Вы тут

Пяць правілаў бяспечнага лета


Летнія канікулы — гэта, вядома, магчымасць загараць, купацца, гуляць у лесе. Але тут яшчэ
і высокая сонечная актыўнасць, насякомыя, сапсаваныя прадукты... Словам, ёсць ад чаго бараніцца самім і бараніць дзяцей, пра што нагадвае інструктар-валеолаг 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Ірына ШАЎЦОВА. Аб чым яшчэ трэба памятаць, каб не сапсаваць сабе летам здароўе?

1. Засцерагаемся ад траўмаў

Набывайце спартыўныя тавары надзейных вытворцаў, асабліва для траўманебяспечных відаў спорту. Ездзіць на скейце, роліках, веласіпедзе трэба ў шлеме, з накаленнікамі, налакотнікамі, абаронай далоняў. Увесь інвентар павінен адпавядаць узросту. Скажам, рама веласіпеда павінна быць на 7 см ніжэйшая за пахвіну, калі дзіця стаіць на зямлі, а вышыня сядзення — такая, каб можна было нармальна дацягвацца прамой нагой да педалі ў ніжнім становішчы. Для язды на роліках неабходна добра фіксаваць галёнку, каб не вывіхнуць яе. Калі ваша дзіця надта часта траўмуецца, спрабуйце перыядычна гуляць з ім у спакойныя гульні — чытайце, малюйце дзе-небудзь на паляне ў парку або на беразе ракі.

Пералом

Выявіць пералом у дзяцей не так проста. Пераломы ў іх не заўсёды баляць, як не заўсёды парушаецца рухавасць або форма. Косці ў дзяцей гібкія, таму часта бываюць мікрарасшчапленні і мікратрэшчыны, але выявіць іх здольны толькі спецыяліст. Так што пры моцнай траўме лепей паказацца траўматолагу. Першая дапамога пры пераломе рукі — фіксацыя з дапамогай тканіны. Рука павінна быць сагнутай пад вуглом 90 градусаў і свабодна павісаць на тканіне, якая мацуецца на шыі. Першая дапамога пры пераломе нагі — накладанне шыны.

Сінякі і драпіны

Прамываем, апрацоўваем антысептыкам. Каб зменшыць боль і напуханне — прыкладаем халодны прадмет або паліваем халоднай вадой.

2. Засцерагаемся
ад сонца

Галаўны ўбор. Надзявайце дзіцяці ў сонечны дзень. Час знаходжання на сонцы індывідуальны і залежыць ад узросту, здароўя, скуры, аднак у любым выпадку яго неабходна павялічваць паступова — іначай не пазбегнуць сонечных апёкаў.

Сонцаахоўныя сродкі. Карыстацца за 15-20 хвілін да выхаду на вуліцу, пасля купання ў вадаёме. Для дзяцей ёсць спецыяльныя сродкі, з абаронай узроўню SРF-20 або SРF-30. Дашкольнікам лепей падыходзяць крэм або малачко (спрэі, гелі і мусы могуць падсушваць скуру). Нанясенне крэму ніяк не адмяняе нормы знаходжання пад прамымі промнямі.

Пітная вада. Добра паіце дзіця, але звычайнай бутыляванай вадой, а не ліманадамі.

Апёк

Нават пры лёгкім пачырваненні скуры тэрмінова хавайце дзіця ў цень. Трымайце ў аптэчцы сродак ад апёкаў (прадаюцца ў аптэцы).

3. Засцерагаемся ад насякомых

Збіраючыся ў лес або парк, думайце пра абарону ад кляшчоў: галаўны ўбор, адзенне, якое закрывае рукі-ногі. Выкарыстоўвайце спецсродкі для адпужвання насякомых — можна насіць з сабой сурвэткі-рэпеленты. Трымайце ў аптэчцы сродак для лячэння ўкусаў насякомых.

4. Засцерагаемся на вадзе

Не ігнаруйце самі правілы паводзінаў на вадзе і не дазваляйце рабіць гэта дзецям. Не купайцеся з імі ў незнаёмых месцах, не заплывайце за буйкі, не скачыце ў ваду ў месцах з невядомым дном. Трымайце дзіця пад увагай, пакуль яно ў вадзе. Калі дзіця дрэнна плавае, купіце яму спецыяльныя нарукаўнікі, камізэльку. Абмяжуйце час знаходжання ў вадзе для прадухілення пераахалоджвання. Пасля купання ў салёнай вадзе прывучайце мыцца ў прэснай. Тлумачце небяспеку віроў, сутаргаў, вялікіх хваляў, моцных цячэнняў і г.д. Навучыце азам тэхнікі ратавання таго, хто тоне (або звярніцеся для гэтага да інструктара па плаванні).

5. Засцерагаемся ад атручэння

Прывучыце дзіця мыць рукі перад кожным прыёмам ежы ці хоць бы старанна выціраць іх вільготнымі сурвэткамі. Не давайце ў спёку прадукты, якія хутка псуюцца: рыбу, малочнае, каўбасу, асабліва мяса, яно можа ператварыцца ў атруту праз 20 хвілін знаходжання на сонцы. Давайце больш агародніны, фруктаў, ягад. Старанна мыйце іх перад ужываннем. Не купляйце фрукты, якія яшчэ не павінны прадавацца па сезоне. Трымайце ў аптэчцы сродкі для лячэння атручэнняў.

Пра што нагадаць дзіцяці

1. Плавай толькі ў спецыяльна прызначаных для гэтага месцах. Не заплывай за буйкі і не падплывай пад судны, лодкі, не плавай пры вялікіх хвалях, не нырай у месцах з невядомым дном, не «тапі» сяброў і не нырай глыбока, матрацы і выратавальныя кругі не прызначаны для таго, каб плаваць далёка ад берага.

2. Апранайся і хавайся ад сонца, калі скура пачала чырванець.

3. Пі шмат вады, але толькі не салодкую.

4. Старанна мый агародніну, фрукты, ягады і рукі.

5. Калі побач насякомыя, не рабі рэзкіх рухаў.

6. Не падыходзь да чужога сабакі, асабліва калі той есць.

7. Не размаўляй з незнаёмцамі. Дарослы павінен прасіць дапамогі ў дарослага, а не звяртацца па яе да дзіцяці. Калі цябе нехта пераследуе, ідзі туды, дзе ёсць людзі, не забівайся ў тупікі і пад'езды. Прасі дапамогі ў міліцыянера, ахоўніка, прадаўца ці іншых дарослых.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.