Вы тут

Музычныя гісторыі ад брата


Кожны дзень па тры гадзіны я слухаю Баха, Шапэна, Бетховена, Рахманінава. Гукі, якія вылятаюць з-пад чорна-белых клавіш, плаўна напаўняюць наш пакой музычнымі гісторыямі розных эпох. Штодзённае знаёмства з класічнай музыкай адбываецца дзякуючы майму брату Ваню.

18-8
— Для кагосьці лад жыцця — гэта спорт, а для мяне — музыка, — сцвярджае Іван.
Яшчэ выхавальнікі ў дзіцячым садку заўважылі, што ў хлопчыка добры голас. І таму ў шэсць гадоў мама аддала яго ў музычную школу.
— Штосьці давалася з цяжкасцю, часам прагульваў урокі сальфеджыа, але пры гэтым адзнакі заўсёды былі добрыя. Музычная школа дала мне многае. Хачу сказаць вялікі дзякуй майму першаму педагогу па фартэпіяна Галіне Уладзіміраўне Купрыеўскай, дзякуючы якой я і палюбіў музыку, — кажа брат.
Самыя яркія ўспаміны таго часу звязаны з заняткамі ў хоры, дзе Іван саліраваў. Калектыў хлопчыкаў «Пеўнікі» штогод станавіўся лаўрэатам міжнародных конкурсаў і фестываляў у Латвіі і Германіі.
— Займацца пад кіраўніцтвам Вольгі Паўлаўны Бялько было адно задавальненне, — прыгадвае брат. — Яна не толькі таленавіты педагог, але і добры чалавек, неаднойчы прыходзіла на дапамогу ў цяжкую хвіліну.
У Івана выдатны лірычны барытон. І я кажу гэта не таму, што ён мой брат, а таму што гэта насамрэч праўда. Калі б гэта было не так, то ён наўрад ці стаў бы пераможцам рэспубліканскага праекта «Звонкая раніца».
— Я рады, што калісьці трапіў на беларускую «фабрыку зорак», — распавядае хлопец. — Цэлы месяц мы правялі ў «Зубраняці», займаліся з прафесіяналамі. Шмат каштоўнага запазычыў у Пятра Ялфімава і Дзядзькі Вані, якія дзяліліся з намі сваім вопытам.
Цяпер брат вучыцца ў Маладзечанскім музычным каледжы імя Агінскага на аддзяленні «спецыяльнае фартэпіяна» і ўвесь свой час прысвячае інструментальнаму выкананню:
— Я вельмі люблю Чайкоўскага, асабліва «Кастрычнік» з цыкла «Поры года».
Нядаўна малады піяніст вярнуўся з Брэста і прывёз дыплом першай ступені з міжнароднага конкурсу імя Святаслава Рыхтэра, у якім бралі ўдзел музыканты з Беларусі, Кітая і Мексікі. Ваня прызнаецца:
— Усе ўдзельнікі былі вартыя перамогі, і таму было нечакана, калі назвалі маё прозвішча.
Сваім аднагодкам брат хацеў бы пажадаць знайсці правільны шлях у жыцці, бо гэта вельмі важна. Сам жа ён плануе праз год паступаць у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Але нават калі Ваня не стане прафесійным музыкантам, я хачу, каб ён заўсёды заставаўся такім жа мэтанакіраваным, сумленным і шчырым.

Аліна Кабыльчанка, выпускніца
8 класа СШ №11,
г. Маладзечна.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».