Вы тут

Кветкі чэрвеня


Ідзе выдатны летні месяц, які не саступае папярэдняму маю па прыгажосці квітнеючых у ім раслін.

Клямацісы

Яшчэ адзін кветкавы фаварыт чэрвеня. Клямацісы — выдатныя ліяны для дэкарыравання ажурных рашотак, альтанак, арак. Разнастайнасць формаў, расфарбовак, сартоў дазваляе рабіць цудоўныя кампазіцыі на любы густ. З клямацісаў можна ствараць жывыя загарадзі рознай вышыні, іх можна вырошчваць у вялікіх керамічных чыгунах і выкарыстоўваць у афармленні адкрытай тэрасы.

Род клямацісаў налічвае больш за 200 відаў, якія растуць на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Гэта лістападныя, радзей вечназялёныя, ліяны-лісталазы, якія прыгожа цвітуць, узнімаюцца на апору з дапамогай хвосцікаў лісця. Цэняцца за хуткасць росту, ажурнасць лістоты, прыгажосць кветак з працяглым цвіценнем. Кветкі рэдка адзінкавыя, часцей у суквеццях, разнастайнай расфарбоўкі, распускаюцца даволі працяглы час, у некаторых відаў пачынаючы з вясны.

17-6

Асаблівасці вырошчвання. Клямацісы зімаўстойлівыя: вытрымліваюць маразы да -30 °С з невялікім укрыццём. Святлолюбівыя, але ў гарачы час дня маюць патрэбу ў лёгкім зацяненні, асабліва варта прыцяняць ніз куста. Да глеб малапатрабавальныя, але лепш растуць на ўрадлівых, добра дрэнажаваных, увільготненых, лёгкіх суглінках і супясках, не пераносяць засалення і забалочвання. Могуць пашкоджвацца смаўжамі, мучністай расой, бурай плямістасцю лісця, іржой, завяданнем і інш. Размножваюць зялёнымі чаранкамі, насеннем, сартавыя — толькі вегетатыўна.

Гэта цікава. Назва пайшла ад грэчаскага слова Клема — вусік. Так называў некаторыя расліны, якія чапляюцца, старажытнагрэчаскі навуковец Дыяскарыда. Акрамя таго, іх часам называюць міласэрнымі вяшчункамі, бо лацінская назва «клямацісы» перакладаецца як «міласэрны».

Півоня

Пампезная півоня створыць пурпурна-ружовыя, ружовыя, белыя духмяныя плямы ў кветніку і будзе прэтэндаваць на ролю лідара. Сярод мноства разнавіднасцяў і гатункаў півоні — пышных махровых, паўмахровых, шарападобных і простых — знойдзецца той, які абавязкова спадабаецца. Афарбоўка півонь, у залежнасці ад гатунку, таксама надзвычай разнастайная: белыя, ружовыя, жоўтыя, чырвоныя тоны розных адценняў.

Шматгадовая травяністая караняклубневая расліна з аднайменнага сямейства півоневых вышынёй 80-100 см. Кветкі буйныя, адзінкавыя.

Асаблівасці вырошчвання. Святлалюбная, лепш расце на ўрадлівых, друзлых глебах пры рэгулярным паліве і падкормках. На адным месцы можа расці больш за 20 гадоў. Размножваюць дзяленнем кустоў. У півонь нельга дапускаць ападання пялёсткаў на лісце, бо пры гэтым на іх адразу ж (у вільготнае надвор'е або ад расы) утвараюцца плямы шэрай гнілі — вельмі небяспечнай хваробы півонь. Яна пашкоджвае ўсе часткі расліны. Калі кветкі страцілі дэкаратыўнасць, адцвілі, іх трэба зрэзаць да першага зялёнага ліста і прыбраць з участка, каб не было гнілі. Півоні таксама могуць пашкоджвацца дзярновымі мурашкамі і (сілкуюцца салодкімі выдзяленнямі бутонаў, часам аб'ядаюць бутоны і пялёсткі кветак) зялёнай бранзоўкай (залаціста-зялёны жук аб'ядае пялёсткі, выядае тычынкі і песцікі, краі маладога лісця).

Гэта цікава. Японцы лічаць півоні ўвасабленнем удалага шлюбу — ціхага і радаснага, а таксама дзявочай нясмеласці і сарамлівасці.

Ружа

Гатункі з рэмантантным (паўторным) перыядам цвіцення распускаюцца першай і самай моцнай хваляй цвіцення, а тыя, у каго яно адзінае за сезон, аддаюць яму ўсе сілы, ператвараючы кветнік у сапраўдную ружавую казку.

17-10

Сёння гэты род налічвае да 400 відаў.

Найбольш папулярныя садовыя групы руж.

Паліянтавыя ружы (атрыманы ад скрыжавання ружы кітайскай чайнай і шматкветкавай). Характарызуюцца звычайна дробнымі, сабранымі ў суквецце гронкамі, якія доўга не вянуць, захоўваюць яркую афарбоўку кветак. Цвітуць багата і бесперапынна даволі працяглы час, зімаўстойлівыя, устойлівыя да грыбковых хвароб.

Мініяцюрныя ружы. Вельмі нізкія кусцікі, вышынёй 15-25 см. Кветкі да 2 см у дыяметры, махрыстыя, духмяныя, цвітуць доўга і багата. У сярэдняй паласе зімуюць з невялікім укрыццём.

Чайна-гібрыдныя ружы. Утварыліся ад скрыжавання ружы духмянай (чайнай) з рэмантантнымі ружамі. Ад чайных адрозніваюцца больш магутным ростам і большай марозаўстойлівасцю.

Флорыбунда. Характарызуюцца шматкветкавымі суквеццямі з параўнальна невялікімі кветкамі, цвітуць багата і бесперапынна да восеньскіх замаразкаў.

Грандзіфлора. Характарызуюцца вялікімі памерамі раслін і драбнакветкавымі суквеццямі, устойлівыя да грыбковых захворванняў.

Асаблівасці вырошчвання. У сярэдняй паласе неабходна абганяць і ўкрываць ружы груп флорыбунда, чайна-гібрыдная, грандзіфлора, паліянтавыя, мініяцюрныя; паркавыя рэмантантныя неабходна прыгінаць да зямлі на подсцілку з лапніку. Ружы святлолюбівыя, параўнальна патрабавальныя да ўрадлівасці глеб, асабліва гэта тычыцца культурных гатункаў, не выносяць застою вады і забалочвання, аддаюць перавагу нейтральным або злёгку кіслым глебам. Добра пераносяць гарадскія ўмовы. Гатункі абавязкова падвяргаюць абразан-ню. Ружы могуць пашкоджвацца тлёй, павуцінным кляшчом, мучністай расой, шэрай гніллю, чорнай плямістасцю лісця, іржой, апёкам парасткаў.

Гэта цікава. Паводле старажытнагрэчаскага падання, белыя ружы ўзніклі з цудоўнага кветкавага нектару, які даў людзям неўміручасць і быў неасцярожна разліты на баляванні багоў Эротам — богам кахання. Чырвонымі ружы сталі ад крыві багіні Афрадыты. Гуляючы па садзе на світанку, калі ружы асабліва пахнуць, багіня нахілілася панюхаць і сарваць сабе найлепшую, але ўкалолася аб шыпы і забарвяніла сваёй крывёю яе пялёсткі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».