Вы тут

Антаніна Морава: «Нам трэба рабіць стаўку на развіццё сямейнай інфраструктуры»


У нашай краіне многае робіцца для павелічэння нараджальнасці і станоўчыя тэндэнцыі ўжо намеціліся. Так, у мінулым годзе ў нас нарадзілася 118 тысяч дзяцей — гэта самы вялікі вынік за апошнія 20 гадоў. Тым не менш дэмаграфічная сітуацыя ўсё яшчэ пакідае жадаць лепшага. Зараз у Беларусі распрацоўваецца Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі на 2016-2020 гады. Сваім поглядам на яе ў той частцы, што тычыцца жанчын і сям'і, са «Звяздой» падзялілася сустаршыня Беларускага саюза жанчын доктар эканамічных навук, прафесар Антаніна Морава.

— Маглі б вы апісаць партрэт сучаснай сям'і?

17-34

— Па выніках перапісу 2009 года ў Беларусі жанчын на 663,8 тысячы больш, чым мужчын (на 1000 мужчын прыпадае 1150 жанчын). Гэта значыць, 53,5% усяго насельніцтва краіны складаюць жанчыны і 46,5% — мужчыны, гэта адмоўна ўплывае на ўзнаўленне насельніцтва.

Да таго ж у Беларусі, як і ў іншых індустрыяльных краінах, сем'і становяцца меншымі. Так, за апошнія 30 гадоў сярэдні памер сям'і скараціўся з 3,63 да 3,2 чалавека. Як паказваюць розныя даследаванні, радыкальна змяніліся і рэпрадуктыўныя ўстаноўкі насельніцтва. Сёння людзі арыентаваны пераважна на нараджэнне аднаго дзіцяці, радзей — на дваіх.

І ў апошні час абазначаюцца не зусім станоўчыя моманты ў развіцці сямейных адносін. Няпоўныя сем'і — у нас такіх 40%. Гэта ўсё-такі шмат для краіны. Павялічыўся ўзрост уступлення ў шлюб — у гэтай тэндэнцыі, з аднаго боку, ёсць і станоўчы момант, а з другога — усё трэба рабіць своечасова. Трэці момант, які хацелася б адзначыць — гэта той факт, што каля 40% сем'яў у нас разводзяцца.

Такія тэндэнцыі сведчаць пра тое, што трэба надаваць і далей увагу сямейнай палітыцы. У нашай краіне зроблена шмат у гэтым плане. Што тычыцца заканадаўчай базы, то ў нас яна самая поўная сярод краін СНД. Але трэба працягваць працаваць у гэтым кірунку.

— Мэтай новай нацыянальнай дэмаграфічнай праграмы з'яўляецца стабілізацыя колькасці насельніцтва. Якой, на ваш погляд, павінна быць сямейная палітыка, каб вырашаць пастаўленую задачу?

— Што тычыцца мадэлі сямейнай палітыкі, то мы ў апошні час рабілі стаўку на пратаналісцкую мадэль, якая спрыяе нараджальнасці дзяцей. Мы павялічвалі дапамогі, падтрымку сям'і за кошт розных ільгот, у тым ліку падатковых, субсідзіравання, а таксама дзякуючы той жыллёвай палітыцы, якая праводзілася ў нашай краіне. Гэта ўсё вельмі добра, але дзяржаўныя сродкі не бязмежныя. Таму сёння мы разумеем, што трэба паступова пераходзіць да іншых мер.

Што маецца на ўвазе пад іншымі мерамі? Існуюць розныя мадэлі сямейнай палітыкі, але самая эфектыўная, як паказвае вопыт замежных краін, — гэта мадэль, якая робіць стаўку на тое, што ў сям'і працуюць і маці, і бацька. Але пры гэтым павінна быць развіта сямейная інфраструктура.

Паглядзіце, у нас сёння цэлае пакаленне маладых мам на тры-пяць гадоў выцеснены з рынку працы. Некаторыя з іх, аддаўшы дзіця ў школу, на працу не вяртаюцца зусім або вымушаны прэтэндаваць на менш аплатную пазіцыю з прычыны страты кваліфікацыі.

І тут у нас ёсць рэзервы для паляпшэння сітуацыі. Нараджальнасць мы павялічылі — гэта значыць пратаналісцкая мадэль спрацавала. А цяпер трэба паклапаціцца, каб усе дзеці пайшлі ў добрыя садкі, школы, каб яны паступілі ў ВНУ. То бок, мы павінны працаваць у напрамку паляпшэння якасці чалавечага капіталу — тых дзетак, якія нарадзіліся.

— Ды і проста каб мама выйшла на працу і магла працаваць нароўні з мужам, павінен быць сфарміраваны рынак даступных паслуг па доглядзе і развіцці дзяцей...

— Вось таму і важна развіваць сямейную інфраструктуру. Гэта дорага для дзяржавы, але вынікі будуць добрыя. Пра гэта сведчаць прыклады скандынаўскіх краін, у прыватнасці Даніі, Швецыі, Нідэрландаў.

У сямейную інфраструктуру ўваходзяць не толькі дзіцячыя сады, яслі, забяспечанасць жыллём (у нас да гэтага часу 40% сем'яў з дзецьмі не маюць уласнага жылля). Гэта важна, але, акрамя таго, трэба падумаць і аб розных сацыяльных паслугах, якія павінны аказвацца сям'і. Іх мэта — вызваліць, разгрузіць маму і тату. Гэта і сістэма нянек — яе нам яшчэ трэба развіваць. Неабходна таксама, каб у крамах былі дзіцячыя пакоі, каб бацькі маглі спакойна пакінуць там сваё дзіця. Павінна быць і інфраструктура для сямейнага адпачынку, дзіцячыя пляцоўкі, паркі і г.д. Пачатак у гэтым кірунку пакладзены, але яшчэ шмат чаго трэба зрабіць.

У Беларусі ў апошнія гады большасць жанчын, якія нарадзілі дзяцей і знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці (да 70%), кажуць пра сваё жаданне працаваць, а не сядзець дома. Большасць беларускіх жанчын не выкарыстоўваюць цалкам свой водпуск па доглядзе дзіцяці, а выходзяць на працу раней, каб не адстаць ад зменаў і, па-другое, каб атрымліваць зарплату. У якасці прыкладу магу прывесці Францыю і ЗША, якія зрабілі стаўку на развіццё сямейнай інфраструктуры. Водпуск у маладых мам там доўжыцца ў сярэднім 6 месяцаў, а потым жанчына аддае дзіця ў яслі і на некалькі гадзін у дзень выходзіць на працу. Падобныя меры не развіваюць утрыманства.

— Ці можа прапаганда сямейных каштоўнасцяў на дзяржаўным узроўні ўмацаваць сям'ю?

— Несумненна. Прапагандзе традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, умацаванню інстытута шлюбу, скарачэнню колькасці разводаў і пазашлюбных дзяцей, прафілактыцы абортаў — і праз фільмы, і праз сродкі масавай інфармацыі трэба, безумоўна, надаваць больш увагі. У Расіі гэта ўжо зроблена. Там па тэлевізары, якую праграму ні ўключыш, усюды ідзе прапаганда сямейных каштоўнасцяў.

У нас таксама ўжо зроблена нямала ў гэтым напрамку. Вазьміце конкурс «Сям'я года», які арганізавала Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сумесна з Беларускім саюзам жанчын. Ці конкурс «Жанчына года», што праводзіць Беларускі саюз жанчын. Ён, дарэчы, карыстаецца вялікай папулярнасцю, і мы хочам, каб гэты конкурс увайшоў у праграму дэмаграфічнай бяспекі і праводзіўся на сістэмнай аснове. Нам, нашай нацыі патрэбен эталон жанчыны, прыклад для пераймання.

Важным з'яўляецца і такі кірунак працы, як гендарнае раўнапраўе, і тут у нас таксама маюцца рэзервы. На жаль, у нас яшчэ досыць шмат ранніх шлюбаў. Калі мы паглядзім на апошні Даклад аб чалавечым развіцці, то ўбачым, што раннія шлюбы на вёсцы досыць распаўсюджаны. Гэта азначае, што ёсць поле дзейнасці для ўсіх нас: навучыць жанчыну планаваць сям'ю, карыстацца процізачаткавымі сродкамі — гэта вельмі важна.

Зараз у складзе Беларускага саюза жанчын утварыўся Клуб жанчын-медыкаў. Яны будуць займацца прапагандай здаровага ладу жыцця, планавання сям'і. Гэта значыць, мы таксама хочам уносіць сваю лепту ў сямейную палітыку.

Думаю, што трэба прымаць закон аб гендарным раўнапраўі. У нас у заканадаўстве на самай справе ўжо ўсё ёсць, і мы ганарымся гэтым. Але ў нас няма механізмаў рэалізацыі гендарнага раўнапраўя — вось для гэтага і патрэбен закон. Тым больш што вопыт ужо назапашаны, і вопыт вялікі. Такая ж праблема ў нас і наконт хатняга гвалту. Раздзел, які тычыцца яго, ужо ў заканадаўства ўнесены. Меры выпрацаваны, у краіне адкрыта сетка крызісных цэнтраў. У нас нават унесены такі прагрэсіўны пункт, які забараняе гвалтаўніку заставацца ў сям'і. Так што мы ідзём у правільным кірунку.

Святлана Бусько

busko@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».