Вы тут

Яны — маладыя. І ім не ўсё роўна!


У сённяшнім нумары «Чырвонкі. Чырвонай змены» мы падводзім вынікі нашага творчага конкурсу для маладых і юных няштатных аўтараў «Я — малады. І мне не ўсё роўна!..». Ён пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі праходзіў з верасня мінулага года па чэрвень сёлетняга. Але перш чым назваць імёны пераможцаў, па традыцыі правядзем «разбор палётаў», каб у будучыні ўдзельнікі наступных конкурсаў маглі пазбегнуць характэрных памылак і хібаў.

[caption id="attachment_88248" align="alignnone" width="600"]У рэдакцыю для ўзнагароджання завіталі двое пераможцаў конкурсу — Лізавета Карповіч і Віктар Есін. У рэдакцыю для ўзнагароджання завіталі двое пераможцаў
конкурсу — Лізавета Карповіч і Віктар Есін.[/caption]

Цягам навучальнага года ў рэдакцыю паступіла некалькі дзясяткаў «проб пяра» ад маладых і юных няштатных аўтараў, 15 з іх як самыя лепшыя былі апублікаваны на старонках «Чырвонкі. Чырвонай змены». Кожны творчы конкурс пазіцыянуецца найперш як прадастаўленне магчымасці паспрабаваць свае сілы тым маладым хлопцам і дзяўчатам, якія збіраюцца звязаць сваё далейшае жыццё з прафесіяй журналіста. Гэта абсалютна не азначае, што астатнім «дзверы зачынены», і публікацыі іншых удзельнікаў — таму пацвярджэнне. Але для паступлення на факультэт журналістыкі абавязкова патрэбны надрукаваныя работы, таму «Чырвонка. Чырвоная змена» і выступае спецыяльнай творчай пляцоўкай для такіх «проб пяра». Адпаведна, і планка нашага чарговага конкурсу «Я — малады. І мне не ўсё роўна!..» патрабавала ад патэнцыяльных аўтараў пры падрыхтоўцы сваіх работ выйсці за рамкі школьных рэфератаў і сачыненняў, паспытаць, скажам так, «журналісцкага хлеба».

І, думаецца, сваю задачу мы выканалі: з дванаццаці аўтараў апублікаваных матэрыялаў амаль усе збіраюцца звязаць сваё жыццё з журналістыкай. Шэсць з іх, выпускнікоў 11 класаў, будуць спрабаваць паступіць у Інстытут журналістыкі БДУ сёлета, літаральна праз некалькі тыдняў. Спадзяёмся, атрыманы досвед ім спатрэбіцца. Удачы!

Калі гаварыць пра геаграфічны складнік нашага чарговага конкурсу, варта адзначыць, што, як і летась, найбольшую актыўнасць праявілі маладыя аўтары з Маладзечна. Тамтэйшы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» ужо без перабольшвання можна называць кузняй юных талентаў. Так трымаць!

За што хацелася б пакрытыкаваць многіх аўтараў і тых з дарослых, хто ім дапамагаў, дык гэта за няўважлівасць да ўмоў конкурсу. Некаторыя, нават тыя, хто ўжо раней дасылаў свае «пробы пяра» і з кім мы размаўлялі па тэлефоне, «ігралі не па нотах»: работы не адпавядалі назве творчага спаборніцтва, не хапала патрэбных пашпартных звестак аўтараў, не пазначаліся клас і ўзрост і г.д. Насуперак правілам дасылалі нам і матэрыялы на рускай мове, вершы. Адной з асноўных тэм аўтарскіх работ ужо каторы год запар (незалежна ад назвы конкурсу) з'яўляецца стаўленне маладых людзей да роднай мовы. Вельмі добра, што іх хвалюе гэтае пытанне, што яны самі імкнуцца размаўляць па-беларуску, што апошнім часам стала адмысловым трэндам. Але мала каму ўдалося напісаць па-сапраўднаму журналісцкі матэрыял на гэтую тэму, паколькі аднаго толькі юнацкага максімалізму і патэтычнага экскурсу ў гісторыю недастаткова. Любую праблему трэба разглядаць усебакова, прыводзіць розныя пункты погляду. Варта таксама адзначыць, што па завядзёнцы ўдзельнікі конкурсу «доўга запрагалі», а потым «хутка паехалі»: першыя вартыя «пробы пяра» мы змаглі надрукаваць толькі ў пачатку года, а бліжэй да заканчэння тэрмінаў прыёму матэрыялаў юнкары па традыцыі «закідалі» нас імі, некаторыя аўтары ўвогуле не ўпісаліся ў адведзены час.

Але досыць крытыкі! Як мы заўсёды сцвярджаем, у нашых творчых конкурсах прайграўшых няма! Нават калі не надрукавалі работу аўтара, ён усё роўна атрымаў карысны досвед, галоўнае — зрабіць патрэбныя высновы. Пераможцам жа можна лічыць кожнага, чыя «проба пяра» з'явілася на старонках выдання, прайшоўшы праз сіта адбору з боку прафесійных журналістаў. Сярод гэтых творчых заявак калектыўным галасаваннем былі адабраны найлепшыя. Такім чынам, пераможцамі творчага конкурсу для маладых і юных няштатных аўтараў «Я — малады. І мне не ўсё роўна!..» становяцца... Імі становяцца... Увага! Аркестр, туш!

Першая пераможца — Юлія Стрыга, выпускніца 11 класа Лебедзеўскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна. Выхаванка вышэйзгаданага «Маладзіка», удзельніца леташняга творчага конкурсу «Чырвонкі. Чырвонай змены» «Мы — такія!..» На сёлетні дзяўчына даслала тры работы, усе яны былі надрукаваны. Гэта матэрыялы «Сакаўшчына — боль і памяць» (12.03.2015), «Мы ў нечым падобныя на нашых герояў» (23.04.2015) і «Велабайкер з душою творцы» (21.05.2015). Юля стала адной з пераможцаў не за колькасць творчых работ, а за іх якасць, за выбар цікавых тэм. Дзяўчына паказала, што да пастаўленай мэты — мары аб прафесіі журналіста — трэба ісці ўпэўнена.

Прадстаўляем наступную пераможцу. Гэта выпускніца 11 класа Ліцэя БДУ Лізавета Карповіч. Яна ўшанавана ганаровай граматай за матэрыял «Пра што маўчыць Афрыка?» (09.04.2015). Цікава, што па выніках леташняга конкурсу «Чырвонкі. Чырвонай змены» адной з пераможцаў была... менавіта Лізавета. Цалкам заслужана яна перамагла і цяпер.

Трэці пераможца нашага конкурсу — выпускнік 11 класа Ліцэя БДУ Віктар Есін. Ацэнена яго творчая работа «Аўтарская песня як спосаб жыцця» (23.04.2015 г.). У творчым спаборніцтве юных і маладых няштатных аўтараў «Чырвонкі. Чырвонай змены» юнак удзельнічаў упершыню, але, як відаць, гэты дэбют стаў удалым.

Дарэчы, стварылася цікавая сітуацыя. Летась пераможцамі конкурсу сталі прадстаўніцы з Маладзечна і з Ліцэя БДУ. Сёлета атрымалася тое ж самае, толькі замест двух пераможцаў былі выбраны тры, прычым адзін — юнак. Зычым, каб ваша мара аб паступленні ў Інстытут журналістыкі БДУ здзейснілася!

Усе пераможцы па традыцыі атрымалі рэкамендацыі для паступлення на журфак ад газеты «Звязда», ганаровыя граматы і каштоўныя сувеніры з сімволікай старэйшага і адзінага беларускамоўнага штодзённага выдання краіны. Віншуем!

Сяргей РАСОЛЬКА. rs@zviazda.by
Надзея НІКАЛАЕВА. nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.