Вы тут

Галаваломка для археолагаў


18-1

У Старажытным Кітаі прыкладна ў 5000 годзе да нашай эры вялікія каменныя дыскі з нефрыту клалі ў магілы мясцовай знаці. Іх прызначэнне, а таксама спосаб вырабу, да гэтага часу застаецца загадкай для навукоўцаў, бо нефрыт — вельмі цвёрды камень.

Нефрыт — каштоўны сілікатны мінерал, які часта выкарыстоўваецца для вырабу ваз, упрыгажэнняў і іншых ювелірных вырабаў. Звычайна ён бясколерны, аднак наяўнасць хрому або іншых прымешак надае нефрыту смарагдава-зялёнае адценне. Гэта вельмі цвёрды і складаны ў апрацоўцы матэрыял, таму выбар менавіта гэтага каменя для вырабу дыскаў жыхарамі Старажытнага Кітая ў перыяд позняга неаліту выклікае здзіўленне ў навуковых колах.

Нефрытавыя ці, як іх яшчэ называюць, бі-дыскі ўяўляюць сабой круглыя плоскія кольцы з адтулінай у цэнтры; належаць да культуры Лянчжу. Хутчэй за ўсё яны мелі важнае культавае значэнне, таму што былі знойдзены ў магільнях на целах памерлых кітайскіх арыстакратаў у часы росквіту культуры Хуншань (3800—2700 гады да н. э.), а затым і ў культуры Лянчжу (3000-2000 гады да н. э.). Камяні клалі на нябожчыкаў паблізу страўніка ці грудзей як сімвал неба, каб суправаджаць у падарожжа ў замагільны свет. Самі кітайцы называлі нефрыт «ю», што азначае «каштоўны», «высакародны», «чысты».

18-2

Паколькі ніякіх металічных інструментаў таго перыяду знойдзена не было, археолагі мяркуюць, што дыскі, хутчэй за ўсё, былі выраблены пры дапамозе паяння і паліроўкі. Таму ў навукоўцаў паўстала слушнае пытанне: навошта нашы продкі трацілі на апрацоўку такога рэдкага і цвёрдага каменю столькі часу і сіл. Адны лічаць, што важнасць бі-дыскаў мае непасрэднае дачыненне да рэлігіі і багоў у кітайскай культуры, іншыя — што дыскі сімвалізуюць сонца або кола, якія адлюстроўваюць цыклічнасць жыцця і смерці. Падчас вайны той, хто прайграў, павінен быў уручыць нефрытавы дыск як знак падпарадкавання заваёўніку. Гэта даказвае, што дыскі былі не проста ўпрыгажэннем, а мелі асаблівую значнасць.

Містыкі выказалі гіпотэзу аб тым, што дыскі маюць дачыненне да так званых «Камянёў дропа». Гэтыя камяні ў форме дыска ўзростам, як меркавалася, у 12 000 гадоў нібыта былі выяўлены ў пячоры ў гарах Баян-Хара-Ула на мяжы паміж Тыбетам і Кітаем на месцы пахаванняў расы гуманоідаў, якія мелі пазазямное паходжанне.

У 1978 годзе Дэвід Агамон апублікаваў кнігу «Сонечныя багі ў выгнанні», спасылаючыся на запіскі нядаўна памерлага оксфардскага прафесара Кэрала Робін-Эванса, які расказаў пра экспедыцыі 1947 года ў Тыбет, дзе ён падарожнічаў па горах Баян-Кара-Ула і набрыў на таямнічы народ пад назвай дроп (ці хам). Гэты народ нібыта паходзіў ад іншапланецян, якія пацярпелі крушэнне на Тыбецкім нагор'і каля 12 000 гадоў таму. Не маючы магчымасці адрамантаваць касмічны карабель, прышэльцы вымушаны былі адаптавацца да жыцця на Зямлі і нават ствараваць сям'і, беручы ў жонкі хамскіх жанчын. Незадаволеныя гэтым, мужчыны-хамы забілі большасць прышэльцаў і пахавалі іх у пячорах, дзе ў нагах шкілетаў і былі нібыта выяўлены апісаныя дыскі.

Аднак сенсацыя прайшла неўзабаве пасля выхаду «Сонечных багоў»: брытанец Дэвід Гэман прызнаў, што напісаў кнігу пад псеўданімам Агамон, пазайздросціўшы сусветнай вядомасці твора Эрыха фон Дэнікена пра старажытных астранаўтаў — «Вяртанне да зорак» і «Золата багоў». Крыніцай для фантазіі паслужыў артыкул 1960-га года ў заходнім часопісе «Рускі дайджэст» і французскі навукова-папулярны раман «Дыскі Б'ем-Кара» Даніэля Пірэ; прафесара Кэрала Робін-Эванса Гэман, зразумела, таксама прыдумаў.

Смітсанаўскі інстытут (ЗША) заўсёды выяўляў вялікую цікавасць да паходжання нефрытавых дыскаў і ўнёс важкі ўклад у іх вывучэнне. Сёння ў калекцыі інстытута налічваецца больш за 150 бі-дыскаў. Джэнет Дуглас з мастацкіх галерэй ім. Фрыра і Артура Сэклера Смітсанаўскага інстытута, падрабязна вывучыўшы дыскі пад мікраскопам, выказала здагадку, што старажытныя майстры абточвалі кавалак нефрыту «піламі» з палос скуры (абразівам служыў грубы пясок) і атрымлівалі плоскую і тонкую «лусту». Затым ёй надавалі круглую форму. Цэнтральную адтуліну (таксама ідэальна круглую) выразалі, круцячы бі на завостраных інструментах, якія нагадвалі сучасны свердзел.

Як бы там ні было, але многія пытанні аб прызначэнні і спосабах стварэння такіх дасканалых формаў нефрытавых дыскаў да гэтага часу застаюцца без адказу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.