Вы тут

Чаму мы таўсцеем?


Толькі ў 1 працэнта людзей лішняя вага звязана з парушэннем абмену рэчываў. Што да ежы, то сама па сабе яна не звязана з лішняй вагой. Многія паўнаватыя людзі кажуць: «Я шмат ем, таму што проста люблю паесці». Аднак гэта не прычына лішняй вагі. Стройныя людзі гэтаксама могуць атрымліваць задавальненне ад ежы, можа, нават і большае.

17-25

Лішняя вага з'яўляецца таму, што ежа можа мець велізарнае псіхалагічнае значэнне. Можна есці для таго, каб лепш спраўляцца з негатыўнымі пачуццямі. Пераадолець расчараванне, страх, незадаволенасць, сум адным дапамагае алкаголь, другім — медыкаменты, а трэцім — ежа.

— Першая патрэба немаўляці — здаволіць голад, і гэтую патрэбу вырашаюць бацькі — колькі ежы даць і калі, — тлумачыць урач-валеолаг аддзела грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ганна РОДЗІЧ. — Па першым часе даволі цяжка адрозніць, чаму дзіця крычыць: можа, галоднае, а можа, баіцца, або сумуе, або злуецца. Аднак звычайна, як толькі дзіця закрычыць, яму даюць паесці — не толькі таму, што малавата далі перад гэтым, але і для таго, каб заспакоіць. Так бацькі дораць сабе адчуванне, што яны клапоцяцца пра дзіця, што ў яго ўсё добра, здаецца, дастаткова сунуць што-небудзь у рот. Некаторыя бацькі перакормліваюць дзіця яшчэ і таму, што спрабуюць заглушыць пачуццё віны за тое, што надта мала ўвагі яму надаюць.

Нярэдка з дапамогай прысмакаў бацькі заахвочваюць або караюць. Ежа становіцца сродкам выхавання. Будзеш добра сябе паводзіць — атрымаеш марожанае. Патрэба ў цеплыні, увазе, размове, гульні, пяшчоце задавальняецца «смачненькім». Даў дзіцяці штосьці смачнае — і нібыта зрабіў штосьці карыснае.

Так паступова ежа звязваецца з прыемнымі пачуццямі, становіцца сродкам для заспакаення, замяняе і цеплыню, і ўвагу. Пазней узнікае звычка ўзнагароджваць сябе ежай, калі мы выканалі нейкае непрыемнае заданне.

Але змешваць ежу і пачуцці небяспечна. Гэтую недарэчную сувязь трэба парваць. У кожнага чалавека абавязкова будуць непрыемныя перажыванні ў жыцці, аднак калі штораз пры стрэсе бегчы да халадзільніка, цяжка не патаўсцець. Са сваімі пачуццямі трэба працаваць інакш, а што да харчавання, то паспрабуйце дзейнічаць паводле 10 правілаў.

1. Задавайце сабе правільныя пытанні.

Перад тым, як адчыніць халадзільнік, спытайцеся ў сябе:

«Я сапраўды фізічна галодны?» Калі «так», то...

«я хачу есці або піць?»

«я хачу чаго-небудзь мяккага, сакавітага або хрумсткага?»

«я хачу чаго-небудзь салёнага, салодкага, кіслага або для душы?»

«Ці адчуваю я псіхалагічную патрэбу ў ежы?». Калі «так», то...

«што, акрамя ежы, магло б прынесці мне задавальненне?»

Вы перажываеце фізічнае пачуццё голаду, калі гатовы з'есці што заўгодна. Вы перажываеце псіхалагічную патрэбу, калі адчуваеце негатыўныя пачуцці (злосць, страх і іншае). Спачатку будзе цяжкавата адрозніць фізічную патрэбу ад эмацыянальнай, аднак паступова вы навучыцеся ў гэтым разбірацца.

Калі вы вырашылі што-небудзь з'есці або выпіць, выбірайце менавіта тое, чаго сапраўды хочацца, тады гэта насамрэч задаволіць. Не трэба трымацца толькі на «дазволеных» прадуктах і толькі пасля дазваляць сабе есці тое, чаго сапраўды хацелася. Рабіце гэта адразу.

2. Ператварыце прыёмы ежы ў свята.

Вы заслужылі гэта. Можаце ўпрыгожыць стол або ўключыць музыку — у вас няма неабходнасці перакусваць тайком і вельмі хутка.

3. Ешце свядома.

Перад тым, як цягнуцца па новы кавалак, пакладзіце відэлец або лыжку. Паглядзіце на ежу, павольна пачынайце жаваць. З'ешце патроху ад кожнага прадукту, які ёсць на талерцы. Не ешце тое, што вам не вельмі спадабалася або не спадабалася наогул. Падумайце, ці сапраўды вам хочацца есці яшчэ. Калі не ўпэўнены, зрабіце невялікі перапынак. Устаньце з-за стала. Думайце пра тое, што будзеце рабіць пасля ежы. Калі разумееце, што маглі б з'есці яшчэ зусім крыху, то болей не ешце. Страўніку патрабуецца каля 20 хвілін, каб паведаміць мозгу аб тым, колькі ежы атрымана.

4. Пакіньце крыху на талерцы.

У дзяцінстве нас прымушалі даядаць тое, што ляжыць на талерцы. І няважна, наколькі мы былі сытымі. І многія прыносяць гэтую звычку ў дарослае жыццё. Нічога страшнага цяпер не здарыцца, калі вы пакінеце кавалачак ежы або глыток напою. Так вы зможаце захоўваць кантроль над ежай, адмаўляцца ад яе, пазбавіцца пачуцця ненасытнасці. Асноўная мэта заключаецца ў тым, каб вырвацца з «ежа-залежнасці» і толькі потым — пахудзець.

5. Паспрабуйце пару гадзін абысціся без ежы.

Вельмі карысна навучыцца ўсведамляць пачуццё голаду. Назірайце за ім. Вы сапраўды адчуваеце голад, калі гатовы з'есці любы прадукт.

6. Рабіце выбар у гасцях.

Калі вы ідзяце туды, дзе будзе вялікі выбар страў, то для пачатку разглядзіце іх усе і не бярыце адразу ўсё ў талерку. Спыніце выбар на трох стравах, якія спадабаліся больш за ўсё.

7. Ешце толькі тое, што выклікае апетыт.

Не ешце ежу толькі таму, што яна надта танная, нізкакаларыйная, калі яна не выклікае апетыт.

8. Пасля працы спачатку адпачніце.

Калі вы прыходзіце з працы напружаным і нервовым, спачатку паляжыце хвілін дзесяць або прыміце душ, каб расслабіцца. Калі вы адразу пачняце гатаваць ежу, то, хутчэй за ўсё, пастаянна будзеце што-небудзь жаваць паміж справай.

9. Не ешце па звычцы.

Вы не абавязаны есці па гадзінах, нейкія пэўныя стравы.

10. Займіцеся здаровым харчаваннем.

Вы не можаце пастаянна харчавацца аднымі прысмакамі і пры гэтым быць здаровым, аднак калі вы доўга адмаўляліся ад нечага, то абавязкова захочацца «ўзяць рэванш». Спачатку паспрабуйце пазбавіцца страху перад гэтымі прадуктамі і пачуцця віны, звязанага з імі. Можаце дазволіць сабе з'есці шмат шакаладу або пірагу, калі вы адчуваеце голад, пасля ўжо не захочацца есці гэта пастаянна. Калі вы пазбавіцеся арыентацыі на дыеты, звярніце ўвагу на здаровае харчаванне — не для пахудзення, а для таго, каб даць свайму арганізму найлепшае.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».