзельнікі мерапрыемства.

Як вядома, на мінулым тыдні ў Белавежскай пушчы сустракалі першых турыстаў, якія прыйшлі ў Беларусь пехатою і без візы. Падарожнікаў прымаў міжнародны пункт пропуску «Перароў». Гэты крок у аднабаковым парадку зрабіла наша дзяржава, каб, па-першае, развіваць турыстычны рух у галоўнай нашай прыроднай славутасці — Белавежскай пушчы, а па-другое, падштурхнуць да такога ж кроку суседзяў.

17-37

Хіба дрэнна, калі кожны турыст, які едзе ў польскую пушчу з Германіі, Францыі, Нідэрландаў, зазірне ў нашы музеі, паходзіць па нашых экалагічных сцяжынах? Тое ж самае жаданне выказваюць і турысты, напрыклад, з Расіі, якіх многа бывае ў нас. Ім было б цікава наведаць палац, пабудаваны рускім царом, які знаходзіцца на польскай тэрыторыі. А турыст выгадны для нацыянальных паркаў абедзвюх краін тым, што пры наведванні ён карыстаецца паслугамі і пакідае грошы.

Разам з турыстамі з польскага боку прыйшлі да нас прадстаўнікі мясцовай улады памежных тэрыторый, кіраўнікі турфірмаў, якія будуць ажыццяўляць фарміраванне груп, быў з імі і генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку. З нашага боку гасцей сустракалі генеральны дырэктар нацыянальнага парку «Белавежская пушча», кіраўнікі падраздзяленняў памежнага ведамства, прадстаўнікі розных сродкаў масавай інфармацыі.

Сваімі думкамі і парадамі падзяліліся ўдзельнікі мерапрыемства.

Начальнік аддзялення памежнага кантролю «Высокалітоўск» Сяргей ГАЛУБОВІЧ:

— Летась праз памежны пераход «Перароў-Белавежа» ў абодва бакі прайшло каля шасці тысяч чалавек. Цяпер ёсць падставы чакаць, што з захаду рух стане больш ажыўленым. Мы да гэтага гатовы, прапускная здольнасць нашага ПП складае 400 чалавек у суткі — веласіпедыстаў і пешаходаў. На ўсялякі выпадак павялічана колькасць памежных нарадаў для таго, каб ажыццяўляць пропуск аператыўна. На афармленне аднаго чалавека ў нас ідзе не больш за паўтары хвіліны.

Парадак наведвання бязвізавымі турыстамі ўстаноўлены: грамадзяніну трэба мець пры сабе пашпарт, медыцынскую страхоўку і дакумент, які пацвярджае права знаходжання на тэрыторыі запаведніка. Наш госць можа знаходзіцца тут да трох сутак. Пры гэтым ён мае права знаёміцца са славутасцямі пушчы, можа наведаць сваякоў і знаёмых, якія пражываюць у межах нацыянальнага парку. А вось выйсці за межы ўказанай тэрыторыі чалавека могуць прымусіць толькі форс-мажорныя абставіны, такія як хвароба, страта дакументаў і іншыя. Будзем спадзявацца, што падобнага не здарыцца і турысты будуць пакідаць тэрыторыю нашай краіны з добрым настроем, найлепшымі ўражаннямі і жаданнем прыйсці сюды зноў — з сябрамі, сям'ёй, калегамі.

Генеральны дырэктар нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Аляксандр БУРЫ:

— Заяўку кожны ахвотны падае на сайт Белавежскай пушчы з указаннем пашпартных звестак, мы перадаём іх памежнай службе. А чалавек, які заяўляў экскурсію ці падарожжа па пушчы, праз некалькі гадзін атрымлівае пацверджанне, яго трэба толькі раздрукаваць. Такім чынам турыст мае на руках нешта накшталт уваходнага білета.

17-36

Увядзенне бязвізавага рэжыму — крок даволі сур'ёзны, гэтыя пытанні мы прапрацоўвалі на ўсіх узроўнях прыкладна чатыры гады. У нас дастаткова гасцініц, пунктаў харчавання, актыўна працуюць рамеснікі, добра прадстаўлена сувенірная прадукцыя. Ужо зараз мы гатовы прымаць каля мільёна турыстаў у год, пакуль жа прымаем палову гэтага. А паводле папярэдніх разлікаў, бязвізавы рэжым паспрыяе павелічэнню патоку турыстаў прыкладна на 50 тысяч чалавек у год.

Кіраўнік польскай турыстычнай фірмы «Юніёр-Беласток» Яўген ЛАЎРАНЮК:

— З нацыянальным паркам «Белавежская пушча» я працую больш за 20 гадоў. І цяпер, упэўнены, наладжваць туры стане прасцей і лепш. Мне нават цяжка сказаць адразу, колькі людзей з заходніх краін выказвалі гатоўнасць паглядзець пушчу з беларускага боку, але не захацелі звязвацца з візавымі фармальнасцямі. Адны пры гэтым не жадаюць марнаваць час, іншыя, асабліва моладзь, шкадуюць 60 еўра за візу, калі гаворка ідзе аб паходзе на дзень-два. Цяпер жа, мы ўпэўніліся ў гэтым, можна купіць мінімальную экскурсійную праграму, якая абыдзецца ў 200 тысяч беларускіх рублёў, і гуляць па пушчы. Іншыя паслугі турыст можа набыць па сваім жаданні. А людзей, якія хочуць атрымаць больш поўнае ўяўленне пра запаведны лес, у нас многа. І мы рады будзем прапанаваць ім экскурсійныя туры.

Маршалак Падляскага ваяводства Мечыслаў БАШКО:

— Гэтая падзея стала доўгачаканай і знакавай. Людзі з абодвух бакоў мяжы здаўна звязаны агульнай гісторыяй, многія маюць сваякоў і знаёмых у суседніх краінах. І вось гэтая магчымасць бязвізавага паходу да суседзяў, вядома, паслужыць на карысць нашых народаў, стане яшчэ адным знакам добрасуседства.

Турыст з Польшчы Ежы НЕСЦЯРУК:

— У Беларусь я езджу даўно. Вывучаю гісторыю, культуру вашай краіны, ведаю беларускую мову. У мяне ёсць свой невялікі бізнес. Цяпер падумаю аб тым, каб арганізоўваць групы і вадзіць іх на вашу частку пушчы.

Спадзяёмся, што той крок, які зроблены ў Белавежскай пушчы насустрач суседзям, стане крокам і да спрашчэння стасункаў з імі.

Святлана ЯСКЕВІЧ
yackevich@zvіazda.by

Высока ацаніў пачатак новага ўзроўню стасункаў генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Аляксандр БЕРАБЕНЯ:

— Думаю, што ў хуткім часе і беларускія турысты змогуць на такіх жа ўмовах наведваць польскі бок нацыянальнага парку.

Аб развіцці малога прыгранічнага руху, пра якое даўно гаворыцца, дыпламат выказаўся так:

— Беларусы, з якімі я апошнім часам гутарыў, мала цікавасці выказваюць да такіх стасункаў. Яны гавораць: «Калі мы атрымліваем шэнгенскую візу, мы можам ехаць хоць да Ла-Манша, а 50-кіламетровая зона дазволіць наведваць толькі крамы памежных гарадоў ды мястэчкаў. Але хутка польскія консульствы ўвядуць візавыя цэнтры, чэргаў практычна не будзе, і тады любы грамадзянін у зручны для яго час зможа скарыстацца консульскай паслугай і атрымаць для сябе візу.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.